«...Чыніць дабро, калі бачым, што дзеецца зло»
2021-12-12 18:32
Голас з беларуска-польскага памежжа пра тое, як мясцовыя жыхары ставяцца да мігрантаў, якія з’явіліся на мяжы.
Шэсць гадоў таму Еўропа сутыкнулася з вялізарным наплывам мігрантаў, якія ў першую чаргу імкнуліся трапіць у Еўропу, уцякаючы ад грамадзянскай вайны ў Сірыі. Сёлета еўрапейская супольнасць сутыкнулася з новай хваляй, гэтым разам выкліканай спробай беларускага дыктатара Лукашэнкі міграцыйным шантажам змусіць Еўропу да прызнання яго ўлады і адмены санкцый. Мігранты ды ўцекачы з Блізскага Усходу сталі для яго зброяй.
Сёлета як і ў 2015 еўрапейскае грамадства падзялілася ў сваім стаўленні да праблемы. Адныя крытыкавалі пазіцыю ўрадаў Польшчы ды Літвы не пускаць мігрантаў на сваю тэрыторыю і выдаляць, тых, хто прарваўся. Іншыя хвалілі, аргументуючы тым, што Еўропа не гумовая, і калі паддацца цяпер, тады такія крызісы будуць рэгулярна паўтарацца.
У гэтай дыскусіі гучаць розныя галасы: выказванні палітыкаў, каментары ў інтэрнэце. Мы хочам прадставіць бачанне з Памежжа. Жыхарка рэгіёну на мяжы Польшчы і Беларусі Соня пагадзілася падзяліцца сваімі развагамі наконт таго, што яна ўбачыла гэтай восенню на мяжы. - У першую чаргу ідуць людзі і таму гэтым людзямі трэба дапамагаць. Мясцовыя жыхары дапамагаюць, хоць і не ўсе. Таму, што ёсць адпаведны пасыл нашай дзяржавы. З таго, што ёсць маральным і законным абавязкам, бо па законе караецца не аказанне дапамогі, робяць адваротнасць. Нас цкуюць, ладзяцца сустрэчы, дзе дэгуманізуюць тых, каго можна сустрэць у лесе. Кажуць, што яны тэрарысты, бандыты, і, каб ім не дапамагаць. Таму частка людзей баіцца, але я з тых, хто не баіцца.
Чаму Вам не страшна? У сеціве можна прачытаць шмат, што людзі, якія спрабуюць трапіць з Беларусі ў Нямеччыну праз Польшчу, не з’яўляюцца ўцекачамі, яны спрабуюць пасяліцца ў багацейшай краіне, каб лягчэй жыць.- Я ніколі не баялася лесу ды людзей не баюся. Нават не баюся нацыяналістаў, якіх таксама часам можна сустрэць у лесе. Нацыяналісты палююць на мігрантаў, здараліся выпадкі збіцця. Дарэчы, сярод, тых, хто ідзе, ёсць не толькі мігранты, хто мае эканамічныя прычыны, ідуць таксама ўцекачы, людзі, якія ўцякаюць з месцаў, дзе іх жыццё пад пагрозай. Я сама сустрэла ў лесе языда, на дадзены момант гэта адна з найбольш пераследаваных меншасцяў у свеце. Ён мне паказаў, што быў тут і тут: Нараўка, Клешчэле, Кузніца, 7 push back-аў (выдаленняў). Калі мы ідзем у лес, каб ім дапамагчы, ніколі не вядома, каго сустрэнеш. Таксама асабліва не пакантактуеш, таму што калі сустракаеш у лесе замерзлых і галодных людзей, якія ўсе мокрыя, няма часу на глыбокія гутаркі. Трэба хутка прыбегчы, даць ім ежу ды цёплую вопратку, каб яны маглі выжыць.
