Дзве кнігі Ганны Севярынец перавыдаюць пад адной вокладкай
2025-10-25 18:04
У Польшчы перавыдадуць дэбютную аповесць «Дзень святога Патрыка» і гістарычны раман «Гасцініца «Бельгія» Ганны Севярынец. Абедзве кнігі выйдуць пад адной вокладкай. Дыхтоўны том ужо можна папярэдне замовіць са зніжкай.
У новым выданні раманы яшчэ раз адрэдагаваныя, вёрстка ўзбагацілася фотаздымкамі горада і дзейных асобаў.
«Гасцініца «Бельгія» — гістарычны раман, прысвечаны аднаму з самых цікавых перыядаў у гісторыі сучаснай Беларусі, 1920-м гадам. Героі — маладыя паэты, якія будуюць асабістае жыццё і жыццё рэспублікі па канонах новага мастацтва. Кніга створана на падставе архіўных матэрыялаў і мемуарных крыніц.
Аповесць «Дзень Святога Патрыка» ўпершыню пабачыла свет у выдавецтве «Рэгістр» у 2017 годзе. Твор прысвечаны праблеме беларускай мовы і літаратуры.
Пры папярэдняй замове і папярэдняй аплаце кошт новага выдання да 7.11.2025 складае 75 злотых (пазней будзе ад 90 злотых). Для замовы і атрымання рэквізітаў на аплату выдаўцы просяць скантактоўвацца: ТГ @veryvala, czabor. kniharnia@gmail. com, +48 577 555 380.