be

Чарняўскі Міхась

Чарняўскі Міхась

Чарняўскі Міхась (07.03.1938, в. Круці Вялейскага пав. Віленскага ваяводзтва (цяпер Мядзельскі р-н Менскай вобл.)), адзін з актыўных удзельнікаў інтэлектуальнай апазыцыі, удзельнік клюбу вольнадумнай інтэлігэнцыі «Акадэмічны асяродак», які быў разгромлены ў 1973-1974. Ч. - археоляг, займаецца праблемамі першабытнай гісторыі Беларусі. З 1966 працуе ў інстытуце гісторыі Акадэміі навук Беларусі, з 1971 - кандыдат гістарычных навук. У 1962 Ч. стаў адным з арганізатараў «Акадэмічнага асяродку» - клюбу пераважна супрацоўнікаў Акадэміі Навук БССР, якія бачылі сваё прызначэньне ў зборы і трансьляцыі інфармацыі аб беларускай нацыянальнай і дэмакратычнай традыцыях. Сябры гуртка зьбіралі ўспаміны, кнігі і часопісы пераважна часоў знаходжаньня Заходняй Беларусі ў складзе Польскае дзяржавы. Для гэтага арганізоўваліся экспэдыцыі ў малыя мястэчкі, ладзіліся сустрэчы з вэтэранамі нацыянал-дэмакратычнага руху Беларусі (Ларыса Геніюш, Язэп Сушынскі, Мікола Ўлашчык ды інш.). Ч. і «Акадэмічны асяродак» у цэлым асаблівую ўвагу надавалі ўсталяваньню кантактаў са студэнцтвам - распаўсюджаньню сярод іх сабранай інфармацыі, прыцягваньню ў сфэру сваёй дзейнасьці.

Наладжваліся кантакты таксама зь іншымі вольнадумнымі групамі ў Беларусі і за яе межамі. У Менску партнэрскія адносіны «Акадэмічнага асяродку» ўсталяваліся з аб'яднаньнем незалежных мастакоў «На Паддашку», а Ч. непасрэдна ўваходзіў у гэтае аб'яднаньне зь сярэдзіны 1960-х. Прыярытэтнымі былі адносіны з украінскімі патрыятычнымі коламі. Так, у 1964-1965 Ч. устанаўліваў кантакты з дэмакратычна настроенымі супрацоўнікамі ўкраінскай Акадэміі Навук, пераважна ў інстытуце мовазнаўства [1].

Маральным лідэрам «Акадэмічнага асяродку» быў беларускі літаратар Уладзімір Караткевіч. Ч. быў адным з арганізатараў акцыяў «Акадэмічнага асяродку», а таксама быў актыўным у падтрыманьні кантактаў з другімі аб'яднаньнямі вольнадумцаў. «Акадэмічны асяродак» займаў адметнае месца ў асяродзьдзі беларускай апазыцыі таталітарнаму рэжыму, сканцэнтраваўшы сваю ўвагу на асьвеце і пэрсанальнай працы зь людзьмі. Ч. узгадвае: «...мы сьвядома імкнуліся пазьбегнуць магчымых абвінавачаньняў у антыкамунізме. Мы сыходзілі з таго, што беларускай... інтэлігенцыі, падрыхтаванай да якіх-небудзь дзеяньняў, на той час было вельмі мала. Наш даволі слабы рух было лёгка прыдушыць, і мы не маглі губляць сілы на агульнадэмакратычныя задачы... Нават у час акупацыі Чэхаславаччыны ў 1968 годзе пасьля цяжкіх роздумаў і дыскусіяў было вырашана ўстрымацца ад публічных акцыяў пратэсту» [3]. Трэба адзначыць, што такая пазыцыя мела апанэнтаў у беларускім грамадзтве. Вядомая палеміка з удзельнікамі «Акадэмічнага асяродку» Анатоля Сідарэвіча, які абвінаваціў сваіх калегаў па дэмакратычным лягеры ў «культурніцтве».