Пры гэтым цяпер уцекачы ўсё часцей дэманструюць страх, баяцца іншых людзей, - кажа наша суразмоўца.- Я працую ў памежнaj паласе, мы пачалі яе называць “зонай”, як у кнізе песменнікаў Стругацкіх. Жыву па-за “зонай”, але там таксама сустракаю гэтых людзей. Яны ўжо пачалі нас баяцца, нас – палякаў. Баяцца, бо чулі пра напады, бо думаюць, што мы пераапранутая паліцыя, таму, што сутыкнуліся з жорсткасцю з беларускага боку. Калі іх затрымліваюць у Польшчы, ім нічога не тлумачаць, саджаюць у грузавік і кудысці вязуць. І толькі калі яны бачаць агароджу, разумеюць, што польскі бок іх выштурхоўвае. Гэта “прыгожа” называецца "выдаленнем". Шанец застацца атрымоўваюць толькі тыя, хто ў кепскім стане. Іх лечаць. Дарэчы, мы самі выклікаем памежнікаў, калі знаходзім людзей у кепскім стане. Мы просім памежнікаў, каб заняліся імі, на гэта ёсць адпаведныя дакументы і працэдуры, якія не дазваляюць іх адразу выдаліць. Пачынаецца праверка, працэдура разгляду іх справы, вызначэнне статусу, ці маюць права тут знаходзіцца, ці не.
Скажыце, як у Вас атрымоўваецца паразумецца з імі, на якой мове, ці яны расказваюць свае гісторыі? - Самае сумнае тое, што сустракаеш гэтых людзей, кожны з іх мае сваю асабістую гісторыю, але яны настолькі запалоханыя, што просяць толькі есці або піць ды ідуць далей. Вядома мова - гэта перашкода. Яны гавораць на мовах невядомых у нашым памежжы. У нас гавораць па-польску, па-беларуску, "па-свойму", часам па-украінску, а ў іх чатыры курдскія гаворкі, арабская мова. Я сустрэла ў лесе людзей з Емену, Егіпту. Часта размаўляеш знакамі, бо яны рэдка гавораць па-ангельску. Часта тут няма сувязі і анлайн перакладчыкі не дзейнічаюць. Паказваеш яму ці хочуць есці, яны спрабуюць тлумачыць, што ім баліць. Часам атрымліваецца паразумецца, а часам не. Была сітуацыя, калі я напаткала ў лесе пяць чалавек. Чатыры варушыліся, а пяты – не. Падыйшла, крыху штурханула, як вучаць ратавальнікі, а чалавек трымаецца за жывот. Не вядома, ці яго збілі, ці бруднай вады напіўся. Цяпер яшчэ пераахалоджванне дайшло. Нам давялося навучыцца, як распазнаваць розны ўзровень пераахалоджання, каб не зашкодзіць гэтым людзям. Мы – жыхары – не былі гатовыя на гэта, нас улады пакінулі саміх.
Як на ўзніклую сітуацыю рэагуюць мясцовыя жыхары: баяцца, напружаныя, абыякавыя, варожыя да мігрантаў?- Мне здаецца, што мы жыхары памежжа – іншыя нават сярод сваіх, іншасць у нас была заўсёды, таму і з’явілася суседская ўзаемапомач, група людзей, якія гатовыя дапамагаць. Розным спосабам, не ўсе ходзяць у лес. Мне не раз даводзілася хутка хапаць заплечнік і бегчы ў лес, бо была патрэба ў дапамозе. Іншыя збіраюць дапамогу, складуюць. Нехта іншы ведае лясныя сцяжыны, добры ў лагістыцы. Мы абменьваемся ведамі ды досведам. Няма крытыкі таго, што мы робім, ці даносаў. Найчасцей ёсць маўклівая падтрымка сярод мясцовых, якія самі не дапамагаюць. Адзіная канфліктная група – нацыяналісты, якіх выпускаюць у якасці патрулёў дружыннікаў. Вынік іх актыўнасці – знішчэнне машыны лекараў ды збіццё выпадкова сустрэтых уцекачоў. Гэта робяць не мясцовыя жыхары, а “гастролі” прыезджых груп, якія вядома, бываюць ёсць.
