Галоўны рэдактар «Новага часу» Аксана Колб асуджана на 2,5 гады «хіміі»
2022-06-15 14:57
Галоўны рэдактар "Новага часу" Аксана Колб асуджана на 2,5 гады "хіміі" з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (менавіта такі тэрмін і патрабаваў пракурор).
Яе прызналі вінаватай у "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак або актыўным удзеле у іх". Колб паставілі ў віну ўдзел у масавым вулічным шэсці ў Мінску 16 жніўня 2020-га.
Працэс праходзіў у судзе Цэнтральнага раёна Мінска (суддзя — Дзмітрый Карсюк). Ад апошняга слова Аксана Колб адмовілася.
Колб затрымалі раніцай 20 красавіка 2022-га. Сілавікі прыйшлі да яе ў кватэру з... кувалдамі і шчытамі. Неўзабаве было выстаўлена абвінавачванне, і Аксану Колб перавялі з Акрэсціна ў СІЗА № 1 на Валадарскага. Праваабаронцы прызналі яе палітзняволенай.
Колб вызвалілі ў зале суда да накіравання адбыцця тэрміна.
Газета
"Новы Час" перастала выходзіць у жніўні 2021 года. Яе сайт
novychas.by быў заблакаваны ў нашай краіне ў кастрычніку мінулага года. Пасля гэтага з'явіўся сайт
novychas.online.
Аксана Колб узначаліла выданне ў 2015-м. Яна прынцыпова вырашыла застацца ў Беларусі ў перыяд рэпрэсій.