Дубавец: Чаму Беларусь не «краіна-агрэсар», ніколі такой не была і ня будзе
2022-03-17 14:41
Тваё ўлюбёнае кніжнае — называць рэчы сваімі імёнамі.
Здаецца, цябе ніколі асабліва і не бянтэжыў тэрмін «краіна-агрэсар». Пакуль так ня сталі называць тваю краіну... І тады ты задумаўся.
Твая Беларусь — спрадвеку ў цярпеньні і змаганьні з чужымі наваламі як краіна — ніколі не была агрэсарам. Мова, культура, мэнтальнасьць, свая візія гісторыі, супольны лёс... Прырода, «вобразы мілыя роднага краю», старая архітэктура, пахі... Самапачуваньне сябе сабою ў сябе дома.
«Я гаспадыня восеньскага дому, адная тут улада і закон»(Тацяна Сапач).
Усё гэта і яшчэ сотні, тысячы рысаў і водгукаў, водсьветаў складаюцца ў краіну Беларусь.
Ці ўвогуле можа быць нейкая краіна агрэсарам? Нават калі большасьць народу гэтай краіны ахапіў масавы псыхоз, што цалкам паралізаваў крытычнае мысьленьне людзей? Ты думаеш, што ня можа, але старая традыцыя называць краіны агрэсарамі працягвае жыць у сьвядомасьці. Пакуль так не назавуць тваю.
«Беларусь прыгразіла Ўкраіне» — звычайны загаловак у нашых СМІ. «Беларускія ўлады аб’явілі аб ліквідацыі грамадзянскай супольнасьці»...
А калі ня так, як тады правільна называць? Якое тут імя — сваё? Дзяржава РБ — агрэсар? Дзяржава-агрэсар. Быццам бы бліжэй да сэнсу, але ўсё адно недакладна.
Створаная ў 1991 годзе незалежная беларуская дзяржава паводзіла сябе падкрэсьлена неагрэсіўна як унутры, так і звонку. Да таго моманту, калі ў ёй зьявіўся прэзыдэнт. І тады агрэсія заняла ключавое месца ў палітычным жыцьці.
У 1995 годзе Васіль Быкаў пасьля лукашэнкаўскага пагрому ў беларускім парлямэнце (які, уласна, і ўвасабляў нашу дзяржаву) назваў цяперашні рэжым хунтай. У 1996-м пры вырашальным удзеле Крамля хунта правяла поўны захоп улады і набыла ўсе рысы хрэстаматыйнай акупацыі.
Але хунта ня можа быць усёй дзяржавай, разам з усімі школамі, лякарнямі, водаканаламі, энэргазбытамі і паштовымі аддзяленьнямі. Мы проста жылі далей. І менавіта тады называць хунту краінай стала нормай для журналістаў і многіх спажыўцоў інфармацыі. Увогуле гэта — цалкам натуральнае імкненьне да нармальнасьці, пагатоў часам здавалася, што нармальнасьць амаль дасягнутая і выраз «крывавы рэжым» можа выклікаць хіба што сьмяшок. Хоць нармальнасьць праяўлялася толькі ў інфраструктуры, тады як хунта нязьменна заставалася хунтай.
Яна імкнулася выабражаць зь сябе дзяржаву РБ, прынамсі нешта спрыяльнае гаварыла і рабіла ў адрас народу. І мы проста жылі далей. Але з пачаткам пандэміі маска была скінутая раптам і канчаткова. Хунта перайшла ў рэжым поўнага адрынаньня інтарэсаў людзей, выключна да выкананьня задач, якія ставіў перад ёй Крэмль. З гэтага моманту беларусы сталі чуць ад хунты толькі пагрозы і абразы, а на справе атрымалі адно хлусьню і гвалт.
Ты ня ведаеш, ці ганарыўся Піначэт тым, што ягоны рэжым называлі хунтай. У гішпанскай мове гэтае слова мае розныя і не такія страшныя значэньні. У нас жа ёсьць, як ёсьць, значэньне адно. Сёньня беларусы (крыніца ўлады паводле Канстытуцыі) ніякім чынам ня толькі не ўплываюць на рашэньні ўлады, але падпадаюць пад тэрор за самое жаданьне ўплываць. Але ж яны, людзі, і ёсьць краіна Беларусь. Яны, а ня кучка гэтых злых дзераўляных фігурак у кардонцы з-пад абутку, якая называецца ўладай, рэжымам, хунтай.
Ты ня хочаш называць іх дзяржавай, бо без дадатку «квазі» не атрымліваецца. Бо, напрыклад, ня можа беларуская дзяржава ваяваць супраць беларускай мовы, культуры і беларускай гісторыі. Ва ўсім сьвеце і па сутнасьці гэта нонсэнс. «Фінская дзяржава выціскае з ужытку фінскую мову...»
Але калі пайшла гаворка пра краіну-агрэсара, дык хоць на дзяржаву замяніце, на Рэспубліку Беларусь, хай гэтая рэспубліка і адказвае за сваю агрэсію, бо краіна Беларусь не агрэсар, ніколі ім не была і ня будзе.
Нельга быць агрэсарам з турмы, з вымушанай эміграцыі або калі ты на мяжы турмы, на мяжы эміграцыі, а гэта сёньня і ёсьць Беларусь.
Яна можа хіба што пакрыўдзіцца на такія словы або адчуць сорам за гэта, хоць гэта сорам безь віны. Якраз хунта і памагатыя, а гэта відавочная меншасьць, яны ні крыўды, ні сораму не адчуваюць. Наадварот, шыі ад гонару скруцяць, што іх, хунту, назвалі і называюць — краінай.
Сёньня, адключаныя ад усяго нармальнага сьвету, яны сядзяць у сваёй кардонцы з-пад абутку і толькі агрызаюцца на ўсе бакі, разумеючы, што яны ўжо нават ня ўлада, а ўсяго толькі пазьліна ў ганебнай расейскай «спэцапэрацыі», і ня больш за тое.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.