Калі ў 1972-1973 КГБ займалася разгромам патрыятычнага руху ва Ўкраіне, то пры ператрусах і на допытах былі выяўленыя сьляды сувязяў зь Беларусьсю - у рукох КГБ апынулася некалькі лістоў сябраў «Акадэмічнага асяродку» з ацэнкай нацыянальнай палітыкі КПСС, а таксама з выкладам плянаў каардынацыі супрацьдзеяньня гэтай палітыцы. КГБ непасрэдна занялося «Акадэмічным асяродкам» улетку 1973 - у Менску і ў другіх гарадах Беларусі пачаліся допыты. Разам на гэтыя допыты было выклікана каля сотні навукоўцаў, выкладчыкаў унівэрсытэтаў, студэнтаў. КГБ устанавіла, што Ч. быў прывезены з Украіны рукапіс кнігі Ў.Дзюбы «Інтэрнацыяналізм або русіфікацыя» дзеля яго пашырэньня ў Беларусі.

КГБ пачало раскручваць справу пра падпольную нацыяналістычную арганізацыю. Але тут умяшалася кіраўніцтва ЦК КПБ, якое было незацікаўленае ў пашырэньні інфармацыі пра справу - паводле партыйнай дактрыны, Беларусь была самай інтэрнацыянальнай рэспублікай СССР, дзе ўвогуле не магло існаваць якой-небудзь апазыцыі і якога-небудзь нацыяналізму. Акрамя таго, першы сакратар ЦК КПБ Пётар Машэраў быў заняты павышэньнем свайго статусу ў Маскве, і яму не былі патрэбныя скандалы. Тут закручваецца своеасаблівая інтрыга паміж КГБ і ЦК КПБ. Мясцовае КГБ стала апэляваць непасрэдна да свайго кіраўніцтва ў Маскву. Каб разабрацца з гэтай справай, ЦК КПСС даслала эмісара. У выніку паміж уладамі быў дасягнуты пэўны кампраміс - судовы працэс ня будзе пачынацца, але актывісты «Акадэмічнага асяродку» павінны панесьці пакараньне, як мінімум, іх трэба звольніць з працы.

Узімку 1973-1974 пачалася ідэалягічная падрыхтоўка акцыі пакараньня. Партыйныя прапагандысты па ўсёй Беларусі ў сваіх лекцыях распавядалі пра раскрыцьцё нацыяналістычнай арганізацыі, якая рыхтавала адрыў Беларусі ад СССР і імкнулася да рэстаўрацыі капіталізму. За актывістамі «Акадэмічнага асяродку» было наладжанае пастаяннае сачэньне. Ч. узгадвае: «Назіральнікі не адыходзілі ні на крок, нават глядзелі, што жонкі падкантрольных набывалі ў крамах. Раптам зьяўляліся некаторыя даўнія і ўжо даўно забытыя знаёмыя, якія загарэліся сяброўскімі пачуцьцямі, жаданьнем прасякнуцца сутнасьцю справы і, вядома, дапамагчы. Да месца будзе заўважыць, калі кампанія барацьбы з нацыяналістамі мінула, яны зноўку зьніклі з нашага поля зроку» [3].

Ч., а таксама Алесь Каўрус (Інстытут мовазнаўства), Віктар Лапуць (Інстытут геалёгіі), Сьцяпан Місько (Інстытут мастацтвазнаўства), Зянон Пазьняк (асьпірант Інстытута мастацтвазнаўства), Мікола Прашковіч (Інстытут літаратуры), Валянцін Рабкевіч (выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыкляпэдыя») былі звольненыя з Акадэміі Навук і трапілі пад дзеяньне няпісанага правіла забароны на прафэсію - яны не маглі ўладкавацца на якую-небудзь інтэлектуальную працу. Ч. быў звольнены з пасады старшага навуковага супрацоўніка з фармулёўкай - «не адпавядае займанай пасадзе» [2]. Ч. здолеў уладкавацца толькі рознарабочым на адное невялікае менскае прадпрыемства [5:60]. «Але найбольш дыскамфортнае пачуцьцё было з-за інфармацыйнай блякады. Рукапісы кніг і артыкулаў удзельнікаў гуртка выкідваліся з плянаў выдавецтваў і з рэдакцыяў, з усіх публікацыяў выкрэсьлівалася нават узгадка іх імёнаў, забаранялася рабіць спасылкі на іх працы. Чалавек нібы зьнікаў зь белага сьвету, як ніколі ня жыў!» - узгадвае Ч. [3].

