Дар'я Бялькевіч: «Радыяцыя самасвядомасці, недарэчнасць і хворая здольнасць»
2022-03-17 14:33
У новым роліку арт-праекта «Словы мацней» свае вершы чытае паэтка Дар'я Бялькевіч.
Арт-праект «Словы мацней» — гэта Беларусь галасамі сучасных беларускіх літаратараў.
ПАРАДЫ АКТЫЎНАМУ ФОНУ
Радыяцыя самасвядомасці,
недарэчнасць і хворая здольнасць.
А мы — апошнія жыхары Прыпяці,
«ёду-наліце-выпіце».
Наш ордэн усё роўна
ў гуку «г» і у нескладовым.
Вучу я нанова,
пераадольваю стому,
узгадваю словы.
Кожнае з іх
коле язык
аскепкамі шкла па вуснах і роце.
Быццам, забыўшыся, у журбоце
кінуць вырашыла манету
І хлебанула з пакета
соку, куды заляцелі восы.
Востра-соладка, востра-пякуча,
востраў слёзны, балючы,
глеба атручаная
будзе народжваць
гадоў пяцьсот
гадаў з хворымі щитовидками.
Доктар будзе ўвачавідкі
лячыць іх ад акання-якання,
дзекання-цекання... Болей ёду!
Мова не ўваходзіць у моду.
Мова даўно на шчыце.
І па шчацэ цячэ.
***
Час ляціць, як імклівыя хуткія.
Нема равуць сірэны:
Прадалі галасы машынам,
Змянілі хвалі на туфлі.
Мой жывот — круглы будзільнік.
Пагладзь, паглядзі, якая гадзіна.
Стрэлкі папараці паказваюць: яшчэ рана
радавацца.
Але і не позна.
Дар’я Бялькевіч — паэтка і івэнт-менеджарка. Нарадзілася 30 студзеня 1993 года ў вёсцы Жыровічы Слонімскага раёна, што на Гродзеншчыне. Атрымала адукацыю ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце, затым скончыла Беларускі калегіюм па спецыяльнасці «літаратура і філасофія».
Яе творы друкавалі ў газеце «Вечерний Гродно», часопісах «Дзеяслоў», «Полымя» і іншых. Актыўна брала ўдзел у міжнародных літаратурных вечарах і фестывалях. Выступала ў Беларусі, Украіне, Расіі.
Была намінавана на прэмію «Залаты апостраф. Дэбют» часопіса «Дзеяслоў» у 2017 годзе. У тым жа годзе стала фіналісткай конкурса сучаснай паэзіі фонда Роберта Боша для маладых паэтаў, праходзіла курсы ў Рэзідэнцыі маладога літаратара ў Вільні. Працавала арт-менеджарам у «Арт Сядзібе», Беларускім ПЭН-цэнтры і Літаратурным музеі Максіма Багдановіча. У 2021 годзе выдала першую кнігу пад назвай «Слёзы на вецер».
Яе творы перакладаліся на нямецкую, украінскую, рускую мовы.