Беларусы Вільні збіраюць подпісы ў абарону магчымасці навучаць дзяцей па-беларуску
2026-01-26 16:23
На мінулым тыдні віцэ-мэр Вільні сп. Вітаўтас Міталас (Vytautas Mitalas) падзяліўся ў сваім акаўнце ў Facebook інфармацыяй аб тым, што ён накіраваў на разгляд Гарадской радзе г. Вільня прапанову аб тым, каб дзеці «новых» мігрантаў з трэціх краін (не ЕЗ) у Вільні маглі паступаць на ўзроўні пачатковай адукацыі толькі ў школы з літоўскай мовай выкладання. Дадзеная мера можа непасрэдна закрануць дзяцей беларусаў з часовымі і сталымі дазволамі на жыхарства. Рашэнне можа быць прынятае ўжо 28 студзеня.
У сувязі з гэтым Асацыяцыя беларускіх бацькоў Літвы падрыхтавала адкрыты ліст да муніцыпалітэта горада Вільня. Са зместам можна азнаёміцца тут:
На беларускай мове
На літоўскай мове
Аўтары звароту звяртаюць увагу на тое, што «пасля падзей 2020 года ў Беларусі і пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны ў 2022 годзе многія беларусы свядома павярнуліся да беларускай мовы як ключавога нацыянальнага маркера, які адрознівае нас ад іншых нацый і, перадусім, ад Расіі. Сёння ў Літве жыве значная колькасць беларускіх сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей на беларускай мове або хочуць, каб іх дзеці навучаліся менавіта на беларускай мове, адначасова вывучаючы літоўскую мову і інтэгруючыся ў літоўскае грамадства».
Гэта асабліва важна ва ўмовах, калі ў самой Беларусі «колькасць беларускамоўных школ імкліва скарачаецца, а абсалютная большасць дзяцей навучаецца на расейскай мове ва ўмовах сістэмнай русіфікацыі», адзначаюць аўтары звароту і просяць Віленскую гарадскую Раду «разгледзець магчымасць выключэнняў і захаваць права выбару для дзяцей беларускіх мігрантаў — навучанне альбо на літоўскай мове, альбо на беларускай мове ў гімназіі імя Францыска Скарыны ў Вільні».
Асацыяцыя беларускіх бацькоў у Літве заклікае падтрымаць ініцыятыву і пакінуць свой
подпіс па спасылцы.