Дасьледчык савецкіх рэпрэсій: Пры Сталіну былі «ворагі народу», а ў нас цяпер — «экстрэмісты»
2021-10-27 17:24
Гісторык Ігар Кузьняцоў расказаў Свабодзе пра рэпрэсіі ў часы Сталіна і цяпер, пра лёс Курапатаў, перасьлед за крытыку сталінізму і новыя падручнікі гісторыі.
Напярэдадні даты 29 кастрычніка, калі ў 1937 годзе расстралялі звыш 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, Свабода пагутарыла з гісторыкам і дасьледчыкам сталінскіх рэпрэсіяў Ігарам Кузьняцовым.
Што расказаў Кузьняцоў
чаму некарэктна параўноўваць рэпрэсіі 30-х гадоў мінулага стагодзьдзя і тыя, празь якія праходзіць Беларусь цягам апошніх двух гадоў;
якія формы сталінскіх рэпрэсіяў цалкам паўтараюцца ў сучаснай Беларусі;
для чаго ў 1937–1938 гадах забівалі і ссылалі вялікую колькасьць людзей, калі пераважная частка «ворагаў народу» была ліквідаваная раней;
што аб’ядноўвае «ворагаў народу» і «экстрэмістаў»;
як у будучых паручніках па гісторыі апішуць падзеі 2020–2021 гадоў;
чаму сёньня Беларусь зноў перажывае «Ноч расстраляных паэтаў»;
чаму ні Сталін, ні Брэжнеў не ліквідоўвалі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў;
ці можна лічыць «Акрэсьціна» новымі Курапатамі;
як перасьледавалі за бел-чырвона-белы сьцяг у часы Сталіна;
якія рэпрэсіі важна асудзіць найперш — 1937-га ці 2020 году.
Хто такі Ігар Кузьняцоў
Кандыдат гістарычных навук, дацэнт.
Прадстаўнік міжнароднага праваабарончага таварыства «Мэмарыял» у Беларусі.
Адзін з асноўных напрамкаў навуковых дасьледаваньняў — гісторыя палітычных рэпрэсіяў 1920–1990-х гг. у СССР і Беларусі.
У 1992 годзе абараніў дысэртацыю «Масавыя рэпрэсіі ў 1930-я гады і рэабілітацыя ахвяраў тэрору».
Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек.
Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.