Гамельчука Юрыя Германовіча аштрафавалі
2020-08-12 20:12
Двума базавымі велічынямі пакаралі сына вядомых гомельскіх журналістаў Паўла Міцкевіча і Алены Германовіч.
Суддзя цэнтральнага раённага суда Алеся Осіпава палічыла 18-гадовага Юрыя вінаватым у дробным хуліганстве, але вынесла нечакана мяккі вырак.
Юрый Германовіч падкрэслівае, што ніякага правапарушэння не здзяйсняў:
– Я нічога іншага не спадзяваўся ад нашых супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Тое, што зараз творыцца ў краіне – гэта ўсё лічыцца нармальным. Правы чалавека ў нашай краіне не паважаюць, іх нібыта ўвогуле няма, таму няма чаго здзіўляцца.
На судзе прысутнічаў праваабаронца Віктар Адзіночанка, які адзначыў, што справа мае сфальсіфікаваны характар: – Cуддзя зрабіла тое, што магла. Безумоўна, што калі б гэтая справа была спынена, то гэта б значыла, што дзеянні супрацоўнікаў АМАП незаконныя. Яна зрабіла тое, што магчыма было зрабіць у гэтай сітуацыі.
18-гадовага Юрыя затрымалі байцы АМАП у цывільным на плошчы Працы 3 ліпеня падчас святкавання афіцыйнага Дня Незалежнасці. Юнак разам з сябрам ішоў на гарадскі пляж, але быў абвінавачаны ў „навязлівым чаплянні да мінакоў і размахванні рукамі”. Падчас затрымання невядомыя ў цывільным намякалі юнаку пра працу бацькоў.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель