Чаму большасьць расейцаў за вайну? Тлумачэньне дасьледчыка-сацыёляга
2022-03-15 17:21
Пра што сьведчаць вынікі ўсерасейскага апытаньня «Ці хочуць расейцы вайны»? Якая роля прапаганды ў фармаваньні станоўчага стаўленьня да вайны Расеі з Украінай? Якія эмоцыі сёньня найбольш уласьцівыя расейскай грамадзкай думцы? Якія фактары могуць зьмяніць цяперашняе стаўленьне расейцаў да вайны?
На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае расейскі палітык, былы палітвязень, удзельнік дасьледчага праекту «Ці хочуць расейцы вайны» Аляксей Міняйла.
Дасьледаваньне праводзілася ў канцы лютага — на пачатку сакавіка, выбарка 1807 рэспандэнтаў, узважаная паводле полу, узросту і тэрытарыяльнага разьмеркаваньня.
Мы рады, што вынікі нашага дасьледаваньня супадаюць з вынікамі іншых дасьледчых цэнтраў. Нашае дасьледаваньне ня проста тэлефоннае апытаньне, нашая кампанія-партнэр Tazeros зрабіла дасьледаваньне больш як 2,7 млн запісаў пра вайну ў расейскіх сацыяльных сетках.
Тэлефоннае апытаньне ў спалучэньні з дасьледаваньнем выказваньняў у сацсетках дазваляе нам сказаць, што людзі падтрымліваюць не вайну, людзі падтрымліваюць сымулякр, які дзяржава сканструявала ў іх галовах.
Больш за 70% тых, хто падтрымлівае вайну, гавораць пра давер да афіцыйных крыніц інфармацыі. Яны бяруць інфармацыю пра вайну з прапаганды. А прапаганда кажа, што вайны ніякай няма, што мы не ваюем з украінскім народам, што няма абстрэлаў цывільных грамадзянаў, а ідзе спэцапэрацыя па ліквідацыі невялікай банды нацыстаў, якая незаконна захапіла ўладу ва Ўкраіне. І гэтая карціна ў галовах у большай часткі тых, хто выказваўся ў падтрымку вайны.
Дамінуючая эмоцыя ў сацыяльных сетках ня радасьць з прычыны вайны, не нянавісьць да ўкраінцаў (толькі 2% пастоў у сацсетках зьмяшчаюць варожасьць да ўкраінцаў і Ўкраіны). Дамінуючая эмоцыя — гэта спачуваньне ўкраінцам. І гэтае стаўленьне ўласьцівае як антываенным, так і праваенным пастам.
Людзі, якія за вайну, ладнай часткай спачуваюць украінцам і лічаць, што «мы іх вызваляем от нацыстаў».
Зараз мы аналізуем другую хвалю тэлефоннага апытаньня, якую мы правялі на мінулым тыдні. І па гэтых дадзеных мы бачым, што большая частка тых, хто падтрымлівае вайну, ня вельмі ведае, што там адбываецца. Расейцы не падтрымліваюць бамбаваньняў мірных гарадоў; яны падтрымліваюць тое, чаго папраўдзе няма.
На стаўленьне да вайны ўплывае камбінацыя фактараў. Самы важкі — гэта ўсё ж прапаганда. Але прысутнічае і фэномэн «кансалідацыі вакол сьцяга», і фэномэн адмаўленьня.
Адна з галоўных расейскіх «скрэпаў» — «абы не было вайны». Адзін з галоўных страхаў расейцаў — гэта страх перад вайной. Год таму «Левада-цэнтар» праводзіў вялікае дасьледаваньне аб страхах. Паводле яго, Трэцяй сусьветнай вайны баяліся больш за 60%.
У людзей сутыкненьне супрацьлеглых імпульсаў. Людзям страшна, што іх карціна сьвету можа разбурыцца. Іх выхоўвалі на тым, што вайны не павінна быць. І пры гэтым іхная краіна нападае на іншую краіну. Карціна сьвету можа разбурыцца ўшчэнт. Таму ахоўная рэакцыя — а не, гэта не вайна.
Ну і трэці чыньнік, які мы навукова даказалі ў апошняй хвалі апытаньня, — людзі баяцца даваць шчырыя адказы. У дыктатурах сацыялягічныя апытаньні вельмі абмежавана дэманструюць грамадзкую думку. Нават у дэмакратыях на вострыя пытаньні людзі даюць сацыяльна прымальныя адказы. А ў дыктатурах шчырыя адказы часам успрымаюцца і як небясьпечныя. Праўда, невядомыя выпадкі, каб некага прыцягвалі да адказнасьці за непажаданы ўладам адказ. Але людзі ўспрымаюць гэта як небясьпеку. Паводле апытаньняў, больш за палову расейцаў асьцерагаюцца рэпрэсіяў.
У другой хвалі дасьледаваньня мы далі магчымасьць рэспандэнтам адмовіцца ад адказу. І гэта істотна зьнізіла колькасьць антываенных адказаў.
Некаторыя рэспандэнты адказвалі: калі я вам адкажу шчыра, мяне могуць пасадзіць. У Расеі ўведзена ваенная цэнзура, уведзена адказнасьць за заклікі да спыненьня вайны.
У стаўленьні да вайны жанчыны настроеныя менш праваенна.
Самая распаўсюджаная эмоцыя ў сацсетках (30%) — спачуваньне ўкраінцам, на другім месцы — занепакоенасьць станам расейскай эканомікі, на трэцім — зьнявагі ў адрас Уладзіміра Пуціна. Дзьве апошнія эмоцыі — прыкладна па 15%. Відавочна, што тыя, хто зьневажае Пуціна, супраць вайны.
Вядомая схема эвалюцыі стаўленьня: адмаўленьне — гнеў — торг — дэпрэсія — прыманьне. І расейцам давядзецца прайсьці гэты шлях. Мы ўжо бачым, што адмаўленьне паступова пераходзіць у гнеў.