Стужка расказвае пра спробы нелегальных мігрантаў прарвацца з Беларусі ў Польшчу і адмоўнае стаўленне да іх з боку Памежнай службы.
У польскі кінапракат выйшаў фільм «Зялёная мяжа» польскай сусветнавядомай рэжысёркі Агнешкі Холанд.
Улады краіны вельмі рэзка крытыкуюць стужку і абвінавачваюць рэжысёрку ў тым, што яна ставіць пад сумнеў годнасць польскіх функцыянераў. Атмасферу падаграе выбарчая парламенцкая кампанія.
«Зялёная мяжа» расказвае пра трагічную гісторыю тысяч мігрантаў, якія за любую цану спрабуюць трапіць у Еўропу нелегальным шляхам. Гэты гісторыі знясіленых жанчын і дзяцей, таксама мужчын, якія на мяжы сустракаюцца з варожым і нечалавечым стаўленнем з боку польскіх функцыянераў, а з іншага боку з валанцёрамі, якія прыкладаюць усе намаганні, каб выратаваць гэтых людзей ад смерці і прымусовага вяртання ў Беларусь.
Ацэнка зместу фільму і яго аўтаркі выклікае мноства крайніх эмоцый. Вобраз польскіх функцыянераў – памежнікаў і паліцыі – выклікаў хвалю крытыкі. У фільме гэта людзі, якія не праяўляюць чалавечнасці да мігрантаў на мяжы жыцця і смерці, і сілаю выпіхваюць людзей на беларускі бок.
Сама Агнешка Холанд кажа, што ўсе факты ў фільме, хоць ён і мастацкі, сапраўдныя. Паводле яе, кожны апісаны ў фільме выпадак задакументаваны, а за найбольш жорсткімі сцэнамі стаяць прынамсі дзве крыніцы.
Рэжысёрка так расказвала пра змест «Зялёнай мяжы» ў эфіры Polsat News:
-Я расказваю пра тое, што здарылася, і што адбываецца на мяжы. Гэта фільм пра цудоўных актывістаў, хоць, вядома, яны не анёлы. Яны паводзяць сябе так, як усе гэта бачылі на ўкраінскай мяжы, як самарытане. Памежнікі ў нашым фільме – найбольш трагічныя постаці. Гэта таксама нармальныя людзі, якія хочуць рэалізавацца, жыць, у іх ёсць сем’і, дзеці, амбіцыі, яны маюць пачуццё, што выконваюць місію. І раптам яны сутыкаюцца з загадамі, якіх яны не спадзяваліся, з якімі яны не могуць справіцца.
Прэс-сакратар Памежнай службы лейтэнант Ганна Міхальская заявіла, што фільм «Зялёная мяжа» Агнешкі Холанд скажае сапраўдны вобраз службы на польска-беларускай мяжы. У інтэрв’ю TVP Info Ганна Міхальска падкрэсліла, што наратыў фільму вельмі шкодны для сітуацыі, у якой апынуліся функцыянеры. Яна дадала, што стваральнікі фільма не звярталіся да памежнікаў:
-Не было прадпрынята ніводнай спробы кансультацыі з намі гэтых падзей. Я са здзіўленнем прачытала, што аўтары кажуць, што гэта фільм з перспектывы Памежнай службы. Там няма ніякай перспектывы Памежнай службы і няма нічога супольнага з сапраўднымі падзеямі.
Прадстаўнікі Памежнай службы запэўніваюць, што яе супрацоўнікі дапамагаюць мігрантам. У знак салідарнасці з польскімі памежнікамі і жаўнерамі на мінулым тыдні ў Мельніку на Падляшшы быў створаны «Ланцуг падтрымкі». У акцыі прынялі ўдзел, між іншым, жыхары Падляшша, а таксама прадстаўнікі ўлады. Кіраўніцтва Польшчы называе фільм «Зялёная мяжа» ганьбай, крокам да дэмантажу плоту на польска-беларускай мяжы, спробай дыскрэдытаваць Польшчу на міжнародным узроўні.
-Гэты фільм робіць з нас, палякаў, прымітыўную банду людзей, якія не заслугоўваюць павагі. Спадарыня Холанд хоча гэтым фільмам адначасова паказаць, што мы расісты, што мы не прынялі іх пад свой дах толькі таму, што іх культура не падобная да нашай. Не. Мы разумеем геапалітыку. Палякі разумеюць, вагу вайны ва Украіне, – гаворыць прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі.
Дэпутат ад «Грамадзянскай платформы» Ежы Бароўчак абвінавачвае польскія ўлады ва ўтойванні сапраўднай сітуацыі на польска-беларускай мяжы. Госць Першай праграмы Польскага радыё сказаў, што Памежная служба нядобразычліва ставіцца да ўцекачоў і абыходзіцца з імі, як ён выказаўся, «паводле загаду»:
-Дзяржава пэўныя рэчы ўтойвае, таму ўвяла дэмілітарызаваную зону. Туды нельга было паехаць, трэба было мець адмысловыя пропускі, нельга было быць на мяжы і інфармаваць пра тое, што там адбывалася. Пры чым я не пагаджаюся з тымі, хто кажа, што памежнікі забівалі там мігрантаў. Я кажу, што Памежная служба напэўна не была спрыяльная для ўцекачоў і ставілася да іх паводле загаду. Загад гэта загад. Я не абвінавачваю функцыянераў Памежнай службы ці жаўнераў. Хоць, пэўна, там маглі быць людзі, якія рабілі нешта па-за правам. Але ў мяне прэтэнзіі да камандуючых і ўраду, якія сачылі за сітуацыяй, а хутчэй не сачылі.
На пытанне, што трэба было рабіць, Ежы Бароўчак кажа, што трэба было прыняць гэтых людзей, а калі б аказалася, што гэта не ваенныя, а эканамічныя ўцекачы, дэпартаваць іх у краіну паходжання.
Не без значэння застаецца і факт, што ў Польшчы ідзе парламенцкая выбарчая кампанія і кампанія перад рэферэндумам, адно з пытанняў якога тычыцца нелегальнай міграцыі і агароджы на польска-беларускай мяжы. Паводле кіроўнай партыі фільм Агнешкі Холанд упісваецца ў палітычную кампанію апазіцыі. Адказваючы на гэтыя закіды рэжысёрка гаворыць, што яна кіравалася не выбарчым календаром, а датамі міжнародных фестываляў, без якіх фільму цяжка атрымаць міжнародную агалоску.
На пачатку верасня «Зялёная мяжа» атрымала Спецыяльную ўзнагароду журы на 80-м Венецыянскім кінафестывалі.
ав