У 2023-м Алесь Пушкін памёр на 58-м годзе жыцця ў рэанімацыі гродзенскай бальніцы, куды яго прывезлі з турмы. У мастака была прабадная язва, яму своечасова не аказалі дапамогу. Адной з падставаў узбуджэння крымінальнай справы супраць мастака стаў партрэт 2014 года дзеяча пасляваеннага беларускага супраціву Яўгена Жыхара, які экспанаваўся на выставе ў Гродне. Таксама мастака абвінавацілі ў «здзеку з дзяржаўных сімвалаў» за дэманстрацыі ў Кіеве рэплікі яго знакамітага перформансу «Падарунак прэзідэнту».
6 жніўня 2025 года — у дзень яго нараджэння — у Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве
адкрыецца выстава «Застацца/ Zostać», прысвечаная 60-годдзю
Алеся Пушкіна.
Гэты праект не столькі пра самога Алеся Пушкіна, колькі пра тэмы і вобразы, якія былі цэнтральнымі ў яго творчасці і жыцці, і якія працягваюць жыць сёння праз іншых мастакоў і мастачак. Свабода і адказнасць, супраціў і годнасць, памяць і супольнасць — гэтыя ідэі, якія Пушкін ператвараў у мастацкія жэсты, цяпер знаходзяць новыя формы і галасы, застаючыся важнымі для тых, хто стварае і шукае апору ў часе зменаў.
Выстава паказвае, як мастацтва можа працягваць гаварыць там, дзе слова замірае, і як праз асабістае перажыванне мастакі і мастачкі працягваюць рухаць наперад тое, што было каштоўна для Пушкіна: любоў да Беларусі, смеласць быць сабой і памяць пра тых, хто змагаўся і застаўся.
На выставе будуць прадстаўлены жывапіс, інсталяцыі і скульптуры беларускіх мастакоў і мастачак, якія праз мастацтва асэнсоўваюць досвед выгнання, рытуалаў, побыту, а таксама спробу знайсці ўнутраную апору ў часы, калі ўсё навокал змяняецца.
У экспазіцыі будуць прадстаўлены працы наступных мастакоў і мастачак: Ксіша Ангелава, Ніна Маргаева, Святлана Баева, Аляксей Врублеўскі, Юлія Мекес, Dead Boy, Ксенія Лагавая, @белы, Лера Лазук, Кася Варакса, Святаслаў Камароў, Яраслаў Гамолка, Міхаіл Гулін, Андрэй Духоўнікаў, Ілля Дудараў.
Выстава будзе працаваць да 20 жніўня.
Для рэалізацыі выставы каманда запусціла краўдфандынг. Дапамагчы можна
тут.