Чарговыя ланцуг салідарнасці і мітынг у Глыбокім
2020-08-22 23:04
Чарговыя ланцуг салідарнасці і вечаровы мітынг пратэсту прайшлі ў Глыбокім. Іх ладзяць глыбачане па абедзе і ўвечары пасля працы. Але людзей стала прыходзіць менш, пасля запужвання уладамі на працы і паведамлення міліцыянтаў пра тое, што яны могуць прымяніць сілу і спецсродкі.
Апошнім часам сілавікі сталі паведамляць пратэстоўцам, што іх акцыі несанкцыянаваныя і пагражаць адказнасцю.
Але, нягледзячы на гэта, самы смелыя грамадскія актывісты Глыбокага працягваюць стаяць да канца і выказваць уладам сваё незадавальненне тым, што чынілася ў краіне. Кажуць глыбачане:
– Выказваем пратэст у адносінах да таго, што адбываецца ў краіне, – бязмежжа ўладаў, гвалт над народам Беларусі. Таму кожны беларус мусіць выходзіць і быць салідарным толькі з народам.
– Выходжу ў ланцуг салідарнасці супраць зверстваў АМАПу і супраць жудасных фальсіфікацый выбараў.
– Нам плюнулі ў твар усім, усёй Беларусі. Бо Лукашэнка не набраў 80%. Ня ведаю, хто за яго галасаваў.
– Я выйшла за сваіх дзяцей, каб яны жылі ў свабоднай і мірнай Беларусі, каб на іх не кідаліся з дубінкамі, каб іх не катавалі ў засценках. Каб яны жылі свабодна і мірна. Мы не за вайну, мы – за мір і за свабодную, квітнеючую Беларусь!
У Глыбокім на прадпрыемствах запужваюць людзей, што яны могуць страціць працу, калі пойдуць на мітынг. А міліцыянты ўжо зноў пачалі складаць пратаколы на мітынгоўцаў і праводзіць прафілактычныя гутаркі і з тымі, хто ходзіць на акцыі, і з аўтамабілістамі, якія ім сігналяць у знак салідарнасці. Пратэстоўцы не выключаюць, што міліцыянты выканаюць любы, нават злачынны загад, але яны ўсё ж спадзяюцца на тое, што ў іх яшчэ засталася чалавечнасць.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя