Былы афіцэр ФСБ заявіў, што забойства Паўла Шарамета ў Кіеве арганізавалі расейскія спецслужбы
2022-07-26 14:59
Былы афіцэр ФСБ Расеі Аляксандр Лісянкоў, які пакінуў тэрыторыю РФ і звярнуўся па прытулак у Еўропе, заявіў, што забойства ў Кіеве беларускага журналіста Паўла Шарамета 6 гадоў таму – адна з аперацыяў расейскіх спецслужбаў.
Пра гэта паведамляе «Зеркало» са спасылкай на інтэрв’ю Лісянкова YouТube-каналу «Гулагу.нет».
– „Я не лічу, я ўпэўнены ў гэтым. Таму што сорамна сумнявацца, калі дакладна ведаеш” – заявіў Лісянкоў у адказ на пытанне, ці лічыць ён забойства Шарамета справай рук ФСБ. Паводле яго слоў, украінскім уладам і спецслужбам Шарамет ніяк не перашкаджаў і не меў ва Украіне ворагаў «нават на бытавым узроўні». „Але для Масквы, для ФСБ гэта быў асабісты вораг, улічваючы, якія перадачы ён здымаў – з Нямцовым і іншымі. Ён мог уплываць на вялікія масы людзей, даносячы ім праўду”, – сказаў Лісянкоў.
Ён таксама падкрэсліў, што ФСБ датычная да ўсіх тэрактаў на тэрыторыі Украіны за апошнія восем гадоў.