- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
У верасьні 2001 г. улады Беларусі распачалі пракладку Менскай Кальцавой Дарогі праз Курапацкі лес. Можна было высунуць тэхнічныя абгрунтаваньні, можна было разьвесць рукі і сказаць: “Што паробіш?” Але пачатак гэтых працаў быў выклікам для беларускай грамадзкасьці. У Курапатах спачываюць тысячы ахвяраў бальшавіцкага рэжыму, Курапаты сталі сусьветнавядомым сымбалем ня толькі камуністычных злачынстваў, але праўда пра іх стала штуршком да станаўленьня новай грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. І вось па памяці павінен быў прайсьціся нож бульдозэра. У тыя верасьнёўскія дні 2001 г. ніхто яшчэ ня ведаў, што гэта толькі пачатак, што паўстане ўнікальная кругласутачная вахта, што трактары будуць бурыць крыжы, што згарыць намёт, што магнітафоны журналістаў будуць замярзаць пры мінус 20 градусах, а валанцёры будуць абараняць Курапаты. Пра ўсе гэтыя падзеі распавядае кніга “Дарога праз Курапаты” – у рэпартажах, запісах успамінаў, сьведчаньнях удзельнікаў падзеяў. Выданьне падрыхтаванае Беларускай службай Радыё Свабода, якая зрабіла ці не найбольш для распаўсюду інфармацыі пра адстойваньня беларускай грамадзкасьцю свайго права на памяць. А ў самым пачатку кнігі зьмешчаны сьпіс валанцёраў – абаронцаў Курапатаў.