- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Свабода размаўляе з філёзафам і сацыяльным аналітыкам Паўлам Баркоўскім, арганізатарам фэстывалю інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» — імпрэзы, якая на працягу чэрвеня праходзіла ў чатырох гарадах па-за Беларусьсю.
— Павал, як вы прыйшлі да думкі, што трэба правесьці «Прадмову» ў чатырох розных гарадах за межамі Беларусі? І чаму выбралі гэтыя гарады: Тбілісі (4–5 чэрвеня), Кракаў (12 чэрвеня), Варшаву (18–19 чэрвеня) і Вільню (25–26 чэрвеня)?
— Ідэя зрабіць фэстываль па-за межамі Беларусі нарадзілася хутчэй як рэакцыя на абставіны, чым як сьвядомы крок, які мы рабілі для пашырэньня нашай аўдыторыі ці кантэксту. Хоць у нас і былі пляны калі-небудзь выйсьці на міжнародны ўзровень, але тут атрымалася так, што дапамаглі вось гэтыя акалічнасьці. На жаль, сёньня ў Беларусі мы не маглі гарантаваць ні нашым удзельнікам, ні прадстаўнікам каманды неабходны ўзровень бясьпекі, каб яны маглі вольна пачуваць сябе на такім фэстывалі. У гэтай сытуацыі мы былі змушаныя пераехаць, так сказаць, у гарады беларускай эміграцыі — там, дзе жыве таксама вельмі шмат беларусаў.
Для нас таксама было выклікам — ці рабіць фэстываль падчас вайны? Мы ўсё ж вырашылі праводзіць яго, нягледзячы на ўсе трагічныя абставіны, таму што, як мы прыйшлі да высновы, падтрымка беларускага грамадзтва і беларускай культуры павінна быць цяпер як мага большая, улічваючы ўсе тыя драматычныя абставіны, якія мы маем сёньня ў Беларусі.
Таму мы вырашылі зрабіць фэстываль у тых гарадах і краінах, дзе найбольшая беларуская дыяспара: у Грузіі, Літве, Польшчы і Ўкраіне. З Украінай атрымалася вядомая ўсім сытуацыя, і мы былі вымушаныя перанесьці адну пляцоўку з Кіева ў Кракаў — горад найбольш блізкі да Ўкраіны, у якім ёсьць моцная беларуская дыяспара, і таксама ўкраінская.
— Як вы ацэньваеце такі новы, вымушаны фармат «Прадмовы» — ён апраўдаў вашы спадзяваньні?
— Хутчэй апраўдаў. Бо былі і больш асьцярожныя чаканьні. Мы ніколі не спрабавалі гэты фармат — чатыры гарады на адлегласьці больш як дзьве тысячы кілямэтраў паміж імі. Было вельмі цяжка гэта зрабіць і лягістычна, і арганізацыйна, і фінансава, натуральна. Але я мяркую, што нам усё ж такі гэта ўдалося. І гэта для нас дае нейкую такую аснову, куды разьвівацца далей, бо відавочна, што з такім міжнародным фарматам куды больш абавязкаў перад арганізатарамі фэстывалю.
Нам было прыемна, што сёлета мы змаглі вельмі плённа далучыць прадстаўнікоў культур, якія мяжуюць зь Беларусьсю, літоўцаў, палякаў, рускіх, і яшчэ грузінаў. На жаль, не ўдалося далучыць украінцаў праз пэўныя канфлікты, але для нас вельмі важна будаваць міжкультурны дыялёг паміж беларусамі і навакольнымі краінамі, бо насамрэч сытуацыя паказвае, што мы вельмі мала і вельмі кепска ведаем адзін аднаго.
— Паколькі вы самі згадалі ўкраінцаў, дык я не магу не запытацца ў вас пра той арганізацыйны інцыдэнт з запрашэньнем на «Прадмову» ўдзельнікаў з Украіны і Расеі. Украінцы адмовіліся, бо не хацелі выступаць разам з расейцамі на адным мерапрыемстве. Як вы лічыце — вы зрабілі памылку, запрашаючы адных і другіх? Ці, можа, памылку зрабілі запрошаныя госьці, адмаўляючыся ад удзелу?
