- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Мы сядзім побач, звесіўшы частакольчыкам чатыры нагі, едзем па лесе ці доўгім прагалам, ці зарослай дарогай, нагамі ды коламі даўно не таптанай, не ўкатанай, не выбітай. Пасля халоднай вясны ў цяперашнім мінорна-задумлівым шэпаце запознена-цёплых, з прыпарачкам пасля ціхага дожджыку, яшчэ скупаватых на сонейка днях пачыналася нясмелае, падобнае сваім понаравам да нас, тутэйшых лесавых людзей, лета; зелянінка навокал блішчэла макенькая, чысценькая, у кожным каліўцы непаўторна духмяная, і дарога кацілася духмяная — трава ды трава, кветкі ды кветкі, ані знаку, што тут дарога і нехта яшчэ, апроч нас, яе топча; злева і справа, наперадзе і за спінамі — лясныя сцены, не загусцелыя і задумлівыя ў сваім шэпце. Спачатку, як выехалі на гэтую пуцявінку, я быў здзівіўся, што на ёй ані слядочка ад ног, капытоў, колаў, а пасля, праехаўшы далей, паўглядаўшыся ў яе з трывогаю, даўмеўся: каму ў зоне, арыштаванай ды выгараджанай. дзе калючым дротам, дзе людскімі перасцярогамі-страхамі, хлуснёю ды здрадаю, дарогі таптаць? Чалавек тут, свой і чужы, рэдкі госць, а тым больш з канём ці на машыне. Хіба здзічэлы без гаспадара сабака ці воўк, сам сабе гаспадар, аб’явіцца, спыніцца, звесіць лыч і замрэ, вынюхваючы, ці ёсць тут якая небяспека або спажыва. (фрагмент)