- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Запрасiў я аднакласнiцу — шэравокую Еву — на сустрэчу ў парк. Зайшлi мы ў зацiшны куток. Дастаў я з кiшэнi самаробны нож з разнаколерным дзяржальнам, размахнуўся i запусцiў у яблыню. Дзюба глыбока ўелася ў кару. Выдзiраў я i шпурляў зброю. Ева ўважлiва, з найсапраўдным захапленнем у шырока расплюшчаных мякка-шэрых вачах назiрала за маёй забавай. Не заўважылi мы, як апынулiся ў кумпанii п’янаватых i значна старэйшых бэйбусаў. — Якi выдатны нож! Мне якраз i не хапае такога, каб мяса на шашлыкi рэзаць, — паведамiў пляскатаносы завадатар. Памiж мною i нажом, увагнаным у пашчапаны камель, сталi два гопнiкi. Памкнуўся я да зброi. Пачалi мяне бiць-збiваць. Курчыўся я на траве, ашчаперыўшы рукамi галаву, каб не забiлi ўдарам у скронь. Калi памяць вярнулася, у парку было чорна, халодна i пустэльна. Першае, што зрабiў я, яшчэ лежачы на зямлi, — узненавiдзеў шэравокую Еву, з якой гуляў у парку, узненавiдзеў сведку майго збiцця i прынiжэння. (Аднакласніца)