«Чалавек – проста лісток, ён памірае, падае, але дрэва расце»: рэжысёр Аляксандр Гарцуеў пра «Валізку» — новы спектакль «Купалаўцаў»
2025-06-29 20:12
У 2005 годзе француз Мішэль Леві-Лелё знаходзіць чамадан свайго загінулага ў Асвенцыме бацькі ў мемарыяле Халакоста ў Парыжы. Гэта быў экспанат, пазычаны ў Музея Аўшвіц-Біркенаў. І сын стаў змагацца за тое, каб прадмет, прадастаўлены ў арэнду музеем лагера, застаўся ў Францыі.
Аднак польскую драматургіню Малгажату Сікорску-Мішчук працяг гэтай рэальнай гісторыі ўжо не цікавіў. Яна напісала п’есу, у якой француз Франсуа Жако па просьбе жонкі выходзіць з дому, ідзе па вуліцы і трапляе ў музей катастрофы, дзе знаходзіць валізку з прозвішчам свайго бацькі. Маці ніколі не расказвала яму пра бацьку, таму Франсуа, маючы істотныя прабелы ва ўласнай біяграфіі, адчуваў сябе паловай чалавека — «чалавекам з адным вокам». Аднак пасля моцных сумневаў вырашае адкрыць валізку і вяртае сабе і паўнату дыхання, і паўнату існавання.
Аўтарка п‘есы Малгажата Сікорска-Мішчук тлумачыла, што яе твор — пра веру ў гаючую сілу ісціны. Бо багаж успамінаў, часта непажаданых, знаходзіцца ўнутры нас, хочам мы гэтага ці не. Аднак пакуль мы не адкрыем нашу «валізку» і не разбяромся з ёй, будзем жыць у непаўнаце — з адрэзанай часткай сябе.
Беларускі рэжысёр Аляксандр Гарцуеў пазнаёміўся з п‘есай «Валізка» каля дзесяці год таму і цяпер у эміграцыі паставіў для «Вольных Купалаўцаў» спектакль з аднайменнай назвай. Тры прэм‘ерныя паказы прайшлі з 24 па 26 чэрвеня на сцэне Przodownik Драматычнага тэатра ў Варшаве. Зразумела, што сам прадмет — валізка — выклікае моцныя асацыяцыі з эмігранцкім лёсам, аднак і гісторыя француза, яго трансфармацыя і вяртанне да сябе аказаліся вельмі блізкімі беларускаму гледачу.
REFORMATION размаўляе з Аляксандрам Гарцуевым пра памяць, гвалт і будучы музей катастрофы.
Сцэна са спектакля «Валізка». Аўтаадказчыца і Апавядальнік (акторы Валянціна Гарцуева і Андрэй Дробыш). Фота — Аляксандр Валодзін.
— П’еса вядомай польскай драматургіні і сцэнарысткі Малгажаты Сікорскай-Мішчук — пра экзістэнцыяльныя рэчы. Пра непажаданы багаж успамінаў, пра сацыяльную памяць. Чаму вы захацелі перакласці гэты тэкст і паставіць спектакль для беларусаў?
— Я працаваў над гэтай п’есай яшчэ са студэнтамі ў Мінску. Зараз, калі тэма непасрэдных падзей 2020 года адчуваецца не так востра, хочацца і больш шырокага асэнсавання, і больш асцыятыўнай драматургіі. А таксама — погляду збоку. А ў п‘есе польскай аўтаркі апісваюцца блізкія нам рэчы. Мінулая вайна, якая перацякае ў сённяшні дзень. Сувязь пакаленняў і памяць. Спроба знайсці сябе ў прасторы і адказаць на пытанні: «Хто ты і адкуль?», «Што за табой стаіць?». Спроба пераадолець адчуванне, што ты не бязродны індывідуум, што ў цябе быў бацька, была краіна, нават калі яна для цябе недасяжная. І мне падалося, што гэтыя асацыятыўныя рэчы будуць цікавымі беларускаму гледачу. Мяркуючы па тым, як ён рэагуе на прэм‘ерах, здаецца, мы патрапілі ў яго настроі.
— Ну так, відавочна, што спектакль пра нас. Галоўны герой п’есы праходзіць вялікую трансфармацыю, бо напачатку Апавядальнік яго апісвае наступным чынам: «Цяжка ступаючы, натужна дыхаючы, ён крочыць па поўнай жыцця вуліцы». Гэта нагадала мне самы пачатак маёй эміграцыі. То-бок мы як бы палавінкі людзей — палова сэрца дзесьці ў іншым месцы — зусім як у галоўнага героя. Гэта можа быць наш вобраз эмігранта?
