Чалавек, які выхаваў цэлую плеяду беларускіх паэтаў і паэтак. Да 105-годдзя Міколы Аўрамчыка
2025-01-14 17:00
Сёння, 14 студзеня, спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння вядомага беларускага паэта і пісьменніка Міколы Аўрамчыка, які стаў самым сапраўдным настаўнікам для многіх маладых паэтаў і паэтак у паваенны час. Расказваем пра жыццё гэтага нястомнага работніка беларускай культуры.
Лёсавызначальная сустрэча
Мікола Аўрамчык нарадзіўся 14 студзеня 1920 года на Бабруйшчыне ў самай звычайнай сялянскай беларускай сям’і. Любоў да літаратуры, паводле самога паэта, прывіла яму настаўніца, якая даволі актыўна знаёміла сваіх вучняў з творчасцю Якуба Коласа, Янкі Купалы і Максіма Багдановіча. У той час гэтыя літаратары зрабіліся ўжо знакавымі постацямі ў Беларусі.
Мікола Аўрамчык. Фота Кастуся Дробава, газета «Звязда»
Пісаць вершы Мікола Аўрамчык пачаў у юнацкім узросце. Прычым не толькі пісаць, але і публікаваць — упершыню ён дэбютуе з вершамі на старонках бабруйскай раёнкі ў 1937 годзе. Неўзабаве, увосень 1938 года, малады паэт паступіць на літаратурны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута імя М. Горкага, дзе адбудзецца лёсавызначальная сустрэча з класікам, якая канчаткова зменіць жыццё Аўрамчыка.
Мікола Аўрамчык. Фота з Вікіпедыі
Будучыя літаратары выдавалі свой часопіс, які называўся «Наша творчасць», а таксама ладзілі сустрэчы са старэйшымі калегамі. Запрашалі да сябе
Янку Купалу,
Якуба Коласа і многіх іншых беларускіх паэтаў і пісьменнікаў. Акурат Якуб Колас, які напрыканцы 30-х ужо меў статус жывога класіка, адзначыў добрым словам верш Аўрамчыка, які той прачытаў на літаратурнай вечарыне.
Газета «Чырвоная Змена» за 8 красавіка 1939 года так апісвала тую, можна сказаць, гістарычную падзею:
«Колас падрабязна разабраў верш М. Аўрамчыка «Адлёт жураўлёў». Азнаёміўшыся з журналам «Наша творчасць», ён пакінуў наступны запіс: «...Першае ўражанне — радасць за таленты маладых літгурткоўцаў. Маю ўвагу спыніў верш Аўрамчыка «Адлёт жураўлёў». Верш надзвычай свежы. Па сіле і эмацыянальнасці я стаўлю яго ў рад такіх вершаў, як лермантаўскі «Парус». Жадаю літгурткоўцам поспехаў»».
Войны і палон
Але неўзабаве пачалася вайна і аб творчасці Міколу Аўрамчыку давялося на пэўны час забыцца. Ён браў удзел у баях на Паўночна-Заходнім і Волхаўскім франтах, дзе ў канцы чэрвеня 1942 года трапіў спачатку ў акружэнне, а следам і ў палон. Быў вывезены ў Рур, дзе амаль тры гады працаваў у шахце. Гэты цяжкі жыццёвы досвед будзе потым адгукацца ў ягонай творчасці, як паэтычнай, так і празаічнай. У Міколы Аўрамчыка нават выйдзе аповесць, якая так і будзе называцца — «Палон».
«Запускаў у паэзію юнае племя праз «Маладосць»
Аднак самая працяглая праца Міколы Аўрамчыка была звязана з часопісам «Маладосць», які паўстаў як друкаваны орган камсамолу адразу пасля смерці Сталіна ў сакавіку 1953 года. Аўрамчык, які на той час здабыў ужо пэўную літаратурную вядомасць, заняў там пасаду рэдактара аддзела паэзіі і быў на ёй да 1980 года. У гэты час ён выхаваў цэлую плеяду беларускіх паэтаў і паэтак, падрабязна разглядаючы і абмяркоўваючы творчасць кожнага і кожнай з іх.
Тыповая вокладка «Маладосці» ў канцы 60-х-пачатку 70-х гадоў. Фота: kamunikat.org
Беларуская паэтка Марыя Баравік згадвала сваё знаёмства з Міколам Аўрамчыкам такім чынам:
«У «Маладосці» я і пазнаёмілася з добрым чалавекам — Міколам Якаўлевічам Аўрамчыкам. Ён няньчыўся там з юнымі летуценнікамі, выяўляў і падтрымліваў літаратурную змену. Рыхтаваў па-бацькоўску, ветліва і сур’ёзна. Ён, мусіць, каля трох дзясяткаў гадоў запускаў у паэзію юнае племя праз «Маладосць».
