“Да 25 жніўня 1991 былі стагоддзі змагання нашых продкаў”
2025-08-25 20:00
25 жніўня 1991 года Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце атрымала сілу канстытуцыйнага закона, Беларусь стала незалежнай дзяржавай.
З нагоды 34-й гадавіны аднаўлення беларускай незалежнасці Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла выступіла са святочным зваротам.
«Аднаўленне Незалежнасці адбылося ў выніку намаганняў палітычнага авангарду нацыянальнай дэмакратыі — Беларускага Народнага Фронту. Аднак да 25 жніўня 1991 году былі стагоддзі змагання нашых продкаў, усіх тых, хто не змірыўся спачатку з царскай, а потым камуністычнай імперыяй», — напісала Івонка Сурвіла.
Яна выказала меркаванне, што Беларусь ня выкарыстала напоўніцу гістарычны шанец: «На жаль, месца чужых захопнікаў заняў дыктатар, які ня толькі ня любіць зямлі, якую здабыў хлуснёй, але якой ён гатовы гандляваць, каб утрымаць узурпаваную ім уладу. Здраджаны народ застаецца ў няволі. Дыктатар пры падтрымцы Масквы разгарнуў супраць яго татальны тэрор, і сотні тысячаў беларусаў ня маюць іншага выйсьця, як шукаць прытулку на чужыне».
Сурвіла заклікала беларусаў і на радзіме і ў дыяспары, берагчы культуру, шанаваць спадчыну, ня страчваць пачуцця прыналежнасці да сваёй зямлі, захоўваць беларускую мову. Таксама яна заклікала беларусаў на радзіме і ў эміграцыі супрацоўнічаць, адкласці пакуль што крытыку адных другімі.