— Я не хацеў бы, каб гэта быў вобраз эмігранта. Франсуа — разгублены чалавек, які кепска трымаецца на нагах, бо ў яга няма апоры ў жыцці. Калі ён кажа, што ў яго адно вока, адно лёгкае і палова сэрца, то адразу цяжка зразумець, ці гэта дакладная інфармацыя, ці вобразная. Мы вырашылі ў спектаклі зрабіць гэтую інфармацыю часткова дакладнай.
Сцэна са спектакля «Валізка». Франсуа Жако (актор Аляксандр Казела). Фота: Аляксандр Валодзін.
— Ага, вось чаму актор Аляксандр Казела пастаянна заплюшчвае адно вока ў нервовым ціку.
— Мне здаецца, яго герой так сябе пачувае, таму што не мае апоры ў жыцці, не ведае, хто яго бацька, хто ён па нацыянальнасці.
— І ў які храм хадзіць, таму ходзіць па чарзе ў розныя...
— Так. Яго ўнутранае самаадчуванне мы перанеслі на яго фізічны стан, які ён выпраўляе: паступова, да канца спектакля становіцца фізічна паўнавартасным чалавекам.
— І напрыканцы ва ўвесь голас прамаўляе, што ён ёсць. А нам якую валізку трэба адчыніць, каб уголас прамовіць, што мы ёсць?
— Валізку свайго сэрца і сваёй душы. Перш за ўсё сабе трэба сказаць, што ты існуеш. Маеш радзіму, сваякоў. Не з цябе пачаўся гэты свет, і не з цябе пачалася твая краіна. І табой не скончыцца. Ты — звяно вялікага ланцуга, які ёсць гісторыяй тваёй краіны. Звяно, якое звязвае мінулае і чапляецца за будучыню.
Сцэна са спектакля «Валізка». Гід музея катастрофы (акторка Зоя Белахвосцік). Фота — Аляксандр Валодзін.
— У спектаклі адно з важных месцаў, калі не галоўнае — гэта музей катастрофы. І нам паведамляюць, што ён быў неабходны французам як расплата за грахі, бо французскія цягнікі вазілі асуджаных яўрэяў, французскія жандары правяралі дакументы і гэтак далей... Як вы мяркуеце, у Беларусі павінна з‘явіцца падобнае сімвалічнае месца, якое б нагадвала, што пэўная паслядоўнасць дзеянняў можа прывесці да катастрофы?
— Я ўпэўнены, што падобны музей калі-небудзь будзе, гэтыя словы адрасавалася і нам. Таму што не адзін чалавек збіваў, а тысячы людзей катавалі і здзекаваліся з людзей. Трэба прызнаць, што гэта рабілі нашы суайчыннікі. І я ўпэўнены, што калі-небудзь будзе падобны музей гвалту, дый як заўгодна ён можа называцца.
— У гэтым французскім музеі захоўваюцца валізкі, чаравікі, раструшчаныя акуляры, цацкі. У нашым — што б магло быць?
— Усё будзе тое самае. Я не ведаю, як яго назавуць, можа, нават Музей Вольнай Беларусі, бо цяпер там праходзіць выстава рэчаў з турмы: зубная шчотка, тапачкі — усё тое самае. Ва ўсіх музеях гвалту ў прынцыпе падобныя экспанаты...
У Аўшвіцы многа абутку — горы ботаў, тапачак. І гэта выглядае больш страшна, чым гара касцей.
Сцэна са спектакля «Валізка». Франсуа Жако (актор Аляксандр Казела). Фота: Аляксандр Валодзін.
— Цікава, што валізку галоўны герой у вашым спектаклі не адчыняе. Хоць на сцэне гучаць словы пра тое, што Франсуа адчыняе валізку.
— Так, гучаць словы пра тое, што галоўны герой адчыняе валізку, аднак ён сам кажа, што ў валізцы нічога няма. Таксама ён разумее, што, магчыма, гэта і не валізка бацькі, а чалавека з такім жа прозвішчам. Гэта ўсё няважна. Важна, што ён прыйшоў да гэтага бацькі, знайшоў сваю сувязь. Таму ён валізку проста трымае ў руцэ.
Чалавек разгублены, чалавек, які не ведае, хто ён, аднойчы разумее, чый ён сын і адкуль ён родам.
— У спектаклі ёсць такі сімвалічны акт перадачы, не ведаю, жыцця, напэўна, калі бацька перастае дыхаць, а сын адразу пачынае дыхаць на поўныя грудзі.
— Тэма дыхання важная ў гэтай п’есе, яна там з самага пачатку. Галоўны герой дрэнна дыхае не проста так, а таму, што яго бацька задыхнуўся ў газавай камеры. Псіхатэрапеўт кажа Франсуа, што трэба навучыцца дыхаць. І напрыканцы бацька — наўпрост з таго свету — кажа Франсуа: «Дыхай», і ён пачынае дыхаць, а бацька задыхаецца. Бацька быццам аддае сябе свайму сыну, якога не бачыў. Ён, можа, дзеля гэтага ўдыхнуў гэты газ «Цыклон Б», каб сын яго вольна і свабодна дыхаў.
