Беларусы прыгадваюць ахвяр сталінскіх рэпрэсій
2023-10-29 21:10
У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў Мінску былі расстраляныя больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі і нацыянальнай эліты. Гэта дата ўвайшла ў гісторыю краіны як «Ноч расстраляных паэтаў».
Сярод расстраляных былі 22 літаратары: паэты, празаікі, перакладчыкі, крытыкі. Найстарэйшаму з забітых камуністамі, празаіку і публіцысту Янку Нёманскаму, споўнілася 47 гадоў, а сярод самых маладых былі паэт і перакладчык Юлі Таўбін (26 гадоў), літаратурны крытык Пятро Хатулёў (25), пэдагог і школьны настаўнік Іван Жылуцкі (25).
На працягу многіх гадоў жалобныя акцыі праходзілі ў месцы масавай згубы ва ўрочышчы Курапаты пад Мінскам. Цяпер яго наведванне нават у звычайны дзень можа абярнуцца арыштам.
Упершыню аб тым, што НКУС праводзіў у Курапатах масавыя расстрэлы, стала шырока вядома 3 чэрвеня 1988 года – пасля выхаду артыкула Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты: дарога смерці». Па розных ацэнках, у 1937-1941 гадах ва ўрочышчы былі забітыя і пахаваныя ад 30 да 250 тысяч чалавек: беларусаў, палякаў, габрэяў, літоўцаў і рускіх. Пасля прыходу да ўлады ў Аляксандра Лукашэнкі Курапаты сталі апаганьвацца на дзяржаўным узроўні.
Сёлета жалобныя мерапрыемствы з нагоды «Ночы растраляных паэтаў» запланаваныя ў 12 краінах свету, а таксама онлайн, у тым ліку, у Бельгіі, Бразіліі, Грузіі, ЗША, Літве, Нямеччыне, Польшчы.
эж