Пасьля працоўнага дня Ч. выступаў перад рабочымі зь лекцыямі па гісторыі Беларусі [4:375], займаўся навуковымі дасьледаваньнямі, пісаў артыкулы, спадзеючыся іх апублікаваць у будучыні. Зноў уладкавацца па спэцыяльнасьці ў інстытуце гісторыі Ч. здолеў ужо пазьней, але ж непасрэдна да перабудовы яму не дазвалялі выяжджаць за мяжу. І надалей Ч. прымае актыўны ўдзел у дэмакратычным руху: увосень 1988 - у пачатку 1989 ён сябра Аргкамітэту БНФ, у канцы 1990 - пачатку 1991 - у Аргкамітэце Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Грамады. У наш час Ч. - адзін з выбітных палітыкаў Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Партыі (Народная Грамада).

Памёр Міхась Чарняўскі 20 студзеня 2013 году ў Менску пасьля цяжкай і працяглай хваробы.

Кр.: 1. ANH, F-3 (Міхась Чарняўскі); 2. НА РБ. Ф. 4, воп. 20, спр. 518, арк. 248.

Літ.: 3. Чарняўскі М. Акадэмічны патрыятычны асяродак (60-я гады) // Шуфляда. Т. 1, 1999; 4. Арлоў У. «Совершенно секретно», або Адзін у трох іпастасях. - Менск, 1992; 5. Лыч Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. - Менск, 1996. С. 374-375.

Алег Дзярновіч

Чарняўскі Міхась. Выданьні

Ня бойцеся ахвяраў і пакут
pdf

Ня бойцеся ахвяраў і пакут

Дакумэнты і матэрыялы пра дзейнасьць мядзельска-смаргонскага антыкамуністычнага падзем\'я (1948-1950 гг.)
Чарняўскі Міхась, укладальнік

Часам можна пачуць меркаваньне, што ў саветызаванай. Беларусі не было пасьляваеннага антыкамуністычнага руху, адсутнічалі спробы супраціву рэжыму. Гэтакая думка ня мае нічога агульнага з рэчаіснасьцю. У Беларусі быў шырокі антыкамуністычны супраціў. Але наша краіна знаходзілася тады пад вельмі шчыльным... Болей »

Як пошуг маланкі
pdf epub

Як пошуг маланкі

Расціслаў Лапіцкі
Чарняўскі Міхась

У кнізе апавядаецца пра жыццё i дзейнасць Расціслава Лапіцкага (1928-1950), стваральніка i кіраўніка нелегальнай моладзевай арганізацыі, змагара супроць таталітарызму, за свабоду i незалежнасць Айчыны. Для шырокага кола чытачоў.... Болей »

Дзесяць бітваў
pdf

Дзесяць бітваў


Чарняўскі Міхась

Аўтар цікава апавядае пра бітвы сторадаўніх часоў (ад адзінаццатага да сямнаццзтага стагоддзя), у якіх нашыя прадзеды выявілі асаблівую мужнасць і рыцарскае майстэрства. Кніга багата ілюстраваная — картамі, дзе паказаныя перамяшчэнні войскаў, схемамі і выявамі бітваў, партрэтамі герояў, малюнкамі тагачаснай... Болей »

Ілюстраваная гісторыя старадаўняй Беларусі
pdf

Ілюстраваная гісторыя старадаўняй Беларусі

Першабытны перыяд
Чарняўскі Міхась

У кнізе папулярна апавядаецца пра старажытнейшы перыяд гісторыі Беларусі — ад першапачатковага засялення краю ў ледавіковую эпоху і да эпохі Вялікага перасялення народаў. Кніга багата ілюстравана малюнкамі і фотаздымкамі археалагічных матэрыялаў, картамі, схемамі і рэканструкцыямі. Адрасуецца вучням... Болей »

