«Для ўсіх актыўных беларусаў, якія не здаюцца». На ютубе выйшаў анімацыйны фільм пра правы чалавека
2024-09-04 16:10
Анімацыйны фільм «Правы чалавека» ад сёння даступны для вольнага прагляду. Асноўная яго ідэя — у гульнявой форме распавесці пра правы чалавека. Аўтары анімацыйнага фільма — Ната Карнеева (адзін з рэжысёраў і аўтар малюнкаў) і Эльдар Мусін (другі рэжысёр, гукарэжысёр, аўтар анімацыі).
Сцэнарыстамі выступілі праваабаронцы з HUMAN RIGHTS IMPACT.
«Працаваць над фільмам мне было цікава, хаця і не заўсёды проста. З рэжысурай мне вельмі дапамог аніматар, з якім мы ўжо працавалі над маім аўтарскім праектам SHIREY MARA», — распавяла Ната Карнеева.
Паводле яе, «менавіта Эльдар вызначыў асноўныя мізансцэны гэтага фільма і ўдыхнуў жыццё ў малюнкі, анімаваўшы іх».
«Работа з адукацыйным кантэнтам — гэта новы для мяне досвед, і я буду рада, калі наш анімацыйны фільм пабачаць людзі», — адзначыла аўтарка.
«Беларусам важна ведаць і разумець што такое правы чалавека і як неабходна абмяжоўваць уладу ў дзяржаве. Шлях да вяртання свабоды і правоў чалавека пачынаецца з разумення гэтых правоў і як яны павінны працаваць», — адзначыў кіраўнік HUMAN RIGHTS IMPACT, праваабаронца Раман Кісляк.
Паводле яго, беларускія праваабаронцы хочуць засвоіць новыя формы адукацыі ў сферы правоў чалавека: анімацыйныя фільмы і коміксы.
«Гэты мультыплікацыйны фільм — фактычна анімацыя часткі лекцыі аб правах чалавека. Ён разлічаны на актывістаў беларускай грамадзянскай супольнасці і ўсіх актыўных беларусаў, якія не здаюцца», — дадаў Раман Кісляк.