«Было жаданне рызыкнуць і праверыць»: Валянціна Андрэева — пра Gutenberg Publisher і падводныя камяні выдавецкай справы
2025-08-24 20:18
Попыт на беларускую кнігу за мяжой, на першы погляд, не змяншаецца: адкрываюцца новыя выдавецтвы, друкуецца шмат цікавай літаратуры. Пры гэтым выдаўцы наракаюць, што справы ідуць не найлепшым чынам.
REFORMATION вырашыў разабрацца ва ўнутраных механізмах выдавецкай справы ў эміграцыі і звярнуўся да Валянціны Андрэевай — галоўнай рэдактаркі выдавецтва Gutenberg Publisher, размешчанага ў Кракаве. Нядаўна яны распачалі новую серыю дзіцячых выданняў «Чытаю сабе сам» і праект перавыдання класікі «Акно ў прозу», пераклалі нашумелы раман Сашы Філіпенкі «Слон», а ў ліпені надрукавалі сем кніг. Яны таксама выпускаюць настольныя гульні, мапы і падарункі. Адкрылі клуб пры выдавецтве, дзе праводзяць лекцыі па гісторыі і літаратуры.
Распыталі Валянціну Андрэеву пра тонкасці вытворчага працэсу, выдавецкія правалы і амбіцыі.
Заснавальнікі выдавецтва Gutenberg Publisher: Андрэй Бандарэнка, Валянціна Андрэева, Ілля Андрэеў. Фота: Юлія Рай
Пачатак
— Як вы асабіста прыйшлі да выдавецкай справы?
— Кніжкі заўжды былі маім грунтам, найлепшай забавай і дарагімі сябрамі. Калі заканчвала адзінаццаты клас, у дапаможніку для абітурыентаў убачыла спецыяльнасць «Выдавецкая справа». Гэта было здзяйсненне ўсіх маіх мараў. Так што я маю вельмі профільную адукацыю.
Пасля скончыла магістратуру па спецыяльнасці «журналістыка» і аспірантуру, дзе вывучала тэксталогію, то-бок апрацоўку тэкстаў аўтараў, якія ўжо не з намі, да друку. Плёнам аспірантуры сталася падрыхтоўка рамана
«Каласы пад сярпом тваім» без цэнзурных правак. І цяпер мы ў партнёрстве з выдавецтвам
Kamunikat.org рыхтуем новае выданне «Каласоў» — з адноўленымі месцамі, якія не маглі быць апублікаваныя ў савецкі час і не ўвайшлі ў наступныя выданні.
— Добра, што рукапісы захаваліся...
— Так, захаваліся рукапісы, захаваліся белавікі. Ёсць запіс размовы пра гэты раман у Акадэміі навук, ёсць дастаткова крыніц, па якіх мы можам аналізаваць гэты тэкст і акуратна, вельмі асцярожна, з павагай да творчай волі і да гісторыі гэтага тэксту вярнуць сабе тое, што ў нас было забранае рэдактарамі або цэнзарамі савецкага часу па-за жаданнем аўтара.
— Як з’явілася выдавецтва Gutenberg Publisher? Як я разумею, на шляху да яго была студыя іmago.by, якую вы стварылі разам з мужам Іллём Андрэевым...
— Ілля — рухавік і матыватар для большасці нашых праектаў, гэта ён задумаў студыю imago. by. Калі мы пераехалі ў Кракаў, ідэя выдавецтва таксама сыходзіла найперш ад Іллі, ён пачаў працу ў гэты бок, стварыўшы сайт imagopress. store.
Аднак пасля мы пераасэнсавалі гэтую ідэю і пастанавілі захаваць самастойны картаграфічны праект, каб яго каштоўнасць не замылілася выданнямі, не звязанымі са спадчынай, з гісторыяй і культурай. Цяпер imago.by працягвае працаваць як клуб людзей, якія цэняць тонкую работу, дасягненні гістарычнай думкі і мастацкай думкі ў гісторыі.
Такім чынам, мы маглі адкрыць выдавецтва imago.press. Аднак стварылі Gutenberg Publisher.
