Франак Вячорка: У справе прызнання акупацыі ёсць некалькі аспектаў
2022-03-28 12:08
Прызнанне Беларусі часова акупаванай тэрыторыяй дапаможа адстаяць аўтарытэт краіны на міжнародным узроўні. Таму беларускія дэмакратычныя лідары дамагаюцца не толькі палітычнага, але і юрыдычнага прызнання рэспублікі часова акупаванай.
Гэта вельмі важна ў сітуацыі, калі дыктатар Лукашэнка зрабіў яе суагрэсарам Расеі, кажа дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка:
– Безумоўна мы працуем ад самага пачатку, але ў справе прызнання акупацыі ёсць некалькі аспектаў. Ёсць аспект палітычны, ёсць аспект юрыдычны. Палітычны – мы ўжо зрабілі гэту заяву. Зянон Пазьняк, Павел Латушка, усе разумеюць, што поўдзень Беларусі кантралюецца расейскімі войскамі. Усе разумеюць, што сам Лукашэнка не мае самастойнасці ў прыняцці рашэнняў. Але на юрыдычным узроўні, паколькі Лукашэнка нібыта сам запрасіў расейскія войскі на тэрыторыю Беларусі, яно не можа быць прызнанае акупацыяй.
Паводле дарадцы Франака Вячорка і старэйшага супрацоўніка офіса Ціханоўскай Дзяніса Кучынскага, трэба ўсім беларусам па магчымасці данесці гэтую інфармацыю.
Беларускае Радыё Рацыя