Эмігрантка стварыла беларускую бібліятэку ў польскай Познані, маючы толькі дзесяць кніг. Яна працуе без заробку і грантаў, працягвае набываць кнігі за свой кошт і ўдзячна ўсім, хто ахвяруе для бібліятэкі беларускія выданні. З ёй паразмаўляў карэспандэнт Беларуская служба Польскага радыё.
Карэспандэнт: Спадарыня Наталля, давайце ўзгадаем, як у вас нарадзілася ідэя стварэння беларускай бібліятэкі ў эміграцыі і, наогул, з чаго ўсё пачыналася.
Спадарыня Наталля: Гэта было крыху больш за два гады таму. Калі мы выязджалі ў эміграцыю, узялі з сабой толькі дзіцячыя кнігі, каб нашы дзеці не забывалі родную мову. А потым я зразумела, што гэта патрэбна не толькі маёй сям’і. Мы пазнаёміліся яшчэ з адным чалавекам, які меў сваю невялікую бібліятэку. Аб’ядналіся — і з таго часу наш бібліятэчны фонд пачаў папаўняцца.
Карэспандэнт: А як чытачы пачалі знаходзіць вас?
Спадарыня Наталля: Два гады таму мы стварылі Telegram-канал, дзе я апісваю кнігі, якія з’яўляюцца ў бібліятэцы. Спачатку ўсе кнігі стаялі ў мяне дома, і я пра кожную пісала ў канале. Так паступова з’явіліся падпісчыкі. У беларускай суполцы ўсе пра нас хутка даведаліся, а летась на фестывалі «Прадмова» мы прэзентавалі бібліятэку. І вось так паціху развіваемся.
Карэспандэнт: А памятаеце, хто быў вашым першым чытачом?
Спадарыня Наталля: Не, на жаль, не памятаю.
Карэспандэнт: Як наогул бралі кнігі: актыўна ці больш спакойна?
Спадарыня Наталля: Канешне, спакойна. Я і раней ніколі не бачыла чэргаў у бібліятэку. У нас няма ажыятажу, але ёсць пастаянныя чытачы, бываюць і выпадковыя. Зараз у нас каля шасцідзесяці чытачоў.
Карэспандэнт: Што датычыць кніжнага фонду — наколькі ён разнастайны і што найбольш цікавіць людзей?
Спадарыня Наталля: Я пачынала, маючы толькі 10 кніг. Цяпер у нашай бібліятэцы 260 выданняў. Спачатку гэта былі дзіцячыя кнігі, якія я прывезла з дому. Потым мой калега падзяліўся класікай — Купалам, Коласам, Караткевічам. Людзі пачалі ахвяраваць кнігі, якія ўжо прачыталі. Так з’явіліся творы Ларысы Геніюш, Івана Шамякіна, Івана Мележа, Васіля Быкава. Мы таксама купляем навінкі. Маем поўны збор «Гары Потэра», усе кнігі «Уладара пярсцёнкаў», выданні серыі «Міфы», тры тамы «Беларускай нацыянальнай ідэі» ад «Еўрарадыё». Амаль усе новыя кнігі беларускіх выдавецтваў імкнёмся набыць.
Карэспандэнт: Вы маеце на ўвазе беларускія выдавецтвы ў эміграцыі?
Спадарыня Наталля: Так, безумоўна. Не на ўсё хапае сродкаў, але мы стараемся купіць самае цікавае. Часам чытачы, набыўшы новую кнігу, пасля перадаюць яе нам. Падчас «Прадмовы» летась у Познані шмат выдавецтваў зрабілі бібліятэцы падарункі. Асабліва шчодра дапамагала «Скарынапрэс».
Карэспандэнт: А за якія сродкі купляеце кнігі?
Спадарыня Наталля: За ўласныя. У мяне няма ні спонсараў, ні фондаў. Пісала заяўкі на гранты, але пакуль не атрымалася іх атрымаць. Таму купляю за свае грошы. І ўсе бібліятэчныя справы таксама вяду сама. Здаецца, што працы няшмат — кнігі стаяць на паліцах. Але трэба весці ўлік, бо кнігі часам знікаюць: чытачы забываюць іх вяртаць. Даводзіцца браць сшытак, правяраць, у каго якія кнігі, тэлефанаваць, пытацца, нагадваць. Прыблізна раз на два месяцы гэта роблю.