— Як вы зразумелі, што выдавецтва акупіцца?
— А мы не ведалі, ці акупіцца. Больш за тое, мы заснавалі выдавецтва толькі для аднаго праекта — календара «Мова вольных», які змяшчаў беларускія словы і іх пераклады на розныя мовы. І гэты праект збанкрутаваў.
Аднак у нас засталося жаданне і быў досвед выдаваць кнігі, а галоўнае — разуменне, навошта гэта трэба рабіць. І такім чынам як асобны ад таго календара праект узнікла новае выдавецтва Gutenberg Publisher. У тым ліку, каб не цягнуць гісторыю няўдачы за сабой, а паспрабаваць зрабіць высновы і пачаць зноўку.
Важна не тое, колькі разоў ты ўпаў, важна тое, колькі разоў падняўся. Вось і мы падняліся яшчэ раз з думкай рэалізаваць некалькі кніжных праектаў і пратэставаць, наколькі ўвогуле рэальна працаваць у гэтым полі. Бо з аднаго боку, была веда пра тое, што беларускае выдавецтва — не вельмі ўдзячная праца. Гэта праект, які не зможа закрыць нават базавыя патрэбы. Гэта была вельмі няпэўная ініцыятыва. Тым не меней, расло жаданне рызыкнуць і праверыць, наколькі ўсё складана, бо было адчуванне, што не ўсе сцежкі выхаджаныя, не ўсе мадэлі паспрабаваныя, не ўсе рэсурсы выкарыстаныя для гэтай дзейнасці.
Старэйшыя калегі яшчэ да пачатку 2020-х гадоў падкрэслівалі, што выдавецтва — стратная дзейнасць. Аднак мы сумняваліся, бо заўважалі, што беларускія кнігі нячаста выходзілі з вялікімі амбіцыямі. Што я маю на ўвазе? Калі «Янушкевіч» узяўся выдаваць «Гары Потара», гэта, у першую чаргу, была вялізная амбіцыя, што можна рабіць нешта сапраўды класнае, папулярнае, патрэбнае вялікай колькасці людзей. Беларускае кнігадрукаванне на нейкім этапе перастала ставіць сабе задачу, каб у кнігарні беларуская кніга стаяла на палічцы побач з усімі астатнімі кнігамі і была такой жа таўшчыні, з такімі ж яскравымі малюнкамі. На нейкім этапе развіцця нашага кнігадруку гэтая амбіцыя страцілася. Беларуская палічка размяшчалася асобна і выглядала так сабе... Таму з‘явілася жаданне паспрабаваць зрабіць кнігі такімі, якімі іх чакаюць чытачы.
Кнігі Gutenberg Publisher, выдадзеныя за першыя два гады дзейнасці. Фота: Юлія Рай
Імідж
— За апошнія гады беларускія выдавецтвы вызначыліся калі не з кірункамі сваёй дзейнасці, дык прынамсі са стылістыкай. Напрыклад, «Пфлямбаўм» змяшчае на вокладку выразныя шрыфтавая кампазіцыі, «Камунікат» папрацаваў над дызайнам і, відавочна, знайшоў свайго мастака. Свае серыі кніг вы цяпер выконваеце ў адной стылістыцы. Чаму для выдавецтва важная візуальная пазнавальнасць, уласны стыль? І як вы выпрацоўвалі сваю стылістыку?
— Адзін з заснавальнікаў выдавецтва — Андрэй Бандарэнка, дызайнер з вялікім досведам. Ён адказвае за візуальны складнік нашай працы. Для выдавецтва важна быць пазнавальным, пазнавальным не толькі знешне, але і змястоўна. Тады чытач ведае, што калі купіць кнігу нейкага выдавецтва, то атрымае або пэўную якасць, або пэўны вектар, то-бок будзе ведаць, што ніколі ў гэтым выдавецтве не будзе апублікавана штосьці для яго непрымальнае. Гэта вельмі важна для выбудоўвання чытацкай супольнасці.