СМІ неяк апісвалі сітуацыю ў Кузніцы, дзе на пераходзе быў вялікі штурм, тады ў мястэчку зачыніліся школы, людзі пазакрываліся ў хатах. Быў страх. Як у вас?- Сярод людзей старэйшага ўзросту ёсць такія, хто непакоіцца і баіцца. Гэты страх накручваюць улады. Напрыклад, жаўнеры ды памежнікі ходзяць ды расказваюць людзям страшныя гісторыі пра ўцекачоў. Гэта чуюць людзі, якія памятаюць, што калі з’яўляецца войска, можа быць па-рознаму. Напрыклад, мая саседка, мяне папярэджвала не хадзіць у лес, бо ідуць не хрысціяне, (так ёй казалі жаўнеры) і яны жудасныя рэчы робяць. Разам з гэтым ёсць зусім іншыя гісторыі. Людзі кажуць, што мігрантыя былі ў іх у хляве, альбо што заходзілі ў пустую хату. Не бачна, каб нагрэліся, але ўсё за сабой прыбралі, альбо ўсё смецце пакінулі ў адным куце. Пры гэтым, тыя ж нашыя службы на мяжы спальваюць пластык, рубяць лес, каб сагрэцца. Уводзіцца непатрэбная мілітарызацыя. Выходзіш за гумно, а тут на цябе кідаюцца жаўнеры: Хто такая, што тут робіш? Шок!
Дарэчы, як ставяцца польскія жаўнеры, памежнікі да мігрантаў на польскай тэрыторыі? - Жаўнеры часта дапамагаюць. Агрэсіўнае кіданне камянямі здараецца толькі тады, калі беларускія сілавікі збіраюць мігрантаў у большыя групы ды змушаюць іх ісці на прарыў. Я сама чула ад мігрантаў, якім дапамагала, што «Polish soldiers good, Belarusia not good» («польскія салдаты добрыя, беларускія не добрыя»). Беларускія сілавікі агрэсіўныя, цкуюць сабакамі, страляюць, б’юць тых, хто не хоча кідаць камяні ў бок палякаў. Беларусы б’юць ім тэлефоны, абкрадаюць іх. Нашыя - не, трымаюцца еўрапейскіх каштоўнасцяў. Хаця напаткала я ў лесе егіпцяніна, які казаў, што хворы і прасіў дапамогі. Я кажу «сюды ніводзін лекар не прыедзе». Ён глядзіць здзіўлены на мяне, бо я пачаставала яго супам, дала хлеб, і кажа: «Як, тут жа Еўрасаюз, тут ёсць правы чалавека і я таму сюды ўцякаў?». Я кажу яму, што каб атрымаць дапамогу мусіш быць больш хворы і не тут, не ў зоне. Такая рэчаіснасць. Пры гэтым, я сама бачыла і чула, што нашыя дзеляцца тым, што маюць у заплечніках. Нават дробяззю. Раз бачыла, як далі чыпсы. Для таго, хто шмат дзён не еў, чыпсамі не наясіся, але лепш так, чым нічога. Жаўнеры нам казалі, што калі хочаце накарміць дзяцей, адвядзіце іх у бок, каб дарослыя не забралі.
Экстрэмальная сітуацыя абуджае ў людзей не толькі добрыя бакі, але і зусім іншыя інстынкты, распавядае жанчына.- У гэтай жудаснай сітуацыі на мяжы ў людзей ажываюць першабытныя інстынкты. Яны хочуць выжыць любым коштам. Хаця бываюць і прыклады ўзаемнай дапамогі з боку людзей, незалежна ад паходжання ды ўзросту. Але бывае і так, што ідзе група, і там ёсць слабая адзінка, якая не паспявае, тады група яе кідае. Так здарылася з адной маладой дзяўчынай. Група ішла праз лес ды багна, а яна знясілела, была параненая. Яе кінулі, бо яна запавольвала тэмп маршу групы, дзе былі ў асноўным маладыя мужчыны.
