- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Фонд Kamunikat.org выдаў чарговую кнігу выдатнага беларускага пісьменніка, кандыдата да Нобелеўскай Прэм’і па літаратуры Васіля Быкава. Пад адной вокладкай выйшлі оповесці „Мёртвым не баліць” і „Ліквідацыя”. Галоўнае – творы выходзяць без цэнзурных куп’юраў.
І хаця ў Беларусі выйшлі яны ў такой форме ў 2014 годзе, то пазней – на дзіва – друкаваліся толькі з цэнзарскімі праўкамі. Атрымліваецца, кніга якая выйшла ў Беластоку, усяго толькі другое непадцэнзурнае выданне гэтых аповесцяў. Выпадак не такі ўжо часты для беларускай літаратуры — каб твор, хай сабе праз дзесяцігоддзі, але выйшаў без аніякага ўмяшальніцтва цэнзуры. І дагэтуль яшчэ ўнікальны ў лёсе аўтара «Мёртвым не баліць» і «Ліквідацыі».
А гэта адны з найбольш драматычных твораў Васіля Быкава. Драматычных не толькі па змесце, але і па лёсе. Калі аповесць «Мёртвым не баліць» знаходзілася пад забаронай амаль дваццаць гадоў, то «Ліквідацыі» пашанцавала больш: гэты твор, упершыню апублікаваны ў 1970 г., не быў забаронены. Аднак абедзве аповесці яднае тое, што спазналі амаль усе буйныя рэчы пісьменніка перыяду 1960-х — пачатку 1980-х гг. — яны былі выдатна знаёмыя з усюдыіснай савецкай цэнзарай. Так, калі ў «Ліквідацыі» менавіта з цэнзурных меркаванняў было зроблена блізу ста купюр, то ў «Мёртвым не баліць» — удвая больш. Гэтыя суадносіны зразумелыя: першы твор памерам меншы за другі.
Фонд Kamunikat.org, які летась да 100-годдзя з дня нараджэння Васіля Быкава выдаў аповесці „Бліндаж” і „Афганец”, сёлета працягваем знаёміць чытачоў з выдатнай беларускай літаратурай.
„Мы выдалі менавіта гэтыя аповесці таму, што яны і цяпер вельмі актуальныя – гаварыў у інтэрв’ю для Радыё Свабода кіраўнік Фонду Яраслаў Іванюк – Яны як і значная большасць твораў Васіля Быкава, апавядаюць ня толькі пра вайну (на жаль, гэта цяпер таксама надзённая тэма), але перш за ўсё пра чалавека і выпрабаванні ў экстрэмальных умовах. Сам Быкаў пісаў: «Аповесць „Ліквідацыя“ нарадзілася ня так „з галавы“, як з пачуцьцяў, што былі натхнёныя хутчэй не вайной, а нашай сучаснасцю». На той час быкаўская сучаснасць — гэта былі 60-я гады мінулага стагоддзя. Але ж біблейскі сюжэт пра Абэля і Каіна заўсёды актуальны”.