Наша выдавецтва не мае свайго профілю, таму не маем і аднаго стылю, як, напрыклад, «Пфлямбаўм», якое можа сабе такое стылістычнае адзінства дазволіць. У нас ёсць лінейкі кніг, якія выпускаем у адной стылістыцы.
І ёсць агульная патрабавальнасць да якасці падрыхтоўкі кніг, мы стараемся, каб нашы выданні было прыемна ўзяць у рукі.
— То-бок стварэнне іміджу — важная частка выдавецкай справы?
— Так, безумоўна!
— Гэтая адсутнасць спецыялізацыі, я так разумею, не ад харошага жыцця?
— Так, гэта не ад харошага жыцця, а ад неабходнасці шукаць сродкі на кожнадзённую дзейнасць. І ад неабходнасці падтрымліваць нашых аўтараў, бо ў нас за мяжой няма выразнай прафілізацыі і дастатковай колькасці выдавецтваў дзіцячай літаратуры або навуковай. Аднак, на мой погляд, да гэтага трэба імкнуцца.
Кніга Віславы Шымборскай з серыі перакладаў з польскай мовы. Фота: Gutenberg Publisher
Тэксты
— Ці даводзіцца вам вытрымліваць баланс паміж кнігамі, якія вы лічыце патрэбнымі, ці якія патрэбныя беларускай культуры, і камерцыйна паспяховымі. Ці даводзіцца вам рабіць гэты выбар? Друкаваць кніжкі, якія, як кажа Андрэй Янушкевіч, будуць лакаматывамі выдавецтва? Як увогуле вы выбіраеце тое, што важна надрукаваць у першую чаргу?
— Мне вельмі падабаецца, як працуе міжнародная платформа краўндфандынгу Kickstarter. Група энтузіястаў і бізнесменаў стварыла краўдфандынгавую платформу для кніг. На ёй аўтар можа размясціць фрагменты сваёй будучай кнігі, яе апісанне, сабраць колькасць перадзамоваў, як мінімум семсот пяцьдзясят, і тады група прафесіяналаў падрыхтуе кнігу, выпусціць яе і данясе да сеткі распаўсюду.
Стартавы капітал каманды, якая ўсё гэта прыдумала, быў дзвесце пяцьдзясят тысяч даляраў: яны называюць яго friend-and-family round — тое, што ўдалося сабраць па родных і сябрах. Пасля яны прыцягнулі больш, чым на мільён даляраў інвестыцый. Сабралі каманду, якая працуе над рукапісамі. Рэкламуюць рукапісы самі аўтары, бо каб сабраць краўндфандынг, трэба знайсці свайго пакупніка.
То-бок яны зрабілі практычна тое, што робім мы, толькі ў нас стартавы капітал, быў, напэўна, сто даляраў. У цэлым гэта ўсё так і працуе. Але каб яно рэальна давала харошы вынік, трэба мець вялікі стартавы капітал і пажадана прыцягнуць інвестыцыі.
Патрабаванне платформы — перадпрадаць 750 асобнікаў, і выдавецтва выпусціць наклад у 1000. Гэта тое, што і беларускі рынак можа сабе дазволіць. Гэта не нейкая неймаверная колькасць. Гэта тая тысяча, пра якую гавораць усе выдаўцы, якая можа акупаць дзейнасць выдавецкага сектара і выдавецкай каманды, якая дапаможа стварыць кнігу прафесійна. Але каб гэта зрабіць як след, патрэбны стартавы капітал, якога ў нас няма. Першыя пяць гадоў нашай працы ў рамках нашай мадэлі разлічаны на тое, каб стварыць прафесійную каманду, дзякуючы якой пасля можна будзе дапамагаць нашым аўтарам выдаваць кнігі, цікавыя людзям.
