«Галоўнае, што я высьветліла: людзі цудоўныя». Палітоляг Валерыя Касьцюгова больш як 5 месяцаў за кратамі
2021-12-08 12:15
Палітоляга і кансультантку Валерыю Касьцюгову ўжо больш за пяць месяцаў утрымліваюць у менскім СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага. Прашэньня аб памілаваньні яна не пісала.
53-гадовую Валерыю Касьцюгову затрымалі 30 чэрвеня 2021 году. На яе завялі крымінальную справу па першай частцы 357-га артыкула («Змова або іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады»), 6-й частцы 16-га артыкула («Саўдзел у злачынстве») і 3-й частцы 361-га артыкула («Заклікі да дзеяньняў, накіраваных на шкоду зьнешняй бясьпецы Беларусі, яе сувэрэнітэту, тэрытарыяльнай недатыкальнасьці, нацыянальнай бясьпецы і абараназдольнасьці»).
Дэталі справы не разгалошваюцца, адвакат пад падпіскай аб невыдаваньні
«Адзінае, што я магу даведацца, гэта пра дату суду, — кажа дачка палітзьняволенай Настасься Касьцюгова. — Але пакуль пра суд гаворкі няма».
Паводле дачкі, настрой у маці бадзёры, умовы ў СІЗА цярпімыя, перадачы для яе прымаюць.
«Просіць перадаць розную ежу, часам нешта для догляду, накшталт крэмаў, просіць духмяніць лісты. Сукамэрніцы тыя ж у асноўным, сярод іх гендырэктар Tut.by Людміла Чэкіна», — кажа Настасься.
Сваякі, муж і бацька, даўно спадзяюцца на сустрэчу з Валерыяй Касьцюговай, аднак пакуль сустрэчы не дазваляюць.
«Ну, і нават калі б дазвалялі, мне гэта ўсё роўна ня сьвеціць, — кажа Настасься, якая працуе ў офісе Сьвятланы Ціханоўскай. — Хіба што калі я прыеду ў Беларусь і мы выпадкова сустрэнемся ў турме».
Як Настасься ставіцца да справы, заведзенай на маці?
«Я ня думаю, што тут можа быць нейкі асаблівы камэнтар. Зараз вось так сядзяць тысячы людзей, якія ў турме, каб закрыць нечыя справаздачы па лоўлі так званых „здраднікаў“», — кажа суразмоўца.
Аналітычныя праекты, якія раней вяла Валерыя Касьцюгова, цяпер працягваюць яе калегі.
«Самае галоўнае, што я высьветліла за гэты час: людзі цудоўныя. Яны такія цудоўныя, што проста немагчыма гэта ўсьвядоміць», — напісала Валерыя Касьцюгова ў адным зь лістоў з-за кратаў.
Хто такая Валерыя Касьцюгова
Валерыя Касьцюгова — заснавальніца і шматгадовая рэдактарка сайта экспэртнай супольнасьці «Наше мнение». Таксама яна рэдактарка і ўкладальніца выданьня «Белорусский ежегодник», кіруе экспэртнай групай маніторынгу «Беларусь в фокусе».
«Наше мнение» — інтэрнэт-праект, які зьбірае аналітычныя думкі беларускіх і замежных экспэртаў і навукоўцаў. Там друкаваліся амаль усе вядомыя беларускія аналітыкі і палітолягі. Першы выпуск апублікаваны ў 2003 годзе.
Вядомы ў экспэртным асяродзьдзі «Белорусский ежегодник» быў аналітычным зрэзам таго, што адбывалася ў Беларусі. Паводле сайта nmnby.eu, у сфэры інтарэсаў Валерыі Касьцюговай былі беларуска-расейскія дачыненьні, беларускія партыі і палітычныя арганізацыі.
Раней Валерыя Касьцюгова працавала журналісткай у «Белорусской деловой газете».
Экспэрты, зь якімі пагутарыла Свабода, адзначаюць, што пазыцыі Валерыі Касьцюговай былі па-навуковаму стрыманыя і збалянсаваныя, «яна не дазваляла сабе нейкіх публіцыстычных выразаў у бок рэжыму».