- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
На зямлі мір... Эвангельле паводле Лукі гаворыць (2, 12— 14), што пастухом «зьявілася вялікае войска нябеснае, славячы Бога» і анёлы сьпявалі: «Слава на вышынях Богу, а на зямлі мір для людзей добрай волі». Але цяпер на зямлі няма міру, бо ня споўненыя ўмовы для міру: сьвет не дае «славы Богу» і ня мае ў сябе «добрай волі». Сапраўды, вера ў Бога аслабела — (атэізм і бязбожнасьць — у камуне, абыякавасьць — у капіталізьме) — і разам з тым падупала ў людзей «добрая воля»: запанаваў эгаізм і матэр'ялізм. У рэзультаце маем у наяўнасьці тры цяжкія зацягнутыя войны — Вьетнам, Нігерыя-Біяфра і жыдоўска-арабская... Апрача таго нямала ёсьць краёў, дзе людзі прыгнечаны дыктатурай, або дзе мацнейшыя суседзі адабралі слабейшым свабоду, або дзе капітал крыўдзіць беднякоў, як гэта дзеіцца ў Паўдз. Амэрыцы. А да ўсяго ліха яшчэ заіснаваў падзел сьвету на Усход і Захад, якія зброяцца ў аружжа, што пагражае загубай ўсяго жыцьця на сьвеце. Ды і тыя тры войны — гэта ёсьць арэна, на якой фактычна змагаюцца з сабой Усход і Захад: там ідзе ўкрытая канкурэнцыя між Амэрыкай і Савецкім Саюзам, што можа давесьці да выбуху вялізарнай 3-яй вайны — атамнай вайны — з усімі яе вынікамі, з сусьветнай катастрофай! Якія сілы ўпутаныя ў гэтую пагрозу? — Магутнасьць абедзьвюх старон і немагчымасьць згаварыцца, бо ідэалёгія адных і другіх разыходзіцца вельмі далёка. I тым страшней для сьвету, што вьграшэньне спрэчак знайшлося ў руках толькі двух асобаў: прэзыдэнта Амэрыкі і партыйнага сакратара Сав. Саюзу.