У хуткім часе дзяўчыну папрасілі забраць дакументы з Лінгвагуманітарнага каледжа МДЛУ, дзе яна вучылася.
Днямі Еўрарадыё даведалася, што дзяўчына з’ехала за мяжу і прайшла з Кашубскай пілігрымкай амаль усю Польшчу. Таксама пабывала ў Францыі, Іспаніі, Партугаліі і данесла наш бел-чырвона-белы сцяг да Атлантычнага акіяна.
Як змянілася жыццё Насты Казановіч за гэты год?Наста Казановіч: Восьмага лістапада 2020 года нас з мамай затрымалі яшчэ раз. Гэта быў апошні масавы мітынг. Мяне на суткі не адправілі, бо я была непаўналетняя. Маці, якая даглядае бабулю-інваліда, і ў яе, акрамя мяне, ёсць яшчэ непаўналетняе дзіця, адправілі да суда на Жодзіна.
Ведаю, што ў тую ноч людзей катавалі і прымушалі хадзіць па гістарычным сцягу. Мая маці не змагла і пераступіла. Тады ахоўнік, які стаяў побач, урэзаўся ў яе грудзі плячыма і ўсё ж прымусіў прайсціся.
Я стала збіраць дакументы, каб паступіць на праграму Каліноўскага, бо пачала апасацца, што, як споўніцца 18 гадоў, пайду да турмы.
Калі даведалася, што мяне залічылі, пераехала ў Польшчу.
Еўрарадыё: Калі гэта адбылося і як склаўся твой далейшы лёс і лёс тваёй маці?Наста Казановіч: Я пераехала ў канцы студзеня. Спачатку — у Варшаву. Стыпендыю да сакавіка не плацілі, таму я на месяц перабралася да сястры ў Чэхію. Пасля атрымала першую стыпендыю і інтэрнат у Шчэціне.
Дыстанцыйна па праграме вывучала польскую мову, вучылася сама, шмат чытала. Пасябравала з мясцовымі беларусамі. Штотыдня сустракаліся і ладзілі акцыі.
Што да матулі, то яе затрымлівалі яшчэ некалькі разоў. Аднойчы яе забралі на цэлую ноч проста з вуліцы. На наступны дзень такім жа самым чынам, з вуліцы, арыштавалі дэлегатку “Сходу” Алу Спосаб. Адпусцілі толькі бліжэй да абеду на наступны дзень пасля допыту. Сказалі, што суд будзе па позве.
Праз некалькі тыдняў ёй прысудзілі выплаціць 30 тысяч рублёў за непадпарадкаванне міліцыі, бо не разблакавала тэлефон, калі прасілі, і хуліганства.
Падчас апошняга затрымання маці давала падпіску аб неразгалошванні, таму падрабязнасцяў не раскажу. Ведаю, што з кватэры пазабіралі ўсе налепкі, усе выявы БЧБ-сцяга, “Пагоні” ды тэхніку. Цікава, што забралі тэлефон і камп’ютар нават у малодшага 14-гадовага брата-школьніка. Яшчэ пазабіралі кнігі Паўла Севярынца і Уладзіміра Арлова.
Еўрарадыё: У мінулым верасні ты расказвала, што бацька не падтрымлівае твае погляды на сітуацыю ў краіне. Прайшоў год: затрымлівалі цябе, тваю маму. У выніку табе прыйшлося нават з’ехаць. Ці паўплывала гэта неяк на яго?Наста Казановіч: На жаль, нічога не змянілася. Я сказала б, што стала яшчэ горш: яшчэ больш страху, яшчэ больш агрэсіі. Толькі гэта ўсё ў бок мамы. Ён хвалюецца за сябе і сваю працу.
Еўрарадыё: Ты рыхтуешся да паступлення ці, можа, ужо паступіла?
Наста Казановіч: Я паступіла ў Беластоцкі ўніверсітэт на міжнародныя адносіны.
Еўрарадыё: На маршы ў Мінску ты прыходзіла са сваімі малюнкамі, і нейкія працы нават бачыў мастак Алесь Марачкін. Ён сказаў, што гэта вельмі добра, і ты папрасіла, каб ён быў тваім майстрам. Ці быў працяг у гэтай гісторыі?Наста Казановіч: З Алесем Марачкіным мы моцна сябруем. Ён вельмі блізкі мне духоўна: быў і ў БНФ, і ў суполцы “Пагоня”. Да самага майго ад’езду кантактавалі, напісаў мне характарыстыку.
Што да малявання, як пераехала ў Польшчу, фактычна перастала маляваць, але гэта застаецца маім улюбёным заняткам. Думаю, што я да яго вярнуся.
Еўрарадыё: Няма часу ці няма натхнення? Раней ты казала, што лепш будзеш маляваць, чым станеш настаўніцай англійскай мовы. Наста Казановіч: Вельмі так па-юнацку гучала, праўда? Можа, цяпер іншыя прыярытэты... Я вучыла мову ўвесь час, і, думаю, трэба працягваць гэтую навуку.
