Беларускі ПЭН заявіў пра узмацненьне русыфікацыі ў Беларусі пасьля 2020 году
2024-01-03 20:31
Русыфікацыя «не зьяўляецца новай для Беларусі пагрозай, мы можам гаварыць аб пэўным узмацненьні і паскарэньні гэтага працэсу пасьля падзеяў 2020 года», гаворыцца ў аналітычным аглядзе Беларускага ПЭНу, прысьвечаным уплыву «рускага сьвету» на беларускую культуру.
Тэкст аналізу «базуецца на аснове публічнай інфармацыі са СМІ (незалежныя і дзяржаўныя крыніцы), якая трапіла ў поле зроку маніторынгавай групы Беларускага ПЭНу ў працэсе фіксацыі парушэньняў у культурным сэктары краіны ў 2022–2023 гадах»,
паведамляе «Позірк».
Арганізацыя адзначае, што «адзін з асноўных удараў інтэграцыі з Расеяй» прыпадае на культуру Беларусі. Краіны падпісваюць «шматлікія «дарожныя карты» супрацоўніцтва ў гэтай сфэры: «паміж Менскам і Мурманскам, Менскам і Санкт-Пецярбургам, Магілёўскай вобласьцю і Бранскай вобласьцю, Беларусьсю і Растоўскай, Новасыбірскай абласьцямі, Татарстанам і г.д».
«Адпаведна, расьце колькасьць пагадненьняў аб супрацоўніцтве паміж музэямі, тэатрамі, Дамамі творчасьці і іншымі ўстановамі культуры і адукацыі. Праводзяцца Дні Саюзнай дзяржавы, Дні культуры Расіі ў Беларусі, Татарстана ў Беларусі, Пскоўскай вобласьці ў Віцебску, Санкт-Пецярбурга ў Менску і да т.п. мерапрыемствы», — адзначаецца ў дакумэнце.