- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Каторы ўжо раз, цяпер — у адных толькі думках, з далёкіх краёў і дарог я вяртаюся ў родную хату. У сутарэнні сенцаў вобмацкам адшукваю настылую клямку, адчыняю цяжкія дзверы і бачу бацьку. Ён стаіць пасярэдзіне хаты, шырока расставіўшы ногі, у даўно знаёмай мне паласатай камізэльцы і каротка абрэзаных валёнках, пад капою сонечнай, як сакавіцкі снег за вокнамі, сівізны, хударлявы, трымае на запалых грудзях трафейную скрыпку, а смычок пілуе ды пілуе яе напалам. Скрыпка плача светлымі слязьмі Сольвейг, і ў тым месцы, дзе смычок дакранаецца да струн, ззяе сонечная плямка. Раптам скрыпка змаўкае. Бацька апускае на вочы белыя, у маршчынах, веі, нейкае імгненне стаіць нерухома. Глыбока ўздыхнуўшы, расплюшчвае вочы. Яны шчасліва смяюцца мне, і ў іх куточках я заўважаю зіхаткія сонечныя кропелькі. (фрагмент)