Дзіяна Балыка: Спектакль "Ордэн белай мышы" будзе пра ўсіх нас
2024-09-10 14:35
У Варшаве рыхтуецца тэатральная пастаноўка па матывах твора Уладзіміра Арлова “Ордэн Белай Мышы”. Ён прысвечаны канфлікту паміж уладай і аўтарам. У спектаклі задзейнічаныя вядомыя беларускія артысты, сярод якіх – Ігар Сігоў і Святлана Зелянкоўская.
“Зараз у нас ідуць рэпертыцыі ў фармаце анлайн. Прэм’ера ж плануецца на пачатак лістапада”, – распавяла драматург і актрыса пастаноўкі Дзіяна Балыка.У Варшаве рыхтуецца тэатральная пастаноўка па матывах твора
Уладзіміра Арлова “Ордэн Белай Мышы”. Ён прысвечаны канфлікту паміж уладай і аўтарам. У спектаклі задзейнічаныя вядомыя беларускія артысты, сярод якіх –
Ігар Сігоў і
Святлана Зелянкоўская.
“Зараз у нас ідуць рэпертыцыі ў фармаце анлайн. Прэм’ера ж плануецца на пачатак лістапада”, – распавяла драматург і актрыса пастаноўкі Дзіяна Балыка.
– Твор Уладзіміра Арлова – гэта, на мой погляд, прытча, калі акрэсліць жанр. І гэта гісторыя пра ўладу і творчую асобу. І таму для кожнага з нас, хто бярэ ўдзел у гэтым праекце, гэта вельмі асабістая гісторыя. Таму што мы ўсе творцы, якія былі выгнаныя са сваёй краіны. Кожны з нас адказваў на пытанне, і адказваў неаднойчы: ці працаваць у калабарацыі з уладай, ці спрабаваць захаваць уласнае я, уласны голас, і гаварыць, пісаць пра тое, што табе баліць, што табе важна, што ты адчуваеш? І мы адказвалі на гэтыя пытанні.
На гэтае ж пытанне адказвае і галоўны герой твора «Ордэн Белай Мышы» Уладзіміра Арлова – гэта пісьменнік. Пісьменнік, які апынуўся ў цяжкіх абставінах, калі ў яго няма добрага выбару, няма добрага выйсця. Таму што калі ён пагадзіцца супрацоўнічаць з уладай, ён будзе забіты як пісьменнік, забіты як творца. Яго ўласнае я не захаваецца. А калі ён адмовіцца працаваць з уладай, то гэтая ўлада яго заб’е фізічна. І ён гэта ведае. І вось пра гэты выбар кожнага з нас і пра выбар героя Уладзіміра Арлова мы будзем рабіць спектакль.
РР: Распавядзіце, калі ласка, пра тое, як фарміравалася сама каманда, якая працуе над пастаноўкай.
Дзіяна Балыка: Пра гэта, безумоўна, лепш бы распавёў рэжысёр. Таму што ён збіраў гэтую каманду і ён бачыў кожнага на сваім месцы, у сваёй ролі. Для мяне гэта было нечаканасцю. Мой сябар, рэжысёр Уладзіміра Ушакоў патэлефанаваў да мяне на дзень народзінаў і акрамя пажаданняў – кахання, дабрабыту, ён запрасіў мяне ўдзельнічаць у гэтым спектаклі і сказаў, што ён запрашае мяне першы раз не толькі як драматурга, але і як актрысу. Гэта будзе мой тэатральны дэбют на сцэне. Але таксама я буду працаваць у гэтым спектаклі як драматург, каб адаптаваць празаічны твор Уладзіміра Арлова пад сцэнічны твор. І нешта буду запісваць. Гэта будуць нашыя думкі, разважанні, уласныя гісторыі.
РР: Чаму вы пагадзіліся паўдзельнічаць у праекце ў якасці актрысы?
Дзіяна Балыка: Гэта была цікавая прапанова, я не сумнявалася ні хвілінкі, таму што акрамя таго, што Уладзімір мой сябар, ён яшчэ і чалавек, з якім мы ўжо творча працавалі.
Цалкам размова - у далучаным гукавым файле.
Размаўляла Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя