«Боў і мерць у Хротне» — Беларускі Twin Peaks ад Камуніката
2025-05-02 23:30
Кніга Дзяніса Трусава «Боў і мерць у Хротне», якую толькі што выдаў Фонд Kamunikat.org, — гэта беларускі Twin Peaks і Silent Hill, пастмадэрнісцкі раман-пазл аб самасвядомасці і раскаянні, які даследуе тэму памежжа, гэта моўная прыгода і нечаканая науковая фантастыка з хрысціянскай і будыйскай падаплёкай, у якой перапляліся мовы і эпохі і ў якой галоўнаму герою трэба пазбавіцца ад уласнага трупа і ўспомніць назву краіны, з якой ён родам.
«Цікава, як жыццёвыя сюжэты ўтвараюць кола, як яны зноў і зноў перакрыжоўваюцца — часам без асаблівага сэнсу, часам са схаваным, неадразу зразумелым значэннем», — гаворыць Дзяніс Трусаў.
«Даўным-даўно ,— дадае аўтар кнігі «Боў і мерць у Хротне», — яшчэ ў маім "да-в'етнамскім" жыцці, я пазнаёміўся з Янам Леанчуком — паэтам з падаблудаўскіх Лубнік, чалавекам з гучнай манерай дэкламацыі і тонкім адчуваннем памежнага, падляшскага кантэксту. На той час ён быў дырэктарам Książnicy Podlaskiej у Беластоку, і нашыя сустрэчы ператвараліся ў доўгія гутаркі пра літаратуру, пра літаратурнае памежжа, пра беларускую, яўрэйскую і польскую спадчыну Гродзеншчыны і Беласточчыны. Нашыя творчыя шляхі былі зусім розныя: я — малады эксперыментатар, свайго роду панк у літаратуры, ён — удумлівы сузіральнік, які шукаў вечнае ў правінцыйным люстэрку Заблудава, спасцігаў няпросты падляшскі дзэн. І ўсё ж мы заўсёды разумелі адно аднаго.
Тады Książnica Podlaska месцілася побач з касцёлам Успення Найсвяцейшай Панны Марыі. Па дарозе з Гродна ў Штабін я часта спыняўся ў Беластоку, праходзіў ранішняй Ліповай вуліцай да самага яе канца — да рынку Касцюшкі, падымаўся на апошні паверх бібліятэкі на гарышчы. Мы сядалі за кубкам кавы, вялі гутаркі пра літаратуру, пра людзей, пра жыццё.
Я дагэтуль памятаю вазу з печывам і шакаладкамі, што стаяла ў кабінеце пана Яна. Нягледзячы на дыябет, ён не прыбіраў яе. З усмешкай казаў: «Мне нельга, дык хоць пагляджу, як іншыя ядуць». Я чытаў яму свае тэксты — на той момант у мяне было што паказаць: падборка вершаў на рускай і беларускай мовах, кароткая паэтычная проза. Пан Ян паціху перакладаў тое, што яму падабалася, на польскую, і неўзабаве ягоныя пераклады выйшлі ў першым нумары беластоцкага альманаха EPEA. Гэта была мая першая значная публікацыя за мяжой, і Беласток стаў для мяне своеасаблівымі дзвярыма ў вялікую літаратуру. Сёння гэты горад яшчэ мацней уплецены ў лёсы многіх гродзенцаў і беларусаў.
Але і для мяне ён зноў набывае асаблівае значэнне, — канстатуе
Дзяніс Трусаў, —
Фонд Kamunikat.org выдаў беларускую папяровую версію майго рамана «Боў і мерць у Хротне». Вельмі шкада, што пан Леанчук не дажыў да гэтага моманту. Мне здаецца, ён бы ацаніў гэтую памежную метафізічную закальцаванасць і быў бы за мяне рады».
Дзяніс Трусаў — паэт, музыка і празаік з Гародні. Нарадзіўся ў 1978 годзе.
Першыя публікацыі з’явіліся ў гарадзенскіх газетах «Моладзевы Кур’ер» і «Вечаровая Гародня». У 1996 годзе выйшла складанка вершаў ў брашурцы Гарадзенскага Універсітэта. Пасля заканчэння ўніверсітэта, у 2000 годзе, з’ехаў жыць і працаваць у Польшчу. У 2001 годзе вершы Трусава, перакладзеныя на польскую мову Янам Леанчуком, былі надрукаваны ў альманаху EPEA (Беласток).
Наступнай кнігай была складанка паэзіі пад псеўданімам Дзіна Мележ (Гародня, 2008). Потым у 2019 годзе ў выдавецтве "Галіяфы" выйшла складанка аповедаў «Про Мутю», а ў 2021 у тым жа выдавецтве была надрукавана кніга-складанка малой прозы (разам з музычным альбомам, даступным на старонках выдання ў выглядзе QR-кодаў) на беларускай мове пад назвай «Слоў моб».
У 2023 пад рэдакцыяй Георгія Барташа выйшаў раман
«Боў і мерць у Хротне» на рускай мове — як у папяровай версіі (Гародня, ЮрСа Прынт), гэтак і ў лічбавай (выдавецтва Логвінаў). У 2025 перапрацаваны тэкст раману выдадзены па беларуску у Беластоку Фондам Kamunikat.org.