Гародня: Вуніяцкая царва падчас пандэміі
2020-05-16 17:49
Гарадзенская грэка-каталіцкая (вуніяцкая) царква падчас пандэміі каронавірусу не зачынілася, але колькасць людзей, якія ходзяць на службы, паменшылася.
Пра тое, што адбываецца ў царкве, распавядае айцец Андрэй Крот:
– Мы не адмянілі цалкам набажэнстваў, але скарацілі іх колькасць. У будзёныя дні звычайна мы не служым. Толькі калі ёсць вялікія святы. У недзелю служба як звычайна адбываецца. На ёй, канешне, нашмат менш вернікаў, чым было ў часы да эпідэміі. Мы таксама вядзем анлайн-трансляцыю для тых вернікаў, якія знаходзяцца ў самаізаляцыі, таму што ў нас даволі шмат нашых вернікаў, якія не прыходзяць зараз з-за гэтай хваробы на службы, і мы ведаем, што яны карыстаюцца інтэрнэтам, яны могуць глядзець гэтыя службы анлайн.
Айцец Андрэй Крот таксама паведамляе, што для тых, хто прыйдзе ў царкву, створаны ўмовы сацыяльнай бяспекі.
– Мы стараемся прытрымлівацца дыстанцыі, толькі што ў нас, напрыклад, з тых вернікаў, якія прыходзяць, шмат родныя, з адной сям’і, і адпаведна яны могуць сядзець побач. У нас ёсць дэзінфекцыя рук, стаіць антысэптык. У нас ёсць таксама гумовыя пальчаткі, якія могуць вернікі ўзяць, карыстацца імі, ці падчас службы, ці проста ўвогуле, бо гэта ахвяравалі адныя нашыя парафіяне, і гэта ахвяра, якую мы перадаём нашым вернікам. Таксама падчас прычасця кожны раз, пасля кожнага верніка, лыжачку я дэзінфікую ў спірце.
Па словах святара нават на вялікія святы колькасць верніаў у царкве была невялікай, і большасць вернікаў глядзела службу анлайн.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргей Апановіч