Дзень палітвязня: Таццяна Нядбай чытае ўрывак з рамана Максіма Знака «Зэкамерон»
2022-05-21 21:17
Дзень палітвязня: Паэтка і перакладчыца Таццяна Нядбай чытае ўрывак з дакументальнага рамана Максіма Знака «Зэкамерон».
«Ён прыйшоў з этапу і сышоў у этап. Так усе прыходзяць і сыходзяць. У яго ў мінулым было дзевятнаццаць вёснаў, а наперадзе магло чакаць восем зім. Нямала, але так было шмат у каго. А яшчэ ён трапіў сюды незаслужана — як усе, як заўсёды.
Ён яшчэ не стаміўся расказваць пра тое, які несправядлівы свет, пра тое, што ўсё гэта — адна сістэма, пра тое, як марна спадзявацца на апраўданне. І, што дзіўна, знайшліся слухачы, якія спачувальна ківалі, а часам устаўлялі свае прыклады з такіх жа тысячу разоў расказаных гісторый. Напэўна, гэта супакойвала.
— На судзе на што разлічваць? Колькі запатрабуе, столькі і дадуць, хто будзе разбірацца?
— Ды не, амаль заўсёды зніжаюць, не гані.
— Можа і зніжаюць, але нямоцна. Галоўнае — не апраўдаюць! Нават слухаць не будуць.
— Слухаць не будуць, але не будуць і чуць. І не апраўдаюць, вядома.
І тут ён сказаў нешта незвычайнае:
— Але нічога! Я буду ў міжнародны суд падаваць!
— У які?
— У мяне запісана…
— Дык скажы, у які? Я проста праўнік, мне здавалася, мы нічога не ратыфікавалі.
— Я так не памятаю. Мне страгач на этапе запісваў, у які суд пісаць. Сказаў, там вырашаюць. Спрабавалі — працуе.
— Можа, Гаага? Але мы не падпісалі... Або Страсбург? Хоць там таксама не.
— Не, не гэтыя. Там іншае было.
— Ну, зірні. Можа, і я напішу, раз вярняк.
Ён палез корпацца ў кэшары, перакладаючы ўсё, пакуль не знайшоў дзесьці ў нетрах абрывак паперы. Паміж радкамі абвінавачвання, размашыста і карава, было напісана два словы — суд, куды яму параілі звярнуцца: "Суд Лінча"».