— І тут ёсць ідэя, што смерць недарэмная?..
— Хутчэй ідэя, што жыццё бясконцае, а смерці няма. Гэта пра дрэва жыцця, дзе чалавек — проста лісток, ён памірае, падае, але дрэва расце.
Такі гуманістычны пасыл пра бясконцасць жыцця. Проста трэба ў гэта верыць і ведаць, што менавіта так і будзе. Тады не страшна і памерці, калі разумееш, што ёсць твой працяг у тваіх дзецях, у тваіх ідэях, у тваёй працы, у тваёй справе. Напэўна, пра гэта і спектакль, і п‘еса.
Сцэна са спектакля «Валізка». Франсуа Жако і Бруна (акторы Аляксандр Казела і Зміцер Есяневіч). Фота: Аляксандр Валодзін.
— Адзін з герояў спектакля — Бруна, паэт, які піша рэкламныя слоганы замест таго, каб пісаць кнігу. У пошуках Бога галоўны герой да яго прыходзіць і менавіта Бруна падштурхоўвае яго адкрыць валізку, таму што ў ёй увесь свет. Бруна выконвае функцыю Бога ў вашым спектаклі?
— Я б пабаяўся назваць яго нават пасланнікам Бога. Думаю, што Бруна — пасланнік вышэйшых сілаў, словы самі прыходзіць да яго. Ён чалавек, які ведае ўсе словы.
Чаму Франсуа ідзе прасіць дапамогі не ў касцёл, а ў кавярню? Таму што яго жонка Сафія нібы ведае, куды яму пайсці, каб знайсці сябе. Яна кажа яму: ідзі на вуліцу, ідзі ў музей, ідзі ў кавярню. І ў выніку ён прыходзіць да высновы, што трэба гэтую валізку прыняць, няважна, бацькава яна ці не. Што не трэба хавацца ад жыцця, што трэба назваць сваё сапраўднае прозвішча.
І Франсуа ў выніку становіцца здаровым, сыходзіцца са сваёй жонкаю. Усё ўладкоўваецца.
— Спектаклі па п’есе «Валізка» ставіліся некалькі раз. У чым адметнасць вашай інтэрпрэтацыі?
— Безумоўна, у кожнага рэжысёра свая інтэрпрэтацыя. Я адаптаваў п’есу для беларускага гледача, бо ў пачатку гэта была французска-польская гісторыя з крыху хваравітым стаўленнем да французаў, якія паказваліся вінаватымі ў лёсе французскіх яўрэяў. Я вырашыў пашырыць інтэрпрэтацыю.
Бо ў дыктатара толькі дзве нагі і дзве рукі — ён сам па сабе не можа зрабіць шмат злачынстваў. Нехта павінен выконваць яго загады. У нас у Беларусі нехта падпісвае судовыя рашэнні, нехта саджае, нехта возіць... Тысячы людзей спакойна выконваюць любы загад. Усё тое самае.
Сцэна са спектакля «Валізка». Аўтаадказчыца і Апавядальнік (акторы Валянціна Гарцуева і Андрэй Дробыш). Фота: Аляксандр Валодзін.
— Чаму Апавядальнік спявае ў самыя непадыходзячыя моманты?
— Бо ён баіцца той гісторыі, якую ён хоча расказаць. Цэлая сцэна гэтаму прысвечана. Яму карціць расказаць гісторыю француза, але ён не надта верыць у тое, што яго правільна ўспрымуць ці ўвогуле будуць слухаць. Гэта тая сітуацыя, калі чалавеку хочацца здавацца больш дурным, чым ён ёсць на самай справе.
Цікавы персанаж — Аўтаадказчыца, гэта другое «Я» Апавядальніка, з якім ён размаўляе. Яна прыйшла ніадкуль, з правадоў. Ён яе прыдумаў. Ён прыдумаў сабе апанента, які спрачаецца з ім і кажа, што ты павінен расказаць праўду, павінен не песні спяваць, але сказаць пра тое, што баліць, што сапраўды турбуе людзей. Яна як з‘явілася зніадкуль, так і знікае ў нікуды.
У прынцыпе ўвесь спектакль — гэта фантазія з галавы Апавядальніка, які расказвае гісторыю. Яны ўзнікаюць у яго вобразным мысленні, пачынаючы з Аўтаадказчыцы, пасля з‘яўляецца Франсуа, яго жонка, яго маці, музейная работніца. Яны ўсе — у яго аповедзе. І ён урэшце здолеў расказаць гэтую гісторыю. Што яму ў гэтым дапамагло? Яго другое «Я» — чалавечае, сумленнае.