«Няхай сабраныя тут аповеды беларускіх актывістак гучаць, як дзікія галасы белага спеву. Яны павінны быць пачутыя — як урок, як папярэджанне і прызнанне. Не ў апошнюю чаргу яны сведчанне надзеі». Піша ў сваёй кнізе «Белы спеў: Мужныя жанчыны беларускай рэвалюцыі» пісьменніца і літаратуразнаўца Дарота Данелевіч. Ці атрымалася ў аўтаркі перадаць характар беларускай рэвалюцыі? Якімі яна бачыць беларускія пратэсты і гераінь гэтых пратэстаў? Прачыталі кнігу Дароты Данелевіч і дзелімся ўражаннямі.
Дарота Данелевіч — пісьменніца і літаратуразнаўца, працавала журналісткай на радыё RBB (Берлін) і берлінскай карэспандэнткай Radio France Internationale. Жыве ў Берліне.
Кніга
«Белы спеў: Мужныя жанчыны беларускай рэвалюцыі» выйшла ў нямецкім выдавецтве Europa Verlag у 2022 годзе і працягнула невялічкі шэраг выданняў, прысвечаных беларускай рэваюцыі: Die Frauen von Belarus Аліс Бота, У рэвалюцыі жаночы твар Вольгі Шпарагі, Die weißen Tage von Minsk Віталя Алексяёнка, Revolution der Geduld. Eine belarussische Bricolage» Генрыха Кіршбаўма (апошняя кніга даступная і ў беларускім перакладзе пад назвай «Беларускі брыкалаж»).
10 партрэтаў у адной кнізе
У кнізе прадстаўлены партрэты дзесяці жанчын, якія ўдзельнічалі ў падзеях 2020 года і былі вымушаны з’ехаць з Беларусі. Аповеды максімальна шчырыя і асабістыя, пры гэтым слова маюць не толькі лідаркі нацыі. Гераіні кнігі — прадстаўніцы розных пакаленняў: студэнткі і дарослыя жанчыны, дочкі і маці, але ўсе без выключэння выдатна адукаваныя, паспяховыя і крэатыўныя.
Усе часткі гэтай кнігі складаюць адзін вялікі дакументальны аповед, які ўскрывае механізмы дзяржаўнага кіравання і падаўлення волі беларусаў.
Напісаная для нямецкага чытача, кніга дае даволі падрабязнае ўяўленне пра розныя аспекты беларускага пратэсту. Інтэрв’ю з журналісткамі Ірынай Новік і Наталляй Лубнеўскай сведчаць пра тое, у якіх умовах працуюць у Беларусі незалежныя СМІ.
У інтэрв’ю з Маргарытай Шышай і Дыянай Ігнатковай, былымі студэнткамі Гарадзенскага ўніверсітэта Янкі Купалы і Беларускага ўніверсітэта культуры, даведваемся знутры пра дзейнасць студэнцкіх аб’яднанняў і механізмы ціску на студэнтаў. Абмежаваныя магчымасці незалежнага назірання засведчылі Вольга Вялічка і Дыяна Ігнаткова. Іна Т. падрабязна рэканструюе жорсткае абыходжанне з затрыманымі пасля аднаго з маршаў. Сёстры Надзея Сцепанцова і Жана Захаркевіч перажылі ілжэсведчанне міліцыянераў і ўцёкі праз балота ў суседнюю краіну. Пра збор подпісаў і лёс паплечнікаў Сяргея Ціханоўскага распавядае на прыкладзе Змітра Фурманава яго жонка (на момант падзей — нявеста) Вольга. На прыкладзе Вольгі Кавальковай незнаёмы з беларускай палітыкай чытач зразумее, наколькі абмежаваныя магчымасці прафесійных палітыкаў у Беларусі і іх уплыў на падзеі. «Людзі выйшлі на вуліцы, а мы, лідары і лідаркі, пайшлі за імі» (стар. 19), — кажа Вольга.
Непарадны бок беларускай рэвалюцыі
Мы бачым не толькі парадны твар рэвалюцыі, але і яе адваротны бок — цану, якую кожная з гераінь мусіла заплаціць за свае перакананні. І эміграцыя — не самае горшае з выпрабаванняў. Да яе трэба дадаць непаразуменне з блізкімі, здраду, мобінг на працы, страчаныя бізнесы, паламаныя кар’еры і лёсы, а ў выпадку з Вольгай Вялічкай — стваральніцай і кіраўніцай хоспіса ў Гародні — яшчэ і сотні людзей, якія недаатрымаюць сваёй дапамогі.