Але калі вярнуцца да пытання «Як мы выбіраем?», то мы разглядаем практычна ўсе праекты, якія прыходзяць да нас з інвестыцыяй. З іншага боку, у нас ёсць група праектаў, якія мы самі лічым патэнцыйна папулярнымі. І спадзяёмся, што гэтыя выданні стануць нашымі «лакаматывамі». Напрыклад, мы ўжо два гады працуем над перакладам кнігі «Дом, в котором» Марыям Петрасян, пераклад ужо завершаны, цяпер ідзе карэктура і рыхтуюцца ілюстрацыі.
Фінансуем працу над гэтай кнігай мы з грошай, заробленых на інвестыцыйных праектах.
— Ці дастаткова цікавых тэкстаў да вас прыходзіць. То-бок вы не паспяваеце іх выдаць, наколькі я разумею?..
— Мы, на жаль, не паспяваем не тое што іх выдаць, а нават надаць дастатковую колькасць увагі тым аўтарам, якія да нас звяртаюцца. Большасць тых людзей, якія нам пішуць, заслугоўваюць увагі. Практычна ўсе матэрыялы можна пераўтварыць у цікавую кнігу, у цікавы праект, калі падмацаваць іх прафесійнай камандай.
— Вы выдаеце, прыкладна дзве кнігі на месяц?
— У ліпені мы аддалі ў друк сем кніг.
— То-бок аўтараў дастаткова, і мы можам сказаць, што наш рынак напоўнены цікавымі беларускімі кнігамі?
— Каб падаць кнігарню на грант для малых кнігарняў, яна мусіць мець восемсот найменняў кніг. На сёння ў «Кнігаўцы» трыста найменняў. Мы выдалі каля пяцідзесяці. І гэта прыблізна паказвае, дзе мы знаходзімся і ці мае наш чытач што выбіраць.
— Чула меркаванне, што ў беларускай літаратуры не хапае лёгкіх жанраў, якія, дарэчы, добра прадаюцца...
— У нас ёсць цудоўныя аўтары, але звычайна іх тэксты патрабуюць стылістычнай дапрацоўкі. На жаль, у нас не хапае фінансаў на добрых рэдактараў. Бо сапраўдны рэдактар можа рэдагаваць кнігу месяц і болей, таму адпаведна павінен зарабляць не трыста ці семсот еўра, а дзве тысячы, каб гэтую кнігу добра дапрацаваць. А некаторым кнігам трэба некалькі месяцаў працы.
Рэдактарская праца — вельмі адметная. Яна патрабуе шмат чытання, шмат думання, як бы гэта ні гучала, а не працы рэдактарам увечары пасля працоўнага дня.
Гэта раскоша — мець добрых рэдактараў. Я вельмі шаную тых людзей, якія даводзяць тэксты да таго ўзроўню, які чытач прымае, які чытач чакае, у прыватнасці, хачу асабліва адзначыць працу Андрэя Скурко як рэдактара, а не толькі як аўтара дзіцячых кніг. Гэта той чалавек, які можа дапамагчы тэксту стаць сапраўды цікавай кнігай.
Серыя кніг «Чытаю сабе сам» для самых маленькіх. Фота: Gutenberg Publisher
Фінансы
— Ці можаце вы расказаць, якім чынам акупаецца ваша выдавецтва?
— Сёння мы прыйшлі да ідэі, што ў нашых умовах не атрымліваецца заставацца выдавецтвам на класічных умовах працы — выбіраць лепшых аўтараў, ствараць маркетынгавыя кампаніі для кніг. Нашы кнігі ўсё яшчэ недастаткова папулярныя для таго, каб выдавецтва існавала самастойна, не кажучы ўжо пра тое, каб выдавецтва рухала кніжны рынак.
Таму мы перайшлі да канцэпцыі выдавецтва як інкубатара кніжных праектаў. Мы хацелі б даць прафесійную падтрымку тым людзям, якія на палове кроку ад стварэння свайго ўласнага выдавецтва. Даць ім інструментарый і магчымасць супрацы з прафесіяналамі, якія не толькі дадуць прафесійны фідбэк, як падрыхтаваць праект да друку, выбраць друкарню, але і будуць мець шырокую сетку кантактаў з дыстрыбутарам, дзе гэта можа быць рэалізавана, цэнтралізаваны склад і сістэму абслугі кліента. Бо рэдка хто да канца разумее, што значыць надрукаваць тысячу асобнікаў кнігі, скласці яе ў сваёй кватэры, пасля развезці, разаслаць, нейкім чынам даставіць гэтую тысячу розным людзям.