Еўрарадыё: У верасні ты лічыла, што цяпер вельмі вызначальны час для краіны. Як думаеш, ён яшчэ працягваецца?Наста Казановіч: Ну канешне. Зараз час, калі Беларусь патрабуе нашай мужнай і самаахвярнай дзейнасці. У першую чаргу ў галіне культуры, нацыянальнай асветы. Будзе мова — будзе Беларусь. Таксама Беларусі патрэбны нашы малітвы і вера. Лічу, што толькі праз пакаянне за мільёны нявінных ахвяр камунізму наша грамадства можа развівацца далей.
Еўрарадыё: Нядаўна ты нам напісала, што была ў нейкай незвычайнай пілігрымцы. Раскажы, калі ласка, пра сваю вандроўку.Наста Казановіч: Я даўно марыла прысвяціць нейкі час духоўнаму развіццю, выпрабаваць сябе і духоўна, і фізічна; узмацніцца ў сваёй веры. Лічу, што нам гэта зараз вельмі патрэбна. Пачала шукаць пілігрымкі і знайшла самую доўгую.
Гэта была Кашубская пілігрымка. Кашубамі называюць племя людзей, якія жылі на тэрыторыі сучаснай Польшчы і яшчэ ў XIII стагоддзі змагаліся за сваю незалежнасць. Іх нашчадкамі стаў сучасны этнас — кашубы, якія не былі анямечаны або паланізаваны.
Зараз у іх захавалася асобная мова, у школах яе можна вывучаць па жаданні. Захаваліся традыцыі і песні. Сталіца этнічнай кашубскай тэрыторыі — горад Картузы. Самі ваколіцы там вельмі маляўнічыя і трохі нагадваюць Віцебшчыну: шмат узгоркаў, блакітных азёр, палі валошкаў.
Еўрарадыё: Як доўга ты трывала пілігрымку?Наста Казановіч: Пілігрымка мела два этапы: першы мы ішлі да Чэнстаховы 19 дзён і ўвесь шлях пехам (638 км). Другі этап — даехалі аўтобусам да Іспаніі і там ішлі да Сант’яга тры дні (115 км).
Я выйшла з дому 24 ліпеня. Першую ноч перад вандроўкай спалі ў школе, пасля ўвесь дзень ішлі ўздоўж мора. Спыняліся ў гаспадароў — нас цёпла прымалі і кармілі.
Найцікавейшае — гэта, канешне, людзі, з якімі я пазнаёмілася: аднадумцы, якія слухалі, разумелі і шчыра падтрымлівалі мяне.
З сабою неслі тры сцягі: беларускі, польскі і жоўта-чорны кашубскі.
Еўрарадыё: З беларусаў ты была адна?Наста Казановіч: Так, усе астатнія — палякі. Размаўляючы са мною, яны вельмі часта згадвалі сваё жыццё пры камунізме і параўноўвалі яго з тым, што адбываецца зараз у Беларусі. Згадвалі сваіх забітых аднакласнікаў.
Я бачыла, што гэтыя людзі вельмі вераць у нашу перамогу, але кожны паляк разумее, што за Лукашэнкам стаіць Пуцін. І толькі дзякуючы яму рэжым яшчэ трывае.
Еўрарадыё: Мо прыгадаеш нешта цікавае, што здарылася ў час вандроўкі? Наста Казановіч: Кашубская пілігрымка — мая самая першая і, дай бог, не апошняя пілігрымка. Яна не толькі самая доўгая, але і самая хуткая па тэмпе. Мы ішлі каля шасці кіламетраў у гадзіну! За дзень праходзілі ў сярэднім 35 кіламетраў. Маліліся разам з ксяндзамі за мір у Беларусі, шмат спявалі.
Аднойчы мы сядзелі ля вогнішча і палякі папрасілі мяне заспяваць што-небудзь па-беларуску. Я вырашыла заспяваць “Трох чарапах”, і аказалася, што адзін хлопец ведае і словы, і акорды. Я тады здзівілася — адкуль? Расказаў, што навучыўся, калі быў у Беларусі на Будслаўскім фэсце.
Яшчэ цікава, што многія палякі, з якімі я ішла, былі на Беластоцкай пілігрымцы, якая праходзіць праз Беларусь — Гродна і нават Азёры — вёску, дзе жыве мая цётка. Яны казалі, што гэта іх самая любімая пілігрымка, маўляў, як гасцінна іх звычайна ні сустракалі, у Беларусі — гасцінней за ўсіх: і з песнямі, і з хлебам, і з соллю.
Варта адзначыць, што тыя, хто са мною ішоў, — каталікі, а я праваслаўная. Гэта нікога не бянтэжыла, да мяне ставіліся вельмі шаноўна.
Мы прайшлі вельмі шмат прыгожых мясцін. Былі і ў іспанскім Сант’яга, і ў французскім Лурдзе, і ў партугальскай Фатыме. Больш за ўсё мне запомніўся момант, калі яшчэ на пачатку вандроўкі падышлі да Чэнстаховы і пабачылі Ясную Гару. Стаялі на каленях і спявалі “Багародзіцу” — вельмі стары твор, які тым каштоўнейшы, што яго так разам пад такімі ж сцягамі калісці спявалі нашыя войскі пад Грунвальдам.