Непарадны бок рэвалюцыі — гэта і фізіялагічныя выпрабаванні падчас арышту, пра якія шчыра распавядае адна з гераінь, і шматлікія спробы дагрукацца да людзей па той бок барыкад — амапаўцаў, канваіраў і турэмных наглядальнікаў, у якіх гераіні кнігі, нягледзячы ні на што, бачаць людзей і грамадзянаў.
Цяжкасці ў няволі часткова кампенсуюцца паўсюднай чалавечай падтрымкай: гераінь кнігі бясплатна падвозіць таксоўшчык (у Польшчы), частуюць кавай (у Гродне) і аплочваюць набытыя прадукты ў супермаркеце (у Вільні).
Усе інтэв’ю запісаны ў даволі ранні перыяд беларускіх рэпрэсій, і большасць гераінь, на шчасце, былі арыштаваныя толькі на кароткія тэрміны (безумоўна, нават гэтыя кароткія тэрміны не маюць апраўдання). Калі б кніга пісалася ў 2024-м, тэрміны былі б зусім іншыя. Зрэшты, дзве гераіні кнігі — сёстры Надзея Сцепанцова і Жана Захаркевіч — акурат у жніўні 2024-га завочна атрымалі яшчэ адзін прысуд — 4 гады турмы кожнай за так званае садзейнічанне экстрэмізму. У тым жа месяцы Вольга Вялічка завочна атрымала прысуд 9 гадоў пазбаўлення волі. Вользе Кавальковай завочна прысудзілі 12 гадоў калоніі яшчэ ў 2023-м.
Ці быў гэта жаночы пратэст
Падзагаловак кнігі абазначае жаночы характар беларускага пратэсту, аднак на пытанне, ці быў гэта жаночы пратэст, аўтарка атрымлівае адказ, што гэта вельмі прыгожы наратыў, але трэба думаць, як выкарыстаць яго для будучыні і для нашых дзяцей: магчыма, мы маем шанец упісаць фемінізм у будучую беларускую канстытуцыю (Вольга Вялічка). Вольга падкрэсліла, што пратэст у Беларусі ўсё ж не толькі жаночы: «Нашы мужчыны (змагаюцца) поплеч з намі, мы падтрымліваем адно аднаго».
Як паказаны экскурсы ў гісторыю
Дарота Данелевіч нарадзілася і да паўналецця жыла ў Польшчы, і культурна-гістарычныя рэаліі яны тлумачыць нямецкім чытачам, сыходзячы са свайго бэкграўнду. Так у частцы гістарычнага кантэксту гэтай кнігі з’яўляецца польскі акцэнт. Адам Міцкевіч, па кнізе якога спрабуе вывучыць польскую мову адна з гераінь, атрымліваецца польскім аўтарам, які вучыўся ў Вільні. А «Наша Ніва» нараджаецца ў «тады польскай Вільні».
Некаторыя экскурсы ў гісторыю атрымліваюцца трошкі няскладнымі, недакладнымі ці міфалагізаванымі. Напрыклад, пра бел-чырвона-белы сцяг гаворыцца, што сімвалічны характар ён набыў пасля камуністычнага путча 1919 г. і выкарыстоўваўся ў часе паміж войнамі «ў польскай эміграцыі ў Празе» (ст. 45), а складанасць пераходу літоўскіх балот тлумачыцца зусім міфічна: маўляў, гэта тыя самыя балаты, што не далі крыжакам прасунуцца на Усход.
Але экскурс пра гісторыю беларускага супраціву ў Другую сусветную вайну атрымаўся дастаткова вычарпальным, каб патлумачыць паўстанне прапагандысцкага наратыву пра беларускую сімволіку як нацыяналістычную.
Гісторыі жанчын-суразмоўніц: увага да дэталяў і некаторыя недакладнасці
Затое гісторыі жанчын-суразмоўніц запісаныя з максімальнай увагай да дэталяў, і некаторыя недакладнасці (ці, магчыма, непаразуменні) у перадачы рэалій не адмяняюць значнасці гэтага дакумента.
