Дзіцячае выданне «Полосатая газета» прыпыняе свой выхад
2023-12-30 16:24
Праект настаўніцы пачатковых класаў Ганны Граноўскай — «Полосатая газета» — прыпыняе сваю дзейнасць, піша reform.by. «Цяпер афіцыйна: жыццё „Полосатой газеты“ прыпынена. Мінімум паўгады яна выходзіць не будзе», — напісала ў сацсетках рэдактарка выдання для дзяцей.
Прычыны, па якіх газета прыпыняе сваю працу, не называюцца. Аўтарка нестандартных навучальных дапаможнікаў для дзяцей Ганна Граноўская піша пра хваробу, якой яна вымушана займацца, але «гэта толькі частка ўсёй прычыны», адзначае яна.
«Так, праект пра культуру і духоўныя каштоўнасці — гэта як правіла, частка карпаратыўна-сацыяльнай адказнасці пры якой-небудзь вялікай кампаніі. Інакш не пратрымацца.
Але ў мяне атрымалася. І нават двойчы атрымаць найвышэйшую ўзнагароду конкурсаў, дзе ўдзельнічалі 140 дзіцячых выданняў», —
узгадвае гісторыю выдання рэдактарка.
«Полосатая газета» была заснавана ў 2013 годзе Ганнай Граноўскай. Настаўніца пачатковых класаў, педагог-псіхолаг уклала свае грошы, каб ў Беларусі з’явілася адметнае выданне для дзяцей.
«Я не веру адной адукаванасці, я веру ў чалавечнасць. І тыя, на каго я магу ўплываць, на каго мы ўсё можам уплываць — гэта дзеці. І я думаю, што сіла ў іх. Таму так важна зараз, у эпоху дэфіцыту часу, знаходзіць словы і прыклады, якія будуць закладваць святло ў душу, а ў галаву — уменне думаць», — распавядала пра канцэпцыю газеты рэдактарка.
Выданне прывівала любоў да чытання, распавядала пра людзей з асаблівасцямі развіцця, ладзіла дабрачынныя мерыпрыемствы. «Я радая, што людзі мне давяралі», — падсумоўвае Граноўская.
Зараз заснавальніца «Полосатая газеты» распрадае архівы выдання. Гэтаксама яна хоча выпусціць другі спецнумар «Палосачка па-беларуску». Падтрымаць выданне
можна тут.