- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Перад тым, як разгарнуць паэтычны зборнічак Жэні Мартынюк пад назваю “Белы гарлачык”, не ўтрымаешся, каб хвілінку не палюбавацца на выяву кветкі на вокладцы. Сярод халоднага колеру вады ў аздобе абыякава-безаблічных талерак лісьцяў асабліва выразна бачыцца адзінокая прыгажосьць чысьцюткіх пялёсткаў безабароннага белага гарлачыка, што пакорліва гайдаецца-трапечацца на хвалях, падуладны зьменлівым настроям капрызьлівага ветрыку… Кампазіцыйна кніжка складаецца з трох частак. У першай акварэльнымі фарбамі пастэльных таноў выканала мастачка эцюд сьвету сваіх пачуцьцяў. Тут інтанацыі пераважнай большасьці вершаў журботныя і песімістычныя. Гэта чуйнае рэха жаночых расчараваньняў, страта колішніх спадзяваньняў… Відавочны лейтматыў зборніка – сумная рэфлексія пра кволасьць чалавечых адносінаў, інтуітыўнае прадчуваньне блізкай зімы каханьня. Менавіта гэты мінорны настрой агучвае радкі самотнай музыкай жалейкі, ахутвае тонкай лірычнай меланхоліяй… (Лада Алейнік, Дзеяслоў)