Чаму Гітлер напаў на Польшчу? Якую ролю беларусы адыгралі ў Войску Польскім? Распавёў гісторык
2022-08-31 21:46
1 верасня 1939 года пачалася Другая сусветная вайна. Калі гітлераўская Германія вераломна напала на Польшчу. Удар на сябе прыняло Войска Польскае, у якім служылі заходнія беларусы.
Пра гэта мы пагаворылі з сённяшнім госцем Радыё Рацыя з гісторыкам і кіраўніком суполкі партыі БХД у Варшаве Яўгенам Дудкіным.
РР: Чаму Нямеччына вераломна напала менавіта на Польшчу ў 39 годзе?
– Ужо на момант 1 верасня 1939 году Трэці Рэйх акупаваў Чэхаславакію, і меў магчымасць нападу на Польшчу з розных бакоў. З поўначы – з Усходняй Прусіі, з захаду і з поўдня. Былі акупаваныя Чэхія і Славакія, таксама саюзнікамі з’яўляліся Венгры. Спрыялі ўмовы. Пры гэтым звярніце ўвагу, што краіны захаду «праглынулі» той факт, што Чэхаславакія была аддана немцам толькі каб немцы не ваявалі на захадзе, а пашыралі сваю агрэсію на ўсход, супраць СССР. Ахвярай стала Польшча, якая адмовіла немцам у стварэнні экстэрытарыяльнага калідору паміж Нямеччынай і Усходняй Прусіяй. У СССР пашыралася прапаганда, што нібыта самі палякі супольна з немцамі рыхтавалі напад на Савецкі Саюз. Гэта паказвае, што сама Польшча мела палітыку раўнавагі: яна не хацела ўваходзіць у саюз ані з Савецкім Саюзам, ані з нацысцкай Нямеччынай. Польшча проста стаяла на шляху ў Гітлера для таго, каб рэалізаваць свой план націску на ўсход.
Яўген Дудкін падкрэсліў, як важна памятаць пра тыя падзеі, каб не дапусціць такой вайны ў будучыні.
Беларускае Радыё Рацыя