Каб гэта ўсё рэалізаваць, мы заявілі свой праект на конкурс Artpower з надзеяй, што ён можа зацікавіць іх.
— А ў якой форме? То-бок гэта нейкі будзе такі навучальны камплект, ці нейкая рэальная студыя па адкрыцці выдавецтваў?
— У першую чаргу нам трэба правесці даследаванне, прааналізаваць рынак і атрымаць вынікі. Хто нашы чытачы, чаго яны чакаюць? Таксама на базе прынамсі нашага выдавецтва правесці эканамічныя даследаванні, эканамічны аўдыт, сабраць усе даныя і падрыхтаваць артыкул пра тое, якая эканоміка працэсу кнігавыдання, якія павінны быць цэны або якія могуць быць цэны ў галіне. На якіх умовах выдавецтва можа працаваць і што яно можа рабіць. Напрыклад, колькі кніжак на год выдавецтва можа выпускаць за свае грошы, якую долю павінна акупаць нейкая іншая дзейнасць.
Гульня «Я ніколі не». Фота: Gutenberg Publisher
— Пры больш спрыяльных абставінах ці магчыма атрымліваць у выдавецтве прыбытак, які ўсіх бы задаволіў і ішоў бы на далейшае развіццё? Пры якіх умовах гэта магчыма?
— Насамрэч гэта вельмі складанае пытанне. Бо чым болей праектаў мы выпускаем, чым мацней мы становімся, тым большага арганізацыйнага росту гэта патрабуе. На сёння мы выдалі больш чым паўсотні тытулаў за два з паловай гады. Мы цяпер у той сітуацыі, калі аб’ём працы, якую мы выконваем, ужо вельмі вялікі, і ён запатрабаваў росту каманды і поўнага пагружэння ў гэтую працу. З іншага боку, аб‘ём сродкаў, якія да нас прыходзяць, яшчэ не дастаткова вялікі. То-бок мы на палове шляху: большая каманда можа рабіць шмат, але пакуль мы дасягнём большага ўзроўню продажу, пройдзе час, а трэба самафінансавацца цяпер, бо ніхто з нас не можа жыць з паветра.
І гэта складана зразумець. Пакуль што нам удаецца ўтрымліваць фінансавую плыннасць. Пакуль што эканамічна ўсё акуратна: мы выплачваем роялці, вяртаем пазыкі. На сёння мы прыцягнулі інвестыцыямі ў беларускую культуру ўжо больш чым сорак пяць тысяч еўра. Гэта грошы, якія трапляюць да перакладчыкаў, рэдактараў, да аўтараў.
З гэтай сумы мы вярнулі інвестыцый дваццаць тысяч еўра. Сэнс інвестыцыі не ў тым, што нам даюць грошы і да пабачэння. А ў тым, што гэтыя грошы ўкладаюцца ў праекты, праекты рэалізуюцца, рэфінансуецца пазыка, і грошы вяртаюцца інвестару з працэнтамі.
Амаль усе нашы кнігі і гульні выходзяць дзякуючы прыватным і карпаратыўным інвестыцыям. Мы маем распрацаваны ўзор інвестыцыйнай дамовы і партфель прывабных беларускіх праектаў, які чакаюць сваіх бізнес-анёлаў.
Мы заключаем інвестыцыйную дамову, часам з прадпрыемствамі, часам з асобамі, якія пазычаюць гэтыя грошы на патрэбы рэалізацыі канкрэтнага праекта. Яны бачаць калькуляцыю праекта, план дзеянняў. А мы пасля таго, як праект рэалізаваны і прадукт трапіў у продаж, вяртаем гэтыя грошы.
