Выйшла кніга польскага журналіста Томаша Атоцкага Związek Polaków na Łotwie – 100 lat historii.
Вядомы польскі даследчык сувязей Польшчы з краінамі Балтыі, у прыватнасці, з Латвіяй, журналіст
Томаш Атоцкі (Tomasz Otocki) напісаў кнігу Związek Polaków na Łotwie – 100 lat historii (“Саюз палякаў Латвіі — 100 год гісторыі”). Праца выйшла сёлета і мае сувязь у т.л. з гісторыяй Беларусі. А некаторыя продкі аўтара, дарэчы, у міжваенны перыяд жылі ў ваколіцах Драгічына, паміж Брэстам і Пінскам.
Палякамі сябе лічыць значная частка насельніцтва паўночна-заходняй Беларусі, паўднёва-ўсходняй Літвы і паўднёва-ўсходняй Латвіі. Як няцяжка заўважыць, гэта пераважна тэрыторыі, якія нават не гранічаць з Польшчай. Справа ў тым, што мясцовае насельніцтва каталіцкага веравызнання — літоўцы і латгальцы — падчас знаходжання ў складзе Рэчы Паспалітай прыняло разам з “польскай” рэлігіяй і польскую мову і культуру. Прычым часам праз пераходную ступень — беларускія дыялекты. У гэтым заключаецца спецыфіка гэтай пагранічнай зоны. І менавіта тут канцэнтруецца дзейнасць Саюза палякаў Латвіі, Саюза палякаў Літвы і Саюза палякаў Беларусі. Таму гісторыя латвійскіх палякаў вельмі падобная да мінулага беларускіх палякаў.
Томаш Атоцкі: — Польскае насельніцтва ў Латвіі ў масе сваёй больш карэннае, чым польскае насельніцтва ў Эстоніі. Праўда, палякі ў Латвіі не пазбягаюць тэрміна Polonia, які азначае палякаў за граніцай РП, у адрозненне ад палякаў Віленшчыны, якім не падабаецца, калі іх называюць Polonia. Але польскае насельніцтва ў Латвіі фіксуецца з XVI-XVII стст. Праўда, палякі ў Латвіі ў большасці не гавораць на польскай мове — такіх толькі каля 15%. Гэта пераважна людзі, якія займаюцца польскай грамадска-культурнай работай, якія ходзяць на заняткі па польскай мове, наведваюць польскія школы. А пасля Другой сусветнай вайны, на жаль, гэтыя школы перасталі функцыянаваць. А вось у Віленскім краі, у савецкай Літве, яны былі — гэта была адзіная савецкая рэспубліка, у якой захавалася польская адукацыя, а таксама — у Львове, дзе было дзве польскія школы. А ў Латвіі польскія навучальныя ўстановы былі закрыты ў 1949 годзе.
У Латвіі і яе рэгіёне Латгаліі, вядома, была і застаецца свая спецыфіка. Сёння гэтым пытаннем сярод іншых займаюцца вядомыя польскія беларусісты Мірослаў Янковяк і Ежы Гжыбоўскі (Юры Грыбоўскі). Томаш Атоцкі належыць да кола тых асоб у Польшчы, якія таксама добра ведаюць гэты край.
Зрэшты, хаця цяпер Польшча не гранічыць з Латвіяй, то да 1939 г. гранічыла — цяпер гэта ўжо беларуска-латвійская граніца.
А даўнейшая гісторыя з’яўлення палякаў у Латвіі яшчэ больш цікавая.
Томаш Атоцкі: — З XVI стагоддзя Лівонія на тэрыторыі сучаснай Латвіі знаходзілася пад уплывам Рэчы Паспалітай. Курляндыя, Семігалія на тэрыторыі сучаснай Латвіі былі феадальнымі ўладаннямі Рэчы Паспалітай. Такім чынам, з часам цэнтрамі палякаў у Латвіі сталі Даўгаўпілс, Рэзэкнэ, Лудза, Краслава, Дагда. Палякі ў Латвіі прысутнічаюць з XV і XVI стагоддзяў. Была таксама асіміляцыя, паланізацыя сямей нямецкага паходжання, напрыклад, Плятэраў.
У XIX — пачатку ХХ ст. палякі прыязджалі ў латвійскія гарады, Рыгу, Ліепаю, у пошуках заробку. Таксама ў Латвію з гэтай мэтай прыбывалі і палякі з Літвы, іншых месц.
Кніга Związek Polaków na Łotwie – 100 lat historii выйшла ў сувязі з адзначэннем у 2022 годзе стагоддзя Саюза палякаў Латвіі. Тады ўзнікла ідэя яе выдання. А фінансавую падтрымку аказаў Фонд “Дапамога палякам на Усходзе” па заказе Канцылярыі прэм'ер-міністра РП. У кнізе сабраны даныя аб дзейнасці СПЛ у 1922-1940 гадах і пасля адраджэння арганізацыі ў канцы 1980-х гадоў.
Гаворачы пра гісторыю Саюза палякаў Латвіі, Томаш Атоцкі напамінае, што гэта адна з найстарэйшых арганізацый польскай дыяспары ў нашым рэгіёне.
Томаш Атоцкі: — Старэйшая за Саюз палякаў Латвіі арганізацыя — толькі палякаў у Фінляндыі. Саюз палякаў Латвіі быў створаны 6 жніўня 1922 года, праз 4 гады пасля набыцця Латвіяй незалежнасці. Да Другой сусветнай вайны гэта была шматнацыянальная краіна. Тут жылі не толькі латышы, але і палякі, балтыйскія немцы, рускія, яўрэі, беларусы.
Саюз палякаў Латвіі быў заснаваны пры падтрымцы польскага дыпламатычнага прадстаўніцтва ў Рызе. І гэта было звязана з выбарамі восенню 1922 года ў першы латвійскі Cейм. Палякі, на жаль, не мелі свайго прадстаўніцтва ва Устаноўчым Сейме.
Дэпутатам, які прадстаўляў Саюз палякаў Латвіі ў Сейме на працягу наступных 12 гадоў, быў Ян Вяжбіцкі.
Гаворачы пра адносіны палякаў і беларусаў у даваеннай Латвіі, Томаш Атоцкі спасылаецца на публікацыі тагачасных польскіх газет у Латвіі.
Томаш Атоцкі: — У іх латвійскія ўлады вельмі часта папракаюцца ў тым, што яны спрабуюць прымусіць палякаў станавіцца беларусамі, маўляў, латвійскія ўлады казалі палякам, ну паслухайце, вы не палякі, вы католікі, не атаясамлівайце сябе з палякамі, бо гэта не ваша культура і г.д.
Палякі былі супраць гэтага, і я б сказаў, што палякі, верагодна, выйгралі гэта “спаборніцтва” ў міжваенны перыяд, бо ў Сейм і органы мясцовага самакіравання Латвіі да 1934 года (пакуль гэта была дэмакратычная краіна) увесь час абіраліся палякі.
У Латвіі беларусы не мелі такога прадстаўніцтва, акрамя Сейма аднаго склікання, беларусы не былі актыўныя і ў органах мясцовага самакіравання.
Але з іншага боку, напрыклад, у Даўгаўпілсе дзейнічала беларуская гімназія. Аднак прысутнасць беларусаў у Латгаліі і Рызе немагчыма параўнаць з польскай прысутнасцю, а з другога боку, польскую прысутнасць у Латвіі нельга параўноўваць з прысутнасцю балтыйскіх немцаў, яўрэяў ці рускіх, бо польская прысутнасць была меншая, чым у трох названых нацыянальных меншасцей.
Віктар Корбут
Слухайце аўдыё