Карэспандэнт: А штрафы за пратэрміноўку не прадугледжаны?
Спадарыня Наталля: Не, штрафаў няма. Але «штрафнікі» ёсць — бывае, што трымаюць кнігу па году. Гэта стандартная бібліятэчная сітуацыя: хтосьці акуратна вяртае, а хтосьці забываецца.
Карэспандэнт: Якія кнігі найбольш папулярныя?
Спадарыня Наталля: Розныя. У нас у горадзе ёсць кніжны клуб, дзе абмяркоўваюць кнігі. І ўсе, пра якія там гавораць, у нас бяруць. Мы стараемся, каб яны былі даступныя. Цяпер, напрыклад, чытаюць «Слана» Сашы Філіпенкі. Няма кнігі, за якой стаяла б чарга. Вось нядаўна вярнулі
«Сабак Еўропы» Бахарэвіча і ўзялі Хэмінгуэя.
Карэспандэнт: У вас пераважна кнігі беларускіх аўтараў?
Спадарыня Наталля: Так, але таксама ёсць пераклады замежных аўтараў на беларускую. Ёсць і кнігі па-руску — калі няма магчымасці знайсці беларускі варыянт. Напрыклад, фантастыка «Прадаецца планета». Цікавая і дзецям, і дарослым. Падлеткам падабаецца. Я свайму падлетку дала «Каласы пад сярпом тваім», але гэта цяжкая кніга для дзіцяці. Я не хачу, каб яна чытала праз сілу — прыйдзе час, і яна яе прачытае. А пакуль няхай чытае тое, што цікава.
Карэспандэнт: На паліцах няма кніг на польскай мове. Чаму?
Спадарыня Наталля: Няма, і я не бачу патрэбы. Мы жывём у Польшчы — тут кнігі ў кожнай краме. У Познані ёсць шыкоўная бібліятэка імя Рачынскіх, куды я сама звяртаюся. Але ёсць польскія аўтары па-беларуску: Баляслаў Прус, Станіслаў Лем, Сяргей Пясецкі. Я лічу, што калі можаш чытаць у арыгінале — чытай у арыгінале.
Карэспандэнт: Якія планы далейшага развіцця бібліятэкі?
Спадарыня Наталля: Пакуль план толькі адзін — працягваць дзейнасць. Гэта займае шмат часу. Гэта праца, якая не аплачваецца і патрабуе грошай і сіл. Зараз бібліятэка знаходзіцца ў фондзе МІР — Migrant info Point, дзе нам выдзелілі месца. Гэта ў цэнтры горада, таму чытачам зручна, бо я жыву на ўскраіне. За гэта я ім вельмі ўдзячна. А далей я проста хачу спакойна існаваць: штомесяц з’яўляюцца новыя кнігі. Няма планаў на вялікія імпрэзы ці значнае пашырэнне — не хапае часу. Але мы будзем удзельнічаць у наступнай «Прадмове».
Карэспандэнт: Спадарыня Наталля, а вы пыталіся ў сябе: навошта ўсё гэта?
Спадарыня Наталля: Канешне, пыталася, і не раз. Вось сёння цягнула праз увесь горад сумку кніг — кілаграмаў пяць. Думаю: навошта гэта мне? Але, напэўна, у першую чаргу гэта патрэбна мне самой. Бывае, думаю, што літаратура нікому не патрэбная, але ведаю — яна патрэбная мне, маім дзецям. І пакуль я магу — буду гэта рабіць. Не будзе часу ці сродкаў — не буду. Але я дакладна ведаю: пакуль ёсць беларуская кніга, будзе жыць і беларуская мова, і беларуская культура. Калі гэтага не будзе — наступным пакаленням будзе значна цяжэй яе аднавіць.
Павел ЗАЛЕСКІ