Ніхто з нас, хто заснаваў гэтае выдавецтва, не эканаміст па прафесіі. Аднак мы намагаемся рабіць усё максімальна сумленна. Тым не менш, нам вельмі патрэбны фідбэк спецыяліста. І было б нашмат лепей, калі б мы маглі сабе дазволіць сапраўдны эканамічны аўдыт.
Кніга Югасі Каляды з серыі «Акно ў прозу». Фота: Gutenberg Publisher
Працэс
— Як адбываецца сам працэс кнігавыдання? Хто чытае рукапіс, хто вырашае, што рукапіс ператворыцца ў кнігу? Вы расказвалі, што дзіцячыя кнігі тэстуеце на сыне. А дарослыя?
— Дарослыя тэстуем самі на сабе. Не заўжды ўсе чытаюць кнігу, але нехта з нашай каманды чытае кнігу і расказвае астатнім, што ён думае пра яе. Часам два чалавекі чытаюць, калі ёсць сумневы. Мы запрашалі і валанцёраў, якім прапаноўвалі чытаць рукапісы. Вядома, што валанцёр павінен быць абазнаным у літаратуры, каб мець магчымасць даць нейкі водгук на кнігу, напісаць унутраную выдавецкую рэцэнзію. Адна з такіх кніг выйдзе ў верасні.
Яна напісана ў стылістыцы кіберпанку, і яе чыталі некалькі чалавек, чытаў валанцёр і даваў унутраную рэцэнзію на гэтую кнігу. Яна падалася нам проста неймавернай. Вельмі вялікі тэкст, выдавацца ён будзе ў дзвюх кнігах адначасова. І гэта проста выдатна, што ў беларускай літаратуры адразу па-беларуску з‘явілася такая кніга.
Гэтак мы выдалі «Халодныя землі» Аляксандра Карнаўха. Добрая, вельмі цікавая гісторыя, якую важна было выдаць.
Аляксандр Карнаўх. «Халодныя землі». Фота: Gutenberg Publisher
— Як вырашаеце, колькі асобнікаў надрукаваць?
— Часам прыходзяць аўтары, якія не вераць у сябе і просяць выдаць трыццаць асобнікаў.
Аднак кошт друку складае не самую значную частку каштарысу выдання. Не кошт друку вызначае цану кнігі, а праца каманды над ёй.
Сёння можна выдаць любы тэкст, можна нават у адным асобніку, можна не аддаваць яго на рэдактуру або выкарыстаць штучны інтэлект... Але калі вялікая каманда месяцамі будзе працаваць над тым, каб новая кніжка была добра зроблена, гэта будзе заўважна адразу.
Таму прыходзьце да нас, у першую чаргу, з амбіцыямі. Уявіце сабе, што ваша кніга стаіць на палічцы ў Oz. by або ў Empik, што гэта кніга, якую можа прачытаць ваш сусед, ваша настаўніца ці бабуля. Бо аўтары, якія просяць выдаць 30 асобнікаў, не вераць у сябе і з-за гэтага нявер‘я не дапрацоўваюць сваю кнігу.
— Тэкст прыняты, што адбываецца далей? Напрыклад, тэкст недапрацаваны, але мае патэнцыял. Вы аддаяце рэдактару ці вяртаеце аўтару на дапрацоўку?
— Па-рознаму адбываецца. Я падбіраю рэдактара, які, на маю думку, найлепей дасць рады з тэкстам, і рэдактар або рэдагуе і ўзгадняе праўкі з аўтарам, або аўтар спачатку сам дапрацоўвае з улікам рэдактарскіх заўваг. У кожнай кніжкі свая гісторыя. Часам даводзіцца два разы рэдагаваць кніжку. Таму што ад гэтага кнізе толькі лепш.
— Як кнігі распаўсюджваюцца? Ці былі думкі пра стварэнне кнігарні ў Кракаве?
— Звычайна праз сайт, таксама ў нас ёсць цэлы спіс партнёраў, з якімі мы працуем, каб распаўсюдзіць нашы кнігі.
