- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Адам–Бернард Міцкевіч (24 снежня 1798, фальварак Завоссе Навагрудскага пав. Літоўскай губ. (цяпер Баранавіцкі раён Брэсцкай вобласці) - 26 лістапада 1855, Стамбул, Турцыя) польскі паэт, публіцыст, асветнік. Пісаў на польскай мове. У 1815 скончыў Навагрудскую дамініканскую школу; у 1819 Віленскі універсітэт. Падчас вучобы ва універсітэце быў адным з лідэраў тайных студэнцкіх таварыстваў філаматаў і філарэтаў. У 1819 накіраваны на выкладчыцкую працу ў Коўна. У 1823 тайныя таварыствы былі выкрытыя; арыштавалі таксама і Міцкевіча, які правёў у зняволенні некалькі месяцаў. У кастрычніку 1824 Міцкевічу было загадана пакінуць родныя мясціны. Пад тайным наглядам паліцыі жыў у Пецярбургу, Адэсе, Маскве. У маі 1829 пакінуў Расію раней, чым быў падпісаны загад цара пра забарону выезду. Жыў у Рыме, Швейцарыі. Атрымаўшы паведамленне пра паўстанне, спрабаваў выехаць на радзіму. Ужо ў Познані даведаўся пра паражэнне паўстання. З 1832 у Парыжы. Разам з І. Лялевелем адзін з лідэраў дэмакратычнага крыла эміграцыі з тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Рэдагаваў часопіс "Pielgrzym Polski". У 1839 прафесар Лазанскага універсітэта; з 1840 узначальваў кафедру славянскіх літаратур у Калеж дэ Франс у Парыжы. У лекцыях даў высокую ацэнку беларускай мове і фальклору, на якія стала абапіраўся ў мастацкай творчасці. У 1848 падчас рэвалюцыі стварыў у Італіі польскі легіён. З 1849 зноў у Парыжы, рэдагаваў газету "La Tribune des Peuples". З 1852 бібліятэкар Арсенала.