Цяпер ўмовы для жыцця ў лесе вельмі складаныя. Той факт, што польскае грамадства адгукнулася на сітуацыю, ёсць людзі, якія дапамагаюць, паўплываў на адсутнасць вялікай колькасці трупаў на мяжы, кажа Соня.
- Скажу шчыра, тое, што няма трупаў, дзе самыя складаныя ўмовы ў Белавежскай пушчы, на багнах вакол водасховішча Семяноўка, вялікая заслуга актывістаў, якія сюды прыязджаюць. Яны маюць свае пункты ды самі дапамагаюць, а таксама вучаць нас мясцовых. Мы ж не ведаем, што пры пэўным ўзроўні пераахалоджання нельга падымаць чалавека, бо цёплая кроў змяшаецца з халоднай, і ўсё – смерць. Мы такіх рэчаў не ведаем, нас кінулі адных, на самаарганізацыю. Тыя, хто павінен дапамагаць - нас кінуў. Маладыя жаўнеры, усе такія засяроджаныя, лётаюць па лесе, палююць на людзей, якія ані не забілі нікога, ані згвалтавалі, проста хочуць атрымаць шанец на лепшае жыццё. Але ім даводзіцца за гэтыя мары заплаціць вялізарную цану. Пры 10 градусным марозе спрабуй выжыць у тоненкім спальным мяшку. Нядаўна знайшлі менавіта такога чалавека, які проста замёрз. Я сама такіх не бачыла, але бачыла людзей крайне знясіленых. Нашыя ўлады павінны нам дапамагчы, а не крычаць, чаго мы такія наіўныя бегаем па лесе і дапамагаем уцекачам.
Як Вам удаецца дапамагаць у такіх умовах?- Мы карыстаемся нашым правам мясцовых жыхароў, што можам знаходзіцца ў зоне, і дапамагаем. На пытанне, што тут робім, адказваем шчыра, што дапамагаем. Часам прамаўчым. Яны таксама усё разумеюць, і толькі правераць дакументы, часам нешта скажуць. Гэта ўсё таму, што яны ведаюць, што наша дапамога бясплантая, валанцёрская. Я лічу, што мы нібы ачышчаем іх сумленне. Хаця частка нашых радыкалізуецца, калі бачыць, як добра апрануты і наедзены патруль з пагардай выказваецца пра тых, людзей, ад якіх мы вяртаемся, ці да якіх ідзем. Нам нічога не могуць зрабіць. Тым, хто тут не жыве, могуць даць штраф, арыштаваць, нас - жыхароў не чапаюць.
Якое вырашэнне сітуацыі вы бачыце?- Я лічу, што павінен быць гуманітарны калідор, каб яны маглі зайсці, іх правераць, спраўдзяць прычыны прыезду, а не выкідваць іх моўчкі. Службы нам кажуць: вы не ведаеце, што яны чыняць.Перакідваюць дзяцей праз плот. Я сама была сведкам, як з групай ішоў бацька з трыма дзецьмі. Малодшы трохгадовы хлопец увесь час плакаў. Ён паказваў бутэльку, што хоча піць. А там чорна-зялёная брудная вада. У дзіцяці балеў жывот. Пытаюся, дзе маці, кажа злавілі разам з меншым дзіцём. Гэта рэальныя сем’і і сапраўдныя трагедыі адбываюцца.
Людзі на памежжы не баяцца дапамагаць, тлумачаць, што «як нашы калісці ўцякалі на Захад, яны таксама сустракалі як зло, так і дабро, так і мы мусім цяпер дапамагаць, чыніць дабро, калі бачым, што дзеецца зло».
Размаўляў
Юры Ліхтаровіч