- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Аб зьяўленьні трох Божых мужоў Аўрааму згадваецца, калі паломнікі апынуцца каля славутага Мамврыйскага Дуба. Гэта на поўдзень ад Ерусаліму сярод велічных Іудзейскіх гораў на месцы колішніх дуброваў Мамрэ. Тады, калі Бог караў за распусту Садом і Гамору, за сорак кілёмэтраў ад Ерусаліму, недалёка ад Мёртвага мора пад засеньню лістоўніка таполі і дубоў, у шатрох жыў спакойна і аддаваў сябе малітве богашукальнік Аўраам. Гэта яму зьявіўся Госпадзь у выглядзе трох вандроўнікаў. А недалёка дубровы Мамрэ ад даўнейшых часоў быў і ёсьць цяпер слаўны і сьвяты для ўсіх трох веравызнаняў — мусульман, жыдоў і хрысьціянаў, — гарад Хэўрон, месца пакланеньня кажнага прававернага хаджы. Тут сем гадоў жыў і кіраваў дзяржаваю Давід. Тут над пячорай пахаваньня Аўраама, Інаака, Іякава і іхніх жонкаў узвышаецца цяпер велічная мячэць у 70 мэтраў удаўжыню і 38 ушыркі з мінарэтамі на кажным рагу моцных сьценаў. Калісьці гэта была вялікая царква сьв. царыцы Алены. Уніз, у пахавальную пячору Махпел, што была купленая Аўраамам за 400 сіклей срэбра у Эфрона Хэттэяніна, цяпер пушчаюць адно магамэтанскіх сьвятараў — імамаў. Але надмагільныя падпісы і пліты пахаваных патрыярхаў можна добра бачыць з паверху, даступнага ўсім. Агромністыя каменныя саркафагі пад дарагой шаўковай матэрыяй, зялёнай для мужчынаў і чырвонай для жонак, робяць вялікае ўражаньне на ўсіх. Места Хэўрон шануецца магамэтамі ня менын сьвятых для іх Мэккі і Мэдьшы. (У. Глыбінны, На Сьвятой Зямлі, фрагмэнт)