Летам у Варшаве стартаваў продаж крымінальнага рамана пра Воршу 1920-х гадоў «Гульні Цырцэі» аўтарства Змітра Дзядзенкі. Кніга выйшла ў выдавецтве «Камунікат» і, па словах выдаўца, карыстаецца вялікім поспехам. Раман увайшоў у шорт-ліст літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес» за 2024 год.
***
Гістарычны крымінал «Гульні Цырцэі» — беларускі нуар. У ім няма высакародных герояў у белых плашчах. Затое ёсць таемныя бардэлі, польскія шпіёны, сялянскія паўстанні і чэкісты, якія не маюць літасці ні да каго. А яшчэ ёсць дзіцячая імперыя, якая жыве сваім жыццём узбоч дарослага свету.
Беларускай літаратуры і беларускім чытачам пашанцавала, што ў нас быў
Уладзімір Караткевіч. Ён не толькі «пайшоў – і адзін нарадзіў Беларусь, // І для першага разу някепска ўдалося» (паводле вызначэння
Антона Рудака). Ён яшчэ і стаў заснавальнікам жанра гістарычнага дэтэктыву ў нашай літаратуры.
Беларускім пісьменнікам — не пашанцавала, што ў нас быў Уладзімір Караткевіч. Не толькі таму, што ўсю гістарычную прозу (а пагатоў з дэтэктыўным сюжэтам) сталі мераць па гэтай высокай мерцы. Не пашанцавала яшчэ таму, што Караткевіч стварыў шаблон беларускага гістарычнага дэтэктыву ў нягнуткай, закасцянелай рамцы ўласна дэтэктыву. І пайшлі гуляць па старонках твораў рамантычныя высакародныя героі без страху і дакору, якім супрацьстаяць зламысныя падступныя амаральныя персанажы без гонару і сумлення.
Імя ім — легіён.
Рэтра-крымінал «Гульні Цырцэі» Змітра Дзядзенкі (падзеі твора адбываюцца ў 1920 годзе) спрабуе выйсці па-за межы гэтага зачараванага кола. І, здаецца, робіць гэта аж з празмернай рашучасцю. У рамане не знойдзеш аніводнага высакароднага бледнага юнака, які гатовы аддаць жыццё ані за гонар і годнасць паненкі, ані за шчасце народнае.
Ды што там высакародныя юнакі! Няма ў творы ўвогуле ніводнага персанажа, якога можна было б без ваганняў назваць станоўчым. У каго ні тыкні пальцам — ці садыст, ці прайдзісвет, ці шантажыст. Адзін таемна здымае на фота гарадское начальства ў бардэлі, каб шантажаваць яго. Другі гатовы кінуць заданне камандавання, якое паслала яго з разведвальнай місіяй, і заняцца пошукамі забойцы свайго дзядзькі. Трэці гатовы кулакамі выбіваць «царыцу доказаў» — прызнанне абвінавачанага… І гэта толькі тыя персанажы, якія не трапілі ў абазначаную аўтарам «банду Віславуха», якую таксама складаюць далёка не анёлы.
А галоўны герой — малады чэкіст Раман Васільчук яшчэ і здраджвае цягам усяго рамана. Здраджвае сваёй каханцы (а потым раўнуе за тое, што яна яго кідае). Здраджвае свайму настаўніку Паўлу Дадэрку, калі таго арыштоўваюць.
Зрэшты, здрайцам у рамане выступае не ён адзін. Бадай ці не ўсе асноўныя персанажы «Гульняў Цырцэі» замазаныя гэтай чорнай фарбай. Адзін здраджвае сваім продкам і Бацькаўшчыне, другі — сябрам, трэці пераступае праз нормы маралі і закону.
На выхадзе атрымліваецца гэткі «беларускі нуар» — раман з дэтэктыўнай завязкай без выразных пазітыўных герояў. Звычайна ў нуары дзейнічаюць прадажныя копы і бязлітасныя злымыснікі, у ім — куплены секс і алкаголь ракой, у ім — кулак важыць болей, чым закон.
У «Гульнях Цырцэі», як належыць жанру нуар, ёсць месца і сексу, і жорсткасці. Прычым яны не толькі служаць для характарыстыкі персанажаў, але і рухаюць наперад дзеянне.
Увогуле, цынізм і жорсткасць напаўняюць старонкі рамана, нібы тая атрута, якой сляпы Хорхе ў «Імені ружы» насыціў старонкі забароненага твору Арыстотэля. І гэта пакідае даволі спецыфічны посмак ад чытання: разумееш, чаму чалавек з рэвальверам і «корачкай» чэкіста пачуваецца ўсеўладным і беспакараным.
На фоне гэтай лютасці эпізоды сентыментальнасці звяртаюць на сябе ўвагу. «Пры ўсёй жорсткасці байцоў ЧК, як маладых, так і старэйшых, нечакана бачым іх чалавечае стаўленне да гібелі аднаго хлопчыка і знікнення другога. У нейкі момант нават не верыцца», — піша
Валер Гапееў. А потым сам тлумачыць, што гэта, маўляў, праяўляецца нявыкараненая яшчэ чалавечнасць.
А можа, усё не так? Можа, гэта тая самая крымінальніцкая сентыментальнасць і пяшчота да «матулі», якую зручна выказваць у песнях, бо яна нічога не каштуе? А вось рэальную маці можна і пабіць, калі грошы не аддае. Так і тут — лёгка шкадаваць ужо забітага…
Дарэчы, пра дзяцей. Асобнай сюжэтнай лініяй у «Гульнях Цырцэі» праходзіць гісторыя «дзіцячай імперыі». Там ёсць сваё войска і свае грошы, свае скарбы і нават свае калоніі.
Але калі хтосьці чакае ад гэтай часткі гісторыі лёгкасці, адпачынку і дзіцячай непасрэднасці, дык ён жорстка абламаецца. Бо дзіцячы свет не менш бязлітасны, чым свет дарослых, а часам — нават і больш. Тут ёсць свае здрады, падступнасць, злосць і лютасць. І ўзнікаюць яны не ад сутыкнення са светам дарослых, а прарастаюць, як пустазелле, з саміх дзіцячых душаў.
Аўтар піша не «Валадара мух», вядома ж, але і не глядзіць на дзіцячы свет наіўна-шчырым позіркам. Нуар, паненкі і панове! Нікуды ад яго не падзецца.
Парушае аўтар «Гульняў Цырцэі» і яшчэ адну кананічную рысу беларускага гістарычнага дэтэктыву.
Ад часоў Караткевіча ў творах гэтага жанру Беларуссю і яе гісторыяй прынята ганарыцца. У рэтра-крымінале Дзядзенкі дзейнічае прадстаўнік беларускага нацыянальнага руху, якога так і хочацца назваць Настаўнік-Недарэка. З’яўляецца ён у рамане ў некалькіх эпізодах і вялікай сімпатыі не выклікае. Бачна, што і сам аўтар ставіцца да яго з вялікім скепсісам, бо гэты персанаж па сваім духоўным развіцці мала адрозніваецца ад шэрай масы гараджан, падзяляючы большасць іхных аблудаў і забабонаў. А ягоная беларушчына выглядае хутчэй на дзівацтва і наіўнае летуценне, што нагадвае хіба што аналагічных персанажаў-студэнтаў з «Дзвюх душаў»
Максіма Гарэцкага.
Зрэшты, гэтакі змрочны і бязлітасны («нуарны») погляд на беларушчыну выглядае з боку аўтара невялікім какецтвам. Іначай навошта было б пісаць свой раман па-беларуску?