Так, у Мінску з’яўляецца Кальварыйскі раён, «хімія», як і калонія, называецца «працоўным лагерам» (шчаслівыя людзі, што не ведаюць розніцы паміж мерамі пакарання), а перапіс асабістых рэчаў затрыманых пасля аднаго з маршаў праводзяць у нейкай залі для мерапрыемстваў у цэнтры горада, і аўтарка выказвае меркаванне, што гэта заля ў плямах крыві ведала ў лепшыя часы і пах жаночай парфумы. Насамрэч гэта, хутчэй за ўсё, была актавая заля аднаго з РАУС. Дзве знакамітыя турмы называюцца амаль жаночымі імёнамі — «Акрэсціна» і «Жодзіна», губляючы па дарозе свае прыназоўнікі. Што праўда, па ходу некаторыя назвы выпраўляюцца, расповед набывае ўсё больш дыферэнцыраванасці.
Імёны таксама нават у межах аднаго партрэта і нават адной асобы могуць вар’іравацца і прыводзіцца ў транслітарацыі то з рускай, то з беларускай моваў. Гэта пытанне хутчэй датычыць рэдактуры і той агульнай культуры ведаў пра нашу краіну, якой не стае нямецкім рэдактарам і выдавецтвам.
Адкуль назва «Белы спеў»
Назва кнігі ўводзіць у зман: на вокладцы бачым спяваючых жанчын, аднак у самой кнізе спяваюць толькі аднойчы студэнты Гарадзенскага ўніверсітэта. У назву ж вынесены «белы спеў» — тэхніка гарлавога спеву, у прыватнасці, распаўсюджаная на Палессі. Гэты тэрмін збольшага вядомы толькі мастацтвазнаўцам, і ніхто з суразмоўніц не абапіраўся на яго або наогул на спевы для вызначэння сваго ўдзелу ў пратэстах.
У прадмове аўтарка піша: «Так званы белы спеў — гэта старая, народная тэхніка спеву ўсходнееўрапейскіх жанчын, якая дазваляе асаблівым спосабам выразіць пачуцці». Далей гаворыцца, што гэта тэхніка перажывае своасаблівы рэнесанс, перадусім у Літве і Польшчы. «Няхай сабраныя тут аповеды беларускіх актывістак гучаць, як дзікія галасы белага спеву. Яны павінны быць пачутыя — як урок, як папярэджанне і прызнанне. Не ў апошнюю чаргу яны сведчанне надзеі».
Відаць, назва ўзнікла ў тым ліку як спроба ўгадаць, як будзе звацца беларускае паўстанне ў будучых падручніках гісторыі, а таксама патрафіць уяўленням нямецкіх чытачоў, якіх зачапілі выявы белай дзявочай рэвалюцыі, што на кароткі момант запаланілі ўсе экраны ў 2020-м. На шчасце, пад вокладкай адкрываецца нашмат больш складаная і рэалістычная карціна падзей.
Ці магчыма наогул распавесці пра гэты досвед, не спрашчаючы? Ці разрыў паміж тым, як гатовыя нас бачыць іншыя, і тым, што ёсць насамрэч, пакуль не дапускае менш экспартнага варыянту назвы?
Пра немагчымасць называння беларускай рэвалюцыі піша ў сваёй кнізе і Генрых Кіршбаўм: «Потым, задняй датай яно з’явіцца, ідыяматызуецца, прыжывецца ў падручніках. Але пакуль каштоўная менавіта гэтая безыменнасць. Імя задало б татальнасць і фатальнасць».
І калі Генрых Кіршбаўм мае рацыю і падзеі ў Беларусі — гэта рух суб’ектывацыі, тым больш варта шукаць адказаў у словах саміх гераінь. Інакш, выяўляецца, за іх прамаўляюць іншыя?
Бо калі называць гэту кнігу словамі яе гераінь, то яна магла б называцца «Пячэнне «Экстрэмістка»». Гэта адзін з самых яркіх вобразаў, які сустракаецца ў кнізе. Ірыну Новік вязуць у бусіку ў аддзяленне, па дарозе міліцыянер скардзіцца ёй, што не мае да яе дачынення, што яго праца — п’яніцы і дэбашыры, якіх ён афармляе па чарзе, як касірка ў супермаркеце (стар. 51). Ірына разумее: яна — пачак пячэння на касе, якую адсканавалі пад кодам «экстрэмістка» і адправілі на адпаведны канвеер.
Кніга, безумоўна, ёсць важным дакументам і сведчаннем пра змаганне, якое яшчэ не скончылася, пра дзяржаўныя рэпрэсіі і надзеі беларусак.
Калі вы дачыталі да гэтага месца і калі вы ў Вільні, то не забудзьцеся завітаць у прастору «Кропка» (Savičiaus g. 6) і выпіць кавы ў
Вольгі і Змітра Фурманавых, а таксама пагартаць гэтую кнігу.
В. Д., Budzma.org