- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Было каля поўначы, і прэм'ер-міністр сядзеў адзін у сваім кабінеце, чытаючы доўгі мемарандум, сэнс якога праходзіў паблізу яго, не пакідаючы ў галаве ні следу ад таго, што ён чытаў. Прэм’ер-міністр чакаў званка ад прэзідэнта адной далёкай краіны, і паміж жаданнем ведаць, калі патэлефануе гэты гнюсны чалавек, і спробамі падушыць прыкрыя ўспаміны аб тым, што адбылося за гэты неверагодна доўгі, стомны і цяжкі тыдзень, у яго галаве было не занадта шмат месца дзеля чаго-небудзь яшчэ. Чым больш ён спрабаваў засяродзіцца на тым, што было надрукавана ў лісце, што ляжаў перад ім, тым больш ясна першы міністр бачыў зларадны твар аднаго з яго палітычных сапернікаў. Гэты асаблівы сапернік з'явіўся ў навінах у той самы дзень, не толькі дзеля таго, каб пералічыць усе жудасныя рэчы, якія здарыліся на мінулым тыдні (як быццам хтосьці патрабаваў напаміну), але таксама дзеля таго, каб растлумачыць, што ўсё гэта было памылкамі ўрада.