— Ведаеце, я б не разглядаў гэта ў катэгорыях памылкі. Гэта хутчэй катэгорыя экзыстэнцыяльных рашэньняў. Калі мы адбіралі ўдзельнікаў для фэстывалю, мы зыходзілі толькі з аднаго моцнага меркаваньня: гэта павінны быць людзі, інтэлектуальна цікавыя ў цяперашнім кантэксьце для беларускай аўдыторыі, і тыя людзі, якія відавочна вызнаюць антымілітарысцкія каштоўнасьці і сьветапогляд. Таму, калі мы адбіралі ўдзельнікаў, мы ня бачылі праблем у тым, што гэта людзі розных нацыянальнасьцяў.
З боку некаторых украінскіх удзельнікаў гучалі галасы, што мы іх уцягваем у нейкі прымусовы дыялёг з рускімі, які для іх сёньня выглядае немагчымым нават з тымі, хто падтрымлівае Ўкраіну. Але мы не стваралі для іх нейкіх пляцовак такога дыялёгу, удзельнікі былі нават разьнесеныя па розных гарадах, розных краінах. Я лічу, што гэтыя закіды трохі нацягнутыя ў сапраўднасьці. Усё ж такі мы лічым, што для беларусаў важна трымаць уласны парадак дня, то бок беларусы павінны цікавіцца тым, што цікава ім. І я ня бачу неабходнасьці выключаць нейкія іншыя культуры толькі праз факт трагічных абставін побач.
Войны і рэвалюцыі праходзяць, культуры застаюцца. У гэтым сэнсе мы сьвядома пайшлі на тое, каб працягваць дыялёг з прадстаўнікамі розных культур, нават рускай культуры, у тых формах, дзе яна найбольш прагрэсіўная, найменш імпэрыялісцкая, найменш каляніялісцкая. Нам уяўляецца, што гэта важна. На вялікі жаль, мы страцілі праз гэта ўдзельнікаў з Украіны, але гэта была пазыцыя саміх удзельнікаў. Каманда фэстывалю нікога не выкідала з праграмы.
— Каб падсумаваць гэты інцыдэнт, я прыгадаю сваю нядаўнюю размову для Свабоды з украінскім паэтам і перакладчыкам Вячаславам Лявіцкім, які адмовіўся ад запрашэньня на «Прадмову». Ён сказаў, сярод іншага, што беларусам ня варта выступаць пасярэднікамі ў дыялёгу паміж расейцамі і ўкраінцамі ды арганізоўваць нейкія пляцоўкі для яго. Разрыў паміж Украінай і Расеяй у культурных кантактах, паводле Лявіцкага, застанецца на дзесяцігодзьдзі. А як лічыце вы — як павінны паводзіць сябе беларусы ў сытуацыі расейска-ўкраінскага збройнага канфлікту? Спрабаваць усё ж наладжваць, так сказаць, трохбаковы дыялёг дзеля будучыні, ці не?
— Гэта балючая тэма, пакуль ідзе вайна. Я паўтаруся, што мы не рабілі захадаў на прамы дыялёг украінскіх і расейскіх удзельнікаў. Тым ня менш мы хацелі, каб галасы і ўкраінцаў, і расіянаў былі агучаныя і пачутыя беларускай публікай, каб яна магла рабіць свае высновы і штосьці ў гэтай сытуацыі думаць наперад. Я паважаю Вячаслава Лявіцкага як таленавітага перакладчыка зь беларускай на ўкраінскую, як укладальніка анталёгіі «Бум-Бам-Літу», якую ён хацеў прэзэнтаваць, але тым ня менш я лічу, што яго пазыцыя цяпер крыху занадта эмацыйная і не грунтуецца на нейкім вялікім рацыянальным разьліку.
Дыялёг паміж расейскай, украінскай і беларускай культурамі — ён непазьбежны. Немагчыма жыць побач, фактычна ў адной прасторы, і не камунікаваць паміж сабой. Гэта можа прыводзіць толькі да працягу палітыкі нянавісьці і гвалту. Рана ці позна — на мой погляд, чым раней, тым лепш — гэтыя захады дзеля дыялёгу трэба пачынаць. Натуральна, пасьля таго, як ваенная агрэсія, забойствы і гвалт у дачыненьні да Ўкраіны закончацца на ўсіх узроўнях.
— Украінцы на «Прадмове» ня выступілі. А расейцы?