Беларускі ПЭН далучаецца да Дня салідарнасці з палітвязнямі ў Беларусі
2022-05-21 13:39
Паэт, перакладчык, літаратуразнаўца Андрэй Хадановіч чытае свой верш, прысвечаны Аляксандру Фядуту – і многім іншым... "Я хацеў бы спаткацца з вамі на волі
ў ціхі вечар, яшчэ да Калядаў.
З парку горкага пекла – не шчэрыцца болей
трыдзявятае кола агляду.
Новым імем віталі б знаёмую плошчу
на шляху да знаёмага бара.
Вашым жартам і смеху наперад зайздрошчу,
бо ўсміхацца зноў будзе да твару.
За сталом бы прасветленым сейбітам
шчодра сыпалі мудрасць і веліч.
Анекдот заплятаўся ў эсэй бы там…
Цар-царэвіч… пароль Караткевіч…
А на плошчы, падобнай да Плошчы Свабоды,
новым вершам, падобным да верша,
праспявалі б усё, чаго праглі заўсёды, –
што яшчэ праспяваем…
Цяпер жа –
лістапад замятае паштовыя скрыні,
ліст заблытаўся ў павуціне…
Дождж на вейках, над скронямі леташні іней…
Я пішу затрыманай краіне".