У Кракаве няма кнігарні, у якой бы прадаваліся беларускія кнігі. Ёсць наша выдавецтва, куды можна прыйсці і забраць замовы. Ёсць беларуская прастора ў самым цэнтры, дзе некаторыя з нашых кніг можна набыць. Аднак няма такога месца, дзе б можна было ў любы час купіць беларускую кнігу. У Кракаве працуе кнігарня, якая прадае рускамоўныя і ўкраінскамоўныя кнігі, і мы ўжо даўно намагаемся з імі супрацоўнічаць. Яны адказваюць, што запытваюць пра беларускія кніжкі ледзь не кожны дзень, але ў іх няма месца. І гэта, канешне, шкада. Мы думаем над тым, каб адчыніць кнігарню ў Кракаве і цяпер у пошуку інвестараў.
Зборнік дзіцячых вершаў Андрэя Скурко з ілюстрацыямі Волі Кузьміч. Фота: Gutenberg Publisher
— Ці можаце назваць самыя адметныя і незвычайныя кнігі, якія вы выдалі за апошні час?
— Самымі неймавернымі былі і застаюцца цудоўныя кардонкі ад Андрэя Скурко і Волі Кузьміч! Гэта каласальная праца перадусім аўтара і мастачкі і вялікі праект, які, спадзяюся, урэшце акупіцца.
Я вельмі шмат любові аддаю кнізе «Дом, у якім» Марыям Петрасян. Мы яе пераклалі, адрэдагавалі, мастачка стварыла ужо большасць ілюстрацый. Ілюстрацыі, дарэчы, вельмі спадабаліся аўтарцы кнігі.
А вось нядаўна да нас далучылася беларуска з Амерыкі, якая зацікаўленая ў выданні самых розных крэатыўных фарматаў кніг для найменшых. І мы разам запускаем новую выдавецкую марку, першай будзе кніжка для купання «Бобрык, які любіць ваду», яна ўжо друкуецца. Кніжка з усімі сертыфікатамі бяспекі і з вялікай любоўю да малых беларусікаў.
«Слон» Сашы Філіпенкі на беларускай мове. Фота: Gutenberg Publisher
— Беларускамоўную версію апошняго рамана Сашы Філіпенкі «Слон» вы выдалі раней за рускамоўную. Як адбывалася супраца з гэтым аўтарам?
— Саша Філіпенка — сапраўдны прафесіянал: ён ведае, чаго ён хоча дасягнуць, нястомна працуе і захоўвае пазітыў, што не відавочна, улічваючы тое, колькі болю ў яго кнігах. Мы ўжо выдалі па-беларуску чатыры яго кнігі, у тым ліку «Слана». Для гэтага рамана давялося пераствараць крыжаванку, кожным словам уплеценую ў тэкст, адпаведна, аўтару давялося рабіць асобную беларускую рэдакцыю твора. Увосені спадзяемся выпусціць чарговы пераклад: «Вяртанне ў Астрог».
Пасля таго, як выявілася, што «Слон» зняты з продажу ў Беларусі і не даходзіць поштай, Саша прапанаваў апублікаваць кнігу ў бясплатным доступе. І амаль 500 чалавек скарысталася гэтым з Беларусі. І практычна ніхто з краіны, у якой жыве самая вялікая дыяспара беларусаў.
Валянціна Андрэева. Фота: Юлія Рай
— І апошняе пытанне: Што для вас ідэальнае выдавецтва? Пра што вы марыце?
— Самастойнае. Выдавецтва, у якім ёсць каманда. У якога ёсць хаця б невялікія, але дастаткова стабільныя фінансавыя прыходы, каб трымаць гэтую каманду. Якое мае свайго чытача. І гэта не абавязкова павінна быць выдавецтва, якім кірую я. Мая самая вялікая мара, каб Gutenberg стаў самастойным выдавецтвам, каб праз тры гады маю пазіцыю заняў нехта больш амбіцыйны, хто гатовы рабіць нешта неймавернае, нечаканае, рабіць як не бывае. То-бок ідэальнае выдавецтва — гэта самастойны культурны праект, які стварае цікавыя і годныя кнігі на беларускай мове.