Дзіцячую серыю “Ветрачок” папоўніла кніга Дануты Бічэль
2025-10-08 21:55
Выдавец Раман Цымбераў працягвае выдаваць навінкі ў межах серыі кніг для дзяцей «Ветрачок», якую запачаткаваў летам 2025 году. Цяпер серыя папоўнілася зборнікам выбраных дзіцячых вершаў Дануты Бічэль.
У кнігу «Радзіма» старэйшыны беларускай літаратуры Дануты Бічэль уключаны найлепшыя дзіцячыя вершы, напісаныя паэткай на працягу апошніх дзесяцігоддзяў. «Творы ўзнаўляюць перад юным чытачом цікавосткі навакольнага свету і прыгажосць нашай мовы», гаворыцца ў анатацыі да выдання.
Як і належыць кнізе для дзяцей, зборнік «Радзіма» Дануты Бічэль праілюстраваны мастачкай Аляксандрай Адамовіч.
Выданні серыі «Ветрачок», у тым ліку навінку, можа набыць у «Акадэмічнай кнізе», у краме ў ГЦ «Купалаўскі» пад Кастрычніцкай плошчай (ралеты 41-42, час працы з пн па пт з 11 да 18.30, сб з 11 да 17, ндз з 11 да 16), а таксама праз сайт
Kniger.by.