Чаромха прымае этна-фолк фестываль «Мноства культур і народаў»
2022-07-22 16:43
27-ы раз мястэчка Чаромха, што месціцца ў Гайнаўскім павеце, ля самай мяжы з Беларуссю, прымае этна-фолк фестываль «Чаромха. Мноства культур і народаў».
Адметна, што фестываль у Чаромсе не прыпыняўся нават на час пандэміі і штогод збірае аматараў этна- і фолк-культуры не толькі з Польшчы, Беларусі ды Ўкраіны, але і з іншых краін і, нават, кантынентаў.
“Госця Рацыі” – нязменная яго арганізатарка – дырэктарка Дома культуры у Чаромсе – Барбара Кузуб-Самосюк: -Можна на гэтым фестывалі сустрэць багата культур, народаў, і не толькі з Еўропы, але і з Афрыкі, Амерыкі і Азіі. Ідэя фестывалю з самага пачатку яго існавння – гэта не толькі канцэрты, але і імпрэзы, майстар-класы, фільмы, канферэнцыі, сустрэчы з акторамі, кірмашы.
Зараз маем такі час – час бежанцаў. Вялікі будзе акцэнт на фестывалі на культуру бежанцаў. З розных прычын людзі пакідаюць Радзіму. З Беларусі людзі збеглі ў Польшчу, з Украіны людзі збеглі ад вайны. І тыя, хто ўцякаў з Блізкага Усходу і Афрыкі. Шмат будзе акцэнтаў, калі можна будзе пабачыць, сустрэцца і перажыць іншую сітуацыю.
Падчас міграцыйнага крызісу Чаромха і ўся гміна знаходзіліся ў зоне, мы жылі быццам у гета. Ні з аднаго боку нельга было прыехаць у Чаромху без патрулёў, пунктаў пропуску. Зараз крышку іншая сітуацыя. Мы перажылі 10 месяцаў этычнай, маральнай, гуманітарнай катастрофы. Спадзяюся, што фестываль крыху зменіць тое, што нас спаткала за 10 месяцаў.
Зараз складаная сітуацыя. Спадзяюся, што мы ўсё адбудуем, але гэта трэба рабіць усім разам. Таму запрашаю ўсіх на фестываль! Прыехаць да нас, заехаць па дарозе ў Белавежу, наведаць музей, рэстарацыі, прыехаць да нас на канцэрт. Трэба адзін адному дапамагаць, разам жыць, разам працаваць для лепшага свету.
РР: Сюды будзе нават бясплатны цягнік хадзіць. Улады таксама спрыяюць гэтаму фестывалю.
Барбара Кузуб-Самосюк: Так, Мазавецкая чыгунка, якая з’яўляецца партнёрам фестывалю, дала нам цягнік задарма. І ён бясплатна прыбудзе ў пятніцу з Варшавы Усходняй да Чаромхі. І ў нядзелю, пасля канцэрту, а 20 – у адваротным кірунку.
РР: Будзе ў людзей час паглядзець на той мур, які падзяліў зараз беларускую культуру і падляшскую.
Барбара Кузуб-Самосюк: Там шмат пастоў, людзей, магчыма, туды не пусцяць. Але мур, сапраўды, нас падзяліў. Мы мелі партнёрства з цэнтрам культуры з Высокага. Рабілі багата майстар-класаў, канцэртаў, яны прэзентавалі сваю кухню. А пасля пандэмія, праблемы з візамі, сітуацыя на мяжы, і ўжо трэці фестываль няма акцэнту на Высокае. Мур падзяліў не толькі прыроду, лес, паміраюць зубры, алені, і мы паміраем як людзі. Бо багата з нас маюць родных у Беларусі. Праўда, цяпер можам без візы ездзіць. Зараз вельмі сумная сітуацыя. Мы раней так файна супрацоўнічалі з Высокім. І не ведаю, калі вернемся да тых добрых часоў. Спадзяюся, што людзі здолеюць зруйнаваць мур паміж сабою. Мы мусім забыць пра гэта і супольна рабіць фестываль. У гэтым годзе акрамя ўласна мясцовага калектыва «Чарамшына», удзел у фестывалі возьмуць таксама Зміцер Вайцюшкевіч з Беларусі, «Гарына» ды «Гайдамакі» з Украіны ды дзясяткі іншых музыкаў і артыстаў з розных краін.
Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле.
Беларускае Радыё Рацыя