З верша «Гадзіннік» я і пайшла патрыятычнай сцяжынай — беларускай. Мікола Якаўлевіч чытаў мае слабенькія вершы і ветліва, сур’ёзна хваліў, мякка адштурхоўваў рыфмаваную кволь — давяраў маёй душы, якая прадчувала паэтычныя вобразы, хацела паэзіі, але яшчэ не натрапіла на думную крыніцу. Сёння я з удзячнасцю згадваю ягоную працу ў аддзеле паэзіі. Ён заўсёды адзываўся на вершы, дасланыя ў часопіс. «Марыя, — казаў ён, — ты ж мінулы раз прыслала куды лепшы верш, чым гэты на тую самую тэму. Прышлі яшчэ што-небудзь грамадзянскае — і атрымаецца добрая падборка». Ён, такім чынам, прыдаваў маладым аўтарам натхнення, падштурхоўваў да працы літаратурнай».
Спагадлівы і патрабавальны настаўнік
У архіве «Маладосці» захаваліся лісты аўтарам за 1953-1958 гады, сярод якіх ёсць і адказы Міколы Аўрамчыка паэтам-пачаткоўцам, якія вылучаюцца адначасова спагадай, патрабавальнасцю і нават жорсткасцю:
«Паважаны таварыш Яўменаў!
Што можна сказаць коратка аб Вашым вершы? Напісаны ён слаба. Няма ў ім нічога свайго, аўтарскага...
Заходзьце да нас са сваімі новымі вершамі.
Мікола Аўрамчык»
З такой «пахвальбой» яшчэ можна было змірыцца, бо нічога звышнатуральнага ў ёй не было, але наступны ліст малады аўтар мог ужо ўспрыняць як персанальную абразу:
«Паважаны таварыш Дземідовіч!
Ваш верш «Ой, вы ночы летнія» не ўяўляе ніякай цікавасьці. Гэта расьцягнутая альбомная рэч, якую нават няварта перапісваць у альбом Вашай каханай, бо яна пакрыўдзіцца за тое, што Вы ня ўмееце проста выказаць сваю думку...
Мікола Аўрамчык»
З іншага боку бачна, што шкадаваць аўтараў Аўрамчык і не збіраўся. Прынамсі задачы такой перад сабой яўна не ставіў, калі пісаў такое:
«Паважаны таварыш Маляўка!
...Ніколі не сьпяшайцеся адсылаць у рэдакцыі свае вершы. Дасылайце толькі самыя лепшыя зь іх.
Мікола Аўрамчык»
Як бы там не было, але доўгі час «Маладосць» была ці не галоўным прытулкам для маладых аўтараў. Акурат на яе старонках друкаваліся ўсе тыя, хто ўжо за нашым часам займеў стасус культавых — Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўнік, Рыгор Барадулін, Яўгенія Янішчыц і многія іншыя. Тым не менш сам Аўрамчык доўгі час лічыў узровень паэзіі ў часопісе «нізкім» і «слабым», што зафіксавана ў пратаколах паседжанняў рэдкалегіі. Ён як бы імкнуўся да нейкага недасяжнага ідэалу.
Сяргей Грахоўскі, Мікола Аўрамчык, Уладзімер Дубоўка, Уладзіслаў Нядзьведзкі і Васіль Вітка. Здымак 1960-х гадоў. Фота: Радыё Свабода
Адзін з аўтараў «Сказа пра Лысую гару»
Там часам Мікола Аўрамчык з’яўляецца калі не аўтарам, то дакладна адным з аўтараў «Сказа пра Лысую гару». Гэта паэма — алегарычны твор, які ў іранічных фарбах адлюстроўваў герметычную і задушлівую рэальнасць познесавецкага часу, а фактычна разлажэнне камуністычнай сістэмы. Поспех у невялікай кнігі быў абсалютна фенаменальным.
Вось што напісаў ва ўступным слове да другога выдання «сказу» Валянцін Блакіт, галоўны рэдактар часопіса «Вожык» у канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў: «Тры гады таму (у 1989-м) за адзін дзень разышоўся першы тыраж у 30 000 экз. Другі тыраж яшчэ ў 30 000 таксама разышоўся імгненна».
Пасля такога ашаламляльнага поспеху аўтар, які хаваўся пад псеўданімам Францішка Ведзьмака-Лысагорскага, даслаў поўны варыянт паэмы, і рэдакцыя надрукавала яго накладам у 100 000 экзэмпляраў. Пазней сваё аўтарства гэтаму твору прыпісвалі Ніл Гілевіч, Мікола Аўрамчык і нават парадыст Янка Курбека. Як бы там не было, але дакладна вядома, што Аўрамчык меў непасрэднае дачыненне да яе стварэння.
Святкаванне 95-галовага юбілею Міколы Аўрамчыка, 2015 год. Фота з Вікіпедыі
Да самага свайго скону Мікола Аўрамчык не кідаў пісьма. Ужо ў незалежнай Беларусі пабачылі свет ягоныя ўспаміны, дзе можна адшукаць мноства самых розных цікавостак з савецкіх часоў.
Пайшоў з жыцця Мікола Аўрамчык у 2017 годзе, не дажыўшы да свайго стогадовага юбілею нейкія 3 гады.
У гісторыі беларускай літаратуры гэты чалавек застанецца нястомным і суворым настаўнікам, які з усіх сілаў імкнуўся падняць узровень у сваіх вучняў, зрабіць іх сапраўднымі паэтамі, Паэтамі з вялікай літары.
Л. Г., Budzma.org