Пасля перапынку ў восем месяцаў гродзенскі гісторык Яўген Аснарэўскі вярнуўся ў Facebook з анонсам новай кнігі. У ёй аўтар адкажа на 36 пытанняў па гісторыі ВКЛ і пастараецца ахапіць перыяд ад «паганскіх часоў Міндоўга да рэстаўрацыі праваслаўя ўжо пасля гібелі краіны». Вялікую ўвагу Аснарэўскі надаў жанчынам — аўтар абяцае распавесці «моцную гісторыю з уражальнымі цытатамі».
Кранальная гісторыя дзяўчыны-рабыні і хто з манархаў Літвы быў разумным
Навукова-папулярная кніга «36 пытанняў па гісторыі Вялікага княства Літоўскага» напісана па формуле пытанне-адказ. Па словах аўтара, ён імкнуўся «выдумаць больш арыгінальныя пытанні».
«Да прыкладу, я расказаў пра тое, хто з манархаў Літвы быў разумны, а хто не так каб вельмі», —
паведаміў у Facebook Аснарэўскі.
Ёсць у кнізе і «некаторыя вечныя пытанні». Напрыклад, ці захапілі літоўцы Навагрудак.
Вялікую ўвагу Аснарэўскі надаў ролі жанчын у гісторыі. Адзін з найдаўжэйшых адказаў у кнізе — адказ на пытанне «Як жылося жанчынам у ВКЛ?».
«І, мусіць, самая моцная гісторыя гэтай кнігі — гісторыя гродзенскай дзяўчыны-рабыні, якую я распавядаю з уражальнымі цытатамі з архіўнага дакумента».
Аснарэўскі шукае выдаўца: грошай не хоча, абы кніга выйшла
Аўтар лічыць, што выданне ўключае «найлепшыя фішкі» яго асобы.
«Тут ёсць дэканструкцыя ўстояных гістарычных міфаў, завочная палеміка з калегамі, і мае гіпотэзы, якія цалкам могуць быць цікавыя нават прафесійным гісторыкам, але таксама і яркія, напісаныя дастаткова лёгкай мовай, гісторыі, якія павінны спадабацца чытачам непрафесіяналам», — піша Аснарэўскі.
Аснарэўскі ўключыў у кнігу цытаты на падставе перакладзеных ім дакументаў. Сярод гістарыяграфічных крыніц, якімі карыстаўся аўтар, не толькі беларускія, але і літоўскія публікацыі.
«У кнізе плануецца плюс-мінус 50 ілюстрацый, у тым ліку рэдкія», — дадаў аўтар.
Кніга плануецца на дзвюх мовах: рускай і беларускай. Зараз Аснарэўскі шукае беларускіх выдаўцоў, якія возьмуцца за праект, дапамогуць у выданні і «дагрукаюцца менавіта да беларускай аўдыторыі».
Аніякіх грошаў аўтар не хоча. «Умова адна: выдаць маю кнігу ў прынцыпе і ва ўсталяваныя дамовай тэрміны».
Дзе прападаў Аснарэўскі
Знікненне Аснарэўскага з публічнай прасторы выклікала розныя версіі. У тым ліку гродзенцы дапускалі, што гісторыка маглі затрымаць сілавікі.
Па словах блогера, перапынак у дзейнасці на анлайн-пляцоўках быў выкліканы шэрагам сур’ёзных пытанняў.
«Пасля вырашэння пытанняў я свядома працягнуў перапынак. У мяне ўзнікла адчуванне, што Фэйсбучака стала неяк too much», —
напісаў Аснарэўскі ў Facebook.
Адным са штуршкоў да вяртання ў публічную прастору стала згадка краязнаўцы на форуме «Двач» (сайт з асобнымі галінамі абмеркаванняў на розныя тэмы, карыстаецца вялікай папулярнасцю ў рунэце).
«Калі „мэтр“ так добра набірае абароты са сваім навукпопам, то чаму не парабіць яшчэ кніг, пакуль у мяне ёсць ідэі, час і сілы. Для выдання кніг мне было неабавязкова вяртацца ў Фэйсбучак. Але я падумаў, што, верагодна, у ФБ ёсць людзі, якія рэальна жадаюць мяне чытаць», — распавёў Аснарэўскі.