Беларусы з Польшчы знайшлі падчас Другой сусветнай вайны прытулак ва ўсходняй Афрыцы
2022-04-23 16:13
Чацвёрты раздзел кнігі Юрыя Грыбоўскага W kraju i na obczyźnie. Kapelani wojskowi wyznania prawosławnego w armii II Rzeczypospolitej i Polskich Siłach Zbrojnych na Zachodzie з'яўляецца біяграфіяй айца Міхаіла Бажар’янава.
У Выдавецтвах Варшаўскага ўніверсітэта выйшла кніга вядомага польскага гісторыка, даследчыка гісторыі Беларусі і Польшчы перыяду Другой сусветнай вайны і эміграцыі, выкладчыка Варшаўскага ўніверсітэта беларусазнаўца Юрыя Грыбоўскага пра праваслаўных свяшчэннікаў — капеланаў у Войску Польскім: W kraju i na obczyźnie. Kapelani wojskowi wyznania prawosławnego w armii II Rzeczypospolitej i Polskich Siłach Zbrojnych na Zachodzie («На радзіме і на чужыне. Вайсковыя капеланы праваслаўнага веравызнання ў арміі ІІ Рэспублікі Польшча і Польскіх узброеных сілах на Захадзе»). У манаграфіі прадстаўлены нарысы жыцця і дзейнасці праваслаўных свяшчэннікаў — капеланаў у Войску Польскім з 1919 да 1949 г.
Юры Грыбоўскі: — На прыкладзе лёсу свяшчэннікаў можна прасачыць гісторыю польскага праваслаўя ў ХХ стагоддзі. Біяграфіі капеланаў наглядна дэманструюць складаныя рэаліі, у якіх прыйшлося жыць і працаваць духавенству.
У даваенны перыяд узаемаадносіны паміж польскай дзяржавай і Праваслаўнай царквой былі вельмі складаныя і неадназначныя. У гады Другой сусветнай вайны праваслаўныя грамадзяне Польшчы, пераважна ўкраінцы і беларусы, неслі разам з палякамі цяжар адказнасці за лёс дзяржавы.
Нягледзячы на тое, што большасць праваслаўных капеланаў не з'яўляліся палякамі па нацыянальнасці (сярод іх пераважалі ўкраінцы, а таксама рускія і беларусы), яны годна выканалі свой грамадзянскі абавязак у адносінах да сваёй дзяржавы. Яны таксама былі ўзорнымі пастырамі сваёй Мацеры-Царквы: верна служылі польскай дзяржаве і Праваслаўнай царкве ў перыяд цяжкіх выпрабаванняў.
Чацвёрты раздзел кнігі Юрыя Грыбоўскага W kraju i na obczyźnie. Kapelani wojskowi wyznania prawosławnego w armii II Rzeczypospolitej i Polskich Siłach Zbrojnych na Zachodzie з'яўляецца біяграфіяй айца Міхаіла Бажар’янава.
Юры Грыбоўскі: — Міхаіл Бажар’янаў стаў капеланам ваенных бежанцаў у Іране і ўсходняй Афрыцы. Асоба гэтага свяшчэнніка ўжо была прадметам даследаванняў у Польшчы і за мяжой, але ў маёй кнізе ўпершыню прадстаўлена найбольш поўная яго біяграфія на фоне лёсу беларусаў, а таксама ўкраінцаў, якія аселі ва ўсходняй Афрыцы.
Апошняя, пятая, глава манаграфіі варшаўскага вучонага прысвечана жыццю і дзейнасці епіскапа Матфея (Канстанціна Сямашкі), які прайшоў шлях духоўнага пастыра ад прыходскага свяшчэнніка і капелана да іерарха Польскай аўтакефалькай праваслаўнай царквы і кіраўніка Польскай праваслаўнай царквы ў эміграцыі (у Вялікабрытаніі).
Віктар Корбут
Слухайце аўдыё