Правадыр крылатых вершнікаў
pdf epub

Правадыр крылатых вершнікаў

Ян Кароль Хадкевіч
Чарняўскі Міхась

У кнізе апавядаецца пра слаўны і драматычны жыццёвы шлях Яна Кароля Хадкевіча (1560—1621), які быў адным з найвыдатнейшых палкаводцаў, што нараджаліся на беларускай зямлі. Чвэрць стагоддзя шабляй жаўнера і булавой гетмана ён слугаваўся Бацькаўшчыне. Нават апошні дзень яго зямнога быцця прайшоў пад гарматную... Болей »

Ілюстраваная гісторыя старажытнай Беларусі
pdf

Ілюстраваная гісторыя старажытнай Беларусі


Чарняўскі Міхась

У кнізе ў сціслай i даступнай форме, з выкарыстаннем багатага ілюстрацыйнага матэрыялу, расказваецца пра пакручасты гістарычны шлях Беларусі, пачынаючы ад яе першапачатковага засялення i да эпохі ўсталявання старажытнабеларускай дзяржавы — Полацкага княства. Адрасуецца вучням сярэдняга школьнага ўзросту... Болей »

Старажытныя шахцёры на Росі

Старажытныя шахцёры на Росі


Чарняўскі М. М., Кудрашоў В. Я., Ліпніцкая В. Л.

На падставе матэрыялаў, здабытых аўтарамі на працягу шматгадовых раскопак, усебакова разглядаецца Краснасельскі археалагічны комплекс каменнага і бронзавага вякоў, які ўключаў у сябе разнастайныя аб'екты гаспадарчага, жыллёвага і сакральнага характару — крэмнездабыўныя шахты, крэмнеапрацоўчыя майстэрні, сезонныя... Болей »

Вогнепаклоннікі
pdf epub

Вогнепаклоннікі


Чарняўскі Міхась

У кнізе змешчаны аповесць і папулярныя нарысы вядомага беларускага археолага і папулярызатара гістарычных ведаў Міхася Чарняўскага, якія знаёмяць юнага чытача з далёкай мінуўшчынай. Над рэчкаю, што каралеўскім росчыркам кружляла па лугавіне, уздымалася старадаўняе Гарадзішча — высокі ўзгорак са стромкімі... Болей »

Вогнепаклоннікі
pdf

Вогнепаклоннікі

Кніга для вучняў
Чарняўскі Міхась

Прапануемая кніга археолага, кандыдата гістарычных навук М. М. Чарняўскага з'яўляецца працягам кнігі «Страла Расамахі», якая выйшла ў 1985 г. У мастацка-навуковых нарысах аб жыцці людзей бронзавага веку займальна расказваецца аб першых металічных прыладах працы, аб развіцці земляробства i жывёлагадоўлі... Болей »

Археалагічныя помнікі Міншчыны
pdf epub

Археалагічныя помнікі Міншчыны


Чарняўскі Міхась

Даецца характарыстыка асноўных відаў археалагічных помнікаў, якія сустракаюцца на тэрыторыі Мінскай вобласці, паказваецца ix важнае значэнне як крыніцы звестак па старажытнай i сярэдневяковай гісторыі краю, асвятляюцца спосабы ix выяўлення на мясцовасці. Прызначаецца членам раённых таварыстваў аховы... Болей »

Камунікат.org – Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка
Пры выкарыстаньні матэрыялаў у друку спасылка на крыніцу інфармацыі абавязковая.
Пры выкарыстаньні матэрыялаў у Інтэрнэце прамая гіпэрспасылка на Kamunikat.org абавязковая.
Ідэя сайту Яраслаў Іванюк
Fundacja Kamunikat.org | KRS 0000735360 | NIP 5423316380 | REGON 380450384 ul. Proletariacka 11 |15-449 Białystok| Polska
Правы © 